Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 18 сакавіка 2008 году


Тэма, якая часта гучыць у перадачах “Свабоды” на працягу апошніх двух месяцаў — гвалтоўны прызыў напрыканцы студзеня ў войска трох моладзевых актывістаў — Франка Вячоркі, Зьмітра Хведарука і Івана Шылы. Апазыцыянэры былі накіраваныя ў салдацкія казармы, нягледзячы на тое, што раней мелі законныя падставы для адтэрміноўкі і нават для вызваленьня ад абавязковай службы.

Пра апазыцыю і службу ў беларускім войску разважаюць у сваіх лістах слухачы “Свабоды”. Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога допісу. Ягоны аўтар — наш даўні сябар Мікалай Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну — зьвяртае ўвагу на выказваньні тых нашых слухачоў, якія лічаць, што служба прынясе апазыцыянэрам добры досьвед. Спадар Бусел піша:

“Я сам быў у савецкім войску і ня бачу для сябе з таго ніякай карысьці. Вядома, кожны патрыёт, здольны да службы дзеля аховы і абароны Айчыны, павінен, калі трэба, стаць у шыхты. Гэта такі ж грамадзянскі абавязак, як і іншыя. Але ў гэтым выпадку мы бачым цэлы комплекс недарэчнасьцяў і незаконнасьці.

Існуе законная працэдура прызыву, якая павінна ўлічваць юрыдычныя, мэдычныя, сямейныя ды іншыя акалічнасьці, датычныя асобы юнака. А мы што бачым? На вушы пастаўлены КДБ. Маладога Івана Шылу подла пазбаўляюць права атрымаць законную сярэднюю адукацыю, шпарка арганізуюць камісію і — як там у Швэйка — “tauglich!” — “годен!” Мае калегі-настаўнікі аднадушна назвалі сьвінствам тое, што зрабілі з хлопцам у cалігорскай школе.

Далей: у рамках той жа кампаніі-заказу “кожнай казарме — па апазыцыянэру!” з малодшага Вячоркі робяць дурня-двоечніка з прыцэлам на казарму. Тое, што ў хлопца нелады са зрокам, органам мала ў модзе. Але: каму патрэбна войска крывых, сьлепавокіх і недавучак? Нікому. Калі не лічыць, што войска ў Беларусі ператвараецца ў тое, чым яно было ў мікалаеўскай Расеі для Дастаеўскага, Шаўчэнкі, соцень іншых нядобранадзейных грамадзянаў.

Яшчэ аднаго маладога чалавека цягаюць па каталажках цывільных, каб потым кінуць у каталажку вайсковую.

Я ня бачу, чаму радавацца нашым мілітарыстам. Не сумняюся ў патрыятызьме хлопцаў. Але няўжо рэжым разьлічвае, што яны стануць ляяльнымі ці ляяльнейшымі да яго? Чаму маладыя людзі, здольныя да вучобы, мусяць перапыняць яе? Мо на тое і разьлічана, каб папсаваць ім засваеньне навук?

Пасьля службы ў савецкай арміі я стаў апантаным ненавісьнікам войска. Мне сустракаліся салдаты, дэвіз якіх быў: “Ні дня бяз шкоды савецкай арміі!” Беларусі трэба надзейнае патрыятычнае войска, а не адстойнік для канторы ўпоравень з помнікам Фэліксу Дзяржынскаму.

Няўклюдная абуховая апэрацыя па захопе апазыцыянэраў у войска выклікае толькі агіду. У мілітарыстаў няма важкіх падстаў для радасьці — хіба толькі для пад’юджваньня”.


Наўрад ці, спадар Бусел, улады разьлічваюць з дапамогай вайсковай казармы перавыхаваць такіх асобаў, як Франак Вячорка ці Зьміцер Хведарук, прышчапіць ім адданасьць рэжыму. Хутчэй самі гэтыя моладзевыя актывісты перацягнуць на ўласны бок сваіх новых калегаў — маладых салдатаў. Невыпадкова вайсковыя камандзіры, на перавыхаваньне да якіх накіроўваюць маладых апазыцыянэраў, успрымаюць такое папаўненьне без усялякага энтузіязму. Бо разумеюць: вынікам стане непазьбежная падвышаная ўвага да іх з боку і грамадзтва, і непасрэднага начальства.

Мэта гэтага “палітычнага” прызыву, відавочна, іншая — запалохаць апазыцыйна настроеную актыўную моладзь, паказаць на канкрэтных прыкладах: “Будзеш падтрымліваць апазыцыю і пратэставаць на вуліцы — выключым з унівэрсытэту і загонім у казарму!”

Пра хакейныя захапленьні ўлады і рэальныя эканамічныя праблемы насельніцтва разважае ў сваім лісьце на “Свабоду” Кузьма Любаўскі з Гомеля. Слухач піша:

“Думаю, большасьць беларусаў мала цікавіць, дзе будзе праходзіць хакейны чэмпіянат і ці ўдасца Беларусі завабіць яго да сябе. Больш цікава, якія захады робяцца ўладай, каб перажыць крызіс. Дагэтуль па тэлебачаньні была агучана толькі адна мера. Яна ў тым, што абяздоленым і бескватэрным беларусам будуць і надалей уцюхваць іпатэчны крэдыт на самых кабальных і зьневажальных умовах — амаль у 10 разоў даражэй за сабекошт, плюс — банкаўскі працэнт.

Гэты захад, як вы разумееце, не зьяўляецца заслугай беларускай эканамічнай думкі, ён цалкам пазычаны ў іншых. І пры гэтым ён вельмі прымітыўны.

Гэтага захаду вельмі мала, каб сьвяткаваць перамогу ці званіць ва ўсе званы аб беларускім эканамічным цудзе”
.

Заўважу, спадар Любаўскі, што размовы пра беларускі цуд і пра нібыта вынайдзеную ў Беларусі новую эфэктыўную мадэль эканамічнага разьвіцьця апошнім часам спакваля сьціхлі. Дасягненьнямі ўжо ня хваляцца нават самыя апантаныя прапагандысты беларускай улады: хваліцца проста няма чым.

Наступны ліст — з Полацку, ад слухача, які падпісаўся як Віктар Няўлоўны. Разважаючы пра палітычны дыялёг, што пачаўся паміж Брусэлем і Менскам, спадар Віктар піша:

“Адначасова з дыялёгам з Захадам Лукашэнка пачаў новую хвалю ціску на апазыцыю. Эўропа так ці інакш заплюшчвае вочы на гэтыя рэпрэсіі. Лукашэнку прызналі... Мне здаецца, што сёлетні Дзень Волі ў сьвятле апошніх падзей мірна ня пройдзе. Разгону можа і ня быць, а вось бойка, верагодна, здарыцца. І затрыманьні магчымыя.

Наша апазыцыя ня вельмі можа паўплываць на дыялёг, але пашкодзіць яму здольная.

Крызіс значна прыцісьне нашу апазыцыю, вымусіўшы яе пакінуць грантавае падпольле, дзе яна ўжо 15 год больш-менш добра сябе пачувала. Вось нядаўна правялі ўстаноўчы зьезд Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Я мяркую, што гэтая партыя будзе на маргінэсе палітычнага жыцьця, бо занадта ідэалістычная ў яе праграма. Да хрысьціянскага адраджэньня (якое больш-менш верагоднае) яны дадалі нацыянальнае адраджэньне (якога можа і ня быць ніколі, бо ў нашых людзей за 200 гадоў ужо сфармавалася расейская мэнтальнасьць).

Заўсёды зьдзіўляюся, калі чытаю ў сеціве артыкулы Зянона Пазьняка. Уражвае яго апантаная нелюбоў (калі не сказаць нянавісьць) да Расеі. Большасьць нашага насельніцтва за такімі дзеячамі ніколі ня пойдзе. Нашым адраджэнцам “ліцьвінскай” культуры трэба зразумець, што, кажучы словамі Пушкіна, “тут рускі дух, тут Русьсю пахне”. І што на гэтым адраджэньні можна надарвацца. Лепей проста захоўваць родную мову і культуру да лепшых часоў (якія, праўда, могуць і не надысьці ніколі)
.

Не пагаджуся, спадар Віктар, з вашым сьцьвярджэньнем, што Эўразьвяз заплюшчваў ці заплюшчвае вочы на рэпрэсіі ўладнага рэжыму супраць грамадзкіх актывістаў. Іншая рэч, што тактыка жорсткай канфрантацыі за дзесяцігодзьдзе не прынесла заўважнага плёну. Ці не таму цяпер Эўропа і апрабоўвае іншую стратэгію? І беларуская апазыцыя ставіць перад сабой за мэту зусім ня тое, каб перашкодзіць дыялёгу паміж Менскам і Брусэлем. Яна толькі зьвяртае ўвагу, што гэты дыялёг не павінен адбывацца любой цаной і што ўмовы яго не павінен дыктаваць выключна Аляксандар Лукашэнка. Некаторыя апошнія падзеі (у прыватнасьці, перанос візыту ў Менск эўракамісара ў пытаньнях зьнешніх сувязяў і палітыкі добрасуседзтва Бэніты Фэрэра-Вальднэр) сьведчаць пра тое, што ўзаемнае збліжэньне Беларусі з Захадам — пытаньне далёка ня вырашанае...

А на заканчэньне — ліст-водгук нашага даўняга сябра Міхаіла Басевіча зь Пінску, развагі пра тое, якое месца займае Радыё Свабода ў ягоным жыцьці. Слухач піша:

“Я — чалавек сталага веку: 8 ліпеня мне споўніцца 70 гадоў. Зь мінулага лістапада цяжка хварэю. Увесь студзень правёў у НДІ анкалёгіі ў Бараўлянах пад Менскам, перанёс апэрацыю. Цяпер вось праходжу курс хіміятэрапіі ў Пінскім анкадыспансэры. Вядома, што з такім дыягназам стан здароўя нездавальняючы.

Але як бы ні склаўся лёс, колькі жыцьця мне ні наканавана, дзе б я ні быў, я застаюся вашым шчырым прыхільнікам і аднадумцам. Як і раней, засынаю і прачынаюся разам са “Свабодай”. Нават у самы складаны час у Бараўлянах радыёпрыймач быў са мной. Шкада толькі, што якасьць трансьляцыі ня вельмі высокая. Праўда, апошні час у Пінску чутнасьць стала лепшай. А ў Бараўлянах пару разоў удалося злавіць “Свабоду” нават на сярэдніх хвалях.

Нядаўна давялося паглядзець некалькі перадач новага спадарожнікавага каналу — “Белсат”. Мушу сказаць, што ён мяне расчараваў. Неяк нават крыху крыўдна. Няма ніякага параўнаньня са “Свабодай”, якую, як і раней, лічу адной зь лепшых інфармацыйных крыніц пра падзеі ў Беларусі”.

Шчыра дзякуем, спадар Міхаіл, за такія сардэчныя словы. Дай вам Бог сілы адужаць усе складаныя выпрабаваньні, наканаваныя лёсам, паправіцца і радавацца жыцьцю.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG