Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Беларусі людзі самі адмываюць грошы


У Беларусі штогод павялічваецца колькасьць фактаў адмываньня грошай, атрыманых незаконным шляхам.


Пра гэта падчас прэсавай канфэрэнцыі заявіў начальнік упраўленьня па расьсьледаваньні злачынстваў дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю Беларусі Дзьмітрый Адамовіч.

Ён паведаміў, што ў 2006 годзе ў Беларусі выяўлена 10 фактаў адмываньня “брудных” грошай, у 2007 годзе — 12 фактаў, у 2008 годзе — 15.

Паводле Дзьмітрыя Адамовіча, у Беларусі легалізацыя брудных грошай мае прыкметы самаадмываньня, то бок людзі самі адмываюць і самі выкарыстоўваюць брудныя грошы. Крыніцай такіх грошай найчасьцей бывае незаконнае прадпрымальніцтва. А сумы фінансавых апэрацый даходзяць да сотняў тысяч даляраў.

Паводле дырэктара фінансавага маніторынгу Камітэту дзяржкантролю Валерыя Ярашэўскага, лібэралізацыя эканомікі ў Беларусі не справакуе росту фактаў адмываньня “брудных” грошай. У 2008 годзе было пачата каля 400 крымінальных спраў аб “сумнеўных фінансавых апэрацыях”.

Згодна зь міжнароднымі экспэртамі, у сярэднім у краінах сьвету “брудныя” грошы складаюць ад 1,5% да 2% валавога ўнутранага прадукту.

Як кажа Валерый Ярашэўскі, экспэрты Эўразійскай групы па процідзеяньні легалізацыі злачынных прыбыткаў і фінансаваньню тэрарызму рэкамэндавалі Беларусі ўзмацніць кантроль за фінансавымі гісторыямі палітыкаў, VIP-пэрсонаў, людзей культуры і мастацтва. Па выніках экспэртнай праверкі, якую праводзілі ў Беларусі прадстаўнікі групы ў мінулым годзе, рэкамэндавана таксама ліквідаваць факты адмываньня злачынных грошай у казыно. Экспэрты прызналі, што ў Беларусі не выконваюцца 4 патрабаваньні ФАТФ (Міжурадавай групы па адпрацоўцы фінансавых захадаў барацьбы з адмываньнем грошай), адно зь якіх — патрабаваньне ліквідаваць у казыно легалізацыю прыбыткаў, атрыманых незаконным шляхам. Прапанавана ўзмацніць праверку кліентаў казыно.


XS
SM
MD
LG