Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чацьвёртая за сто гадоў яма скончыцца ў 2012 г.


Міхал Залескі
Міхал Залескі

Паводле Нацыянальнага банку, на 1 сакавіка 2009 году ўклады насельніцтва ў банках у пераліку на нацыянальную валюту склалі больш за 15 трыльёнаў рублёў. Таксама старшыня Нацбанку Пётар Пракаповіч заявіў, што золатавалютныя рэзэрвы ад пачатку году ўдалося нарасьціць амаль на 500 мільёнаў даляраў. Пра што гавораць гэтыя лічбы? І ці надоўга захаваецца стабільнасьць, пра якую сёньня кажуць у Нацбанку? Пра гэта Алесь Дашчынскі гутарыць з эканамістам Міхасём Залескім.

Дашчынскі: Можа здацца, што агучаныя Нацбанкам трыльёны сьведчаць пра рост дабрабыту насельніцтва. Вакол крызіс, а ў Беларусі, маўляў, наадварот, стабільнасьць.

Залескі: “Гэтыя лічбы кажуць нам адну вельмі цікавую рэч. Калі мы возьмем ды падзелім іх, напрыклад, на 9,5 мільёнаў, то мы атрымаем, колькі будзе на аднаго чалавека. І вось уявіце, што нешта здарылася – людзі ашчаджаюць на ўсялякі выпадак, і вось гэты выпадак пачаўся сёньня. Колькі я магу пражыць на гэтыя грошы? Адзін месяц. А тыя неабачлівыя амэрыканцы, у якіх крызіс, выходзяць на пэнсію і ў кароткіх нагавіцах, на склератычных ножках яшчэ 20 гадоў езьдзяць па ўсім сьвеце”.

Дашчынскі: Некаторыя аглядальнікі кажуць яшчэ пра тое, што давер да беларускага рубля падае, хаця вера ў нацыянальныя банкі яшчэ захоўваецца.

Залескі: “Ёсьць некалькі групаў насельніцтва, якія ашчаджаюць грошы. У першую чаргу багатыя людзі. Трэба ведаць, што 90% дэпазытаў знаходзіцца ў 10% людзей. Астатнія – гэта дзядулькі і бабулькі, якія адкладваюць сабе на пахаваньне. Валютныя накапленьні ў маладзейшых ідуць на кватэру, але гэта не характэрна, бо сярэдні беларус кватэру ў 43 гады атрымлівае. Вось рост гэтых дэпазытаў зьвязаны з тым, што частка людзей, недзе 3% укладчыкаў – здолелі перад новым годам перавесьці свае рублёвыя дэпазыты ў валютныя, карыстаючыся інсайдэйрскай і ўнутранай інфармацыяй са структураў улады, сваім досьведам.
Калі суадносіць кошт золата – а гэта сапраўдны тавар – з ваганьнямі індэксу Доў-Джонса, то ідзе чацьвёртая за сто гадоў яма, якая мусіць скончыцца недзе да сярэдзіны 2012 году.

Я чуў, як бабулькі казалі – як хораша стала пасьля дэвальвацыі. Павысілі адсоткі па ўкладах, і я сёньня атрымала замест 40 тысячаў ажно 60. Дзякуй вялікі нашаму прэзыдэнту. Вось дзеля гэтага растуць яшчэ дэпазыты насельніцтва. Бо ў такія часы антыэканамічнымі зьяўляюцца паводзіны, якія характарызуюцца схільнасьцю да ашчаджэньня. На што я ашчаджаю ва ўмовах інфляцыі і ва ўмовах, калі тавары робяцца больш таннымі?”

Дашчынскі: Таксама на сустрэчы з кіраўніком Беларусі старшыня Нацыянальнага банку Пётар Пракаповіч заявіў, што ў нас усё вельмі добра, што золатавалютныя рэзэрвы ад пачатку года ўдалося нарасьціць амаль на 500 мільёнаў даляраў...

Залескі: “Вельмі добра: мы ж пазычылі гэтыя даляры. Калі суадносіць кошт золата – а гэта сапраўдны тавар – з ваганьнямі індэксу Доў-Джонса, то ідзе чацьвёртая за сто гадоў яма, якая мусіць скончыцца недзе да сярэдзіны 2012 году. Хаця ўсе гэтыя пашкоджаньні, якія бываюць з эканомікай, у многім залежаць не ад гэнага крызісу, а ад паводзінаў урадаў і людзей, ад таго, які сродак будзе знойдзены, каб перажыць гэтыя цяжкія гады. То бок прагназаваць можна тое, што ўсё залежыць ад нас і ад ураду. Ад таго, наколькі ўрад спыніць сваю гістэрыку, спыніць свой роблены аптымізм і зоймецца справай. То бок уратаваньнем тых людзей, якія рэальна пацярпелі ад крызісу і разьвязаньнем рук тым людзям, якія могуць і ў гэтыя часы нешта карыснае зрабіць”.

Дашчынскі: І ўсё ж ці чакаць нейкай дэвальвацыі, бо у Нацбанку кажуць, што ваганьне курса рубля адносна кошыку валют захаваецца цягам году на ўзроўні плюс-мінус 5%.

Залескі: “У кожнай школе, у кожным дзіцячым садку адразу на сьцяне напісана: “Жыву ў Беларусі, тым ганаруся”. Пра гэта нельга забываць ні на хвіліну. Бо дэвальвацыя ў нас праводзіцца толькі і выключна на загад прэзыдэнта Лукашэнкі. І таму прадказваць ягоныя паводзіны – немагчыма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG