Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская фэдэрацыя хакею павезла ў Цюрых “жалезныя аргумэнты”


Сёньня ў Цюрыху дэлегацыя беларускіх спартовых чыноўнікаў паспрабуе пераканаць Міжнародную фэдэрацыю хакею ў тым, што Менск гатовы прыняць чэмпіянат сьвету 2014 году.

У штаб-кватэры галоўнай хакейнай арганізацыі адбудзецца прэзэнтацыя беларускай заяўкі. Канкурэнтамі ў барацьбе за адзіную вакансію – Латвія, Чэхія, Вугоршчына і Ўкраіна. Чым зьбіраюцца перацягнуць вагі на сваю карысьць беларусы?

Экспэрты кажуць, што за права прыняць спаборніцтвы давядзецца змагацца перадусім з Вугоршчынай і Чэхіяй. Фінансавы крызіс надзвычай моцна ўдарыў па Ўкраіне, і ў экспэртаў выклікае сумнеў пэрспэктыва хуткага аднаўленьня ўкраінскай эканомікі. У Латвіі чэмпіянат праходзіў ня так даўно – у 2006-м, і наўрад ці ёсьць шанцы прыняць яго зноў.

Старшыня Беларускай фэдэрацыі хакею, міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў лічыць, што на карысьць Беларусі можа паўплываць разгалінаваная хакейная інфраструктура, якая фармуецца ў краіне. Будаўнічая актыўнасьць падчас крызісу, на думку Навумава, толькі на карысьць беларускай заяўкі. Дарэчы, ад пачатку не выключалася, што ў Швайцарыі за Беларусь будзе агітаваць асабіста генэрал Навумаў. Аднак прадстаўніца фэдэрацыі Канстанцыя Лешчанка паведаміла наступнае:

“Не, кіраўніком нашай дэлегацыі не Ўладзімер Навумаў, а генэральны сакратар фэдэрацыі Сяргей Ганчароў. Усё будзе адбывацца ў Цюрыху ўдзень, але як толькі штосьці будзе вядома, уся інфармацыя абавязкова зьявіцца на нашым сайце”.

Гэта ўжо трэцяя спроба Беларусі атрымаць хатні чэмпіянат сьвету. У кіраўніцтве лічаць, што пасьля двух няўдалых намаганьняў нарэшце будзе плён. У Швайцарыю дзеля гэтага вязуць “жалезныя аргумэнты”. Так, узьвядзеньнем 15-тысячнай “Мінск-Арэны” апякуецца асабіста Аляксандар Лукашэнка, таму няма ніякага сумневу, што палац здадуць у тэрмін – то бок, сёлета. Адпавядае міжнародным патрабаваньням 7-тысячная пляцоўка ў Бабруйску. Апроч таго, сёньня ў Цюрыху будзе прэзэнтаваны праект чарговага лядовага палацу на 8 тысяч месцаў, які, незалежна ад выніку паездкі, пачнуць будаваць у менскім мікрараёне Чыжоўка. Вось што сказаў спадар Навумаў пра фінансавы крызіс і новабудоўлю:

“Гэта ніяк не паўплывае на ўзьвядзеньне арэны з працоўнай назвай “Арэна- Чыжоўка”. Яе архітэктурны праект мы будзем прэзэнтаваць у Цюрыху. Я думаю, не пазьней за лета гэтага году пачнецца яе ўзьвядзеньне, і праз два гады яна будзе пабудаваная”.

Аптымізму беларускім чыноўнікам дадаў нядаўні візыт у Беларусь кіраўніка заявачнага камітэту Міжнароднай фэдэрацыі хакею Эрнэста Альянчыча. Спартовы чыноўнік пасьля інспэкцыі “Мінск-Арэны” зявіў:

“Я задаволены дасягнутым прагрэсам. Калі казаць сур’ёзна, то гэта вельмі добрая арэна. Я быў у Менску два гады таму, калі працы толькі пачыналіся, і сапраўды – шмат зроблена за гэты час. Разам з інжынэрамі мы агледзелі ўсе пабудовы, узгаднілі ўсе пляны. Разумееце, гэта частка маёй працы – задаваць шмат пытаньняў, запытваць, як і чаму. Яны мне на ўсе гэтыя пытаньні адказалі. І я думаю, што ў цэлым гэта будзе адна зь лепшых арэнаў Эўропы”.

Хакей у Беларусі мае статус спорту №1. Перадусім дзякуючы надзвычайнаму захапленьню ім з боку Аляксандра Лукашэнкі і ягоных сыноў. Прэзыдэнцкую хакейную дружыну афіцыйныя СМІ называюць “самай моцнай аматарскай хакейнай камандай сьвету”, а сам Лукашэнка заўсёды гуляе пад першым нумарам.

Зрэшты, далучэньне беларусаў да хакею мае амаль прымусовы характар. У адпаведнасьці зь дзяржаўнай праграмай узьвядзеньне лядовых палацаў набыло агульнанацыянальныя маштабы: вялікія і малыя каткі ў пэрспэктыве зьявяцца практычна ў кожным раённым цэнтры. Аднак ад такой увагі церпяць іншыя віды спорту, на якія ў бюджэце папросту не застаецца сродкаў. Мінулагодні ўдзел у футбольнай Лізе чэмпіёнаў барысаўскага БАТЭ прадэманстраваў, што ў Беларусі няма ніводнай арэны, якая адпавядала б патрабаваньням УЭФА. Нават менскі стадыён “Дынама” падпадае пад нормы зь вялікай нацяжкай.

Аднак мяняць прыярытэты ўлады не зьбіраюцца, а чэмпіянат сьвету-2014 пераўтварыўся ў ідэю “фікс”. Нягледзячы на няпэўнасьць з выбарам месца правядзеньня хакейнага першынства, напачатку сакавіка ў Менску прэзэнтаваны лягатып спаборніцтваў: на белым полі чырвоны хакеіст з хаатычнымі зялёнымі плямамі – каб падкрэсьліць колеры дзяржаўнай сымболікі. Зрэшты, не адкідаюцца і мэркантыльныя інтарэсы: ад чэмпіянату сьвету Менск разьлічвае зарабіць ня меней за 50 мільёнаў даляраў, на некалькі мільёнаў плянуе ўзбагаціцца хакейная фэдэрацыя.

Канчатковае рашэньне адносна краіны, якая прыме чэмпіянат сьвету 2014 году, будзе абвешчана ў траўні падчас пасяджэньня Кангрэсу Міжнароднай фэдэрацыі хакею.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG