Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Парыжы пройдзе паседжаньне Палітычнага камітэту Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. На ім будзе разглядацца і беларускае пытаньне. Камітэт абмяркуе сытуацыю ў Беларусі ў сьвятле справаздачы, якую рыхтуе Андрэа Рыгоні, спэцдакладчык ПАРЭ.

Мяркуецца, што на сёньняшнім паседжаньні эўрадэпутаты разгледзяць і пытаньне аб часовым вяртаньні Нацыянальнаму сходу Беларусі статусу спэцыяльна запрошанага ў Парлямэнцкую асамблею. Дзеля гэтага ў Парыж запрасілі дзьве беларускія дэлегацыі. Афіцыйную ачольвае кіраўнік камісіі ў справах заканадаўства і дзяржаўнага будаўніцтва Савета Рэспублікі Яўген Сьмірноў. У сталіцу Францыі таксама паляцелі старшыня АГП Анатоль Лябедзька і намесьнік старшыні “Руху “За свабоду” Віктар Карняенка.

Умова вяртаньня статусу спэцыяльна запрошанага – згода беларускіх уладаў і апазыцыі мець у Парлямэнцкай асамблеі супольную дэлегацыю. Такую ідэю прапанавалі самі эўрапейцы і ўпершыню агучылі яе месяц таму. Віктар Карняенка адзначае, што аб’яднаныя дэмсілы маюць на гэты конт узгодненую пазыцыю:

“Мы лічым, што статус спэцыяльна запрошанага ня можа быць самамэтай. Гэта можа быць толькі крокам да паўнавартаснага сяброўства ў Радзе Эўропы. І калі ўвязаць галоўныя патрабаваньні эўрапейскіх стандартаў – зрухі ў самакіраваньні, дэмакратычныя выбары і легітымны парлямэнт як канчатковая кропка ў гэтым шляху, то тады ёсьць сэнс аднаўляць статус, – наша думка”.

Анатоль Лябедзька кажа: ужо ёсьць прыклад таго, як дэлегацыю Нацыянальнага сходу прынялі ў іншую Парлямэнцкую асамблею – АБСЭ. І апазыцыя ня хоча, каб цяпер паўтарылася такая ж сытуацыя:

“Тады за беларускія ўлады дзьверы адчынілі самі міжнародныя парлямэнтары. Пад словы, пад гарантыі таго, што знаходжаньне прызначаных беларускімі ўладамі дэпутатаў у Асамблеі дасьць ім мажлівасьць зразумець, што такое дэмакратыя, і паўплывае на дзейнае заканадаўства. І якая выснова? Восем гадоў знаходзяцца прызначаныя дэпутаты ў ПА АБСЭ, і за гэты час стваралася ўсё рэпрэсіўнае заканадаўства. Гэта азначае, што такі падыход – неэфэктыўны. Таму наша стратэгія такая – дзьверы павінны адчыніць беларускія ўлады. Гэта значыць, яны павінны зрабіць нейкія рэальныя крокі, якія можна было б назваць пераменамі ў краіне”.

Палітоляг Дзяніс Мельянцоў ня верыць, што афіцыйны Менск пагодзіцца мець у ПАРЭ агульную з апазыцыяй дэлегацыю:

“Таму што ўлады вельмі адназначна выказваліся шмат разоў пра тое, што яны не дапусьцяць ніякіх пасярэднікаў у аднаўленьні стасункаў з Эўропай у шырокім сэнсе, Эўрапейскім Зьвязам і эўрапейскімі структурамі.

А для апазыцыі, калі б улада пагадзілася, гэта было б вельмі добра, паколькі гэта падвышае яе статус на міжнароднай арэне”.

Статус спэцыяльна запрошанага для Беларусі замарозілі яшчэ 13 студзеня 1997 году. Гэта была рэакцыя Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы на шматлікія парушэньні, зь якімі ў дзяржаве прайшоў лістападаўскі 1996 году рэфэрэндум.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG