Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Магілёўшчыне шмат якія прамысловыя прадпрыемствы церпяць праз сусьветны крызіс. Праблему занятасьці работнікаў улада вырашае, камандзіруючы іх у сельгаскаапэратывы. Каб правесьці сяўбу, нестае болей за 800 мэханізатараў. Людзі пасыходзілі зь сельскай гаспадаркі, бо атрымлівалі мізэрныя заробкі.

СЛУХАЦЬ:


Сельгаспрадпрыемствам Магілёўшчыны, каб правесьці сяўбу, трэба амаль шэсьць тысяч мэханізатараў. У наяўнасьці — крыху болей за пяць тысяч.

Сярэдняя колькасьць спэцыялістаў, у якіх мае патрэбу кожная гаспадарка, — ад пяці да дзесяці. Найбольш складаная сытуацыя з кадрамі ў Глускім, Касьцюковіцкім, Крычаўскім і Дрыбінскім раёнах:

“Такая абстаноўка склалася. Ну, няма на сёньня мэханізатараў, разумееце, кадраў, каб загрузіць тэхніку, якую на дадзеным этапе маем, каб паскорыць усе гэтыя працы. А чаму няма? З адной толькі прычыны: бо заробкі замалыя”, — тлумачыць сытуацыю кіраўнік сельгаскаапэратыву з Дрыбіншчыны.

А як жа раней упраўляліся на сяўбе? Рабілі па дзьве-тры зьмены. Гэтак, відаць, і давядзецца працаваць, кажа суразмоўца.

Незалежны эканаміст Андрэй Юркоў цьвердзіць, што нічога надзвычайнага ў нястачы працоўных кадраў на сяле няма:

Сярэдні заробак па вёсцы ніжэйшы за сярэднебеларускі ў два-два з паловай разы
“Вёска заўжды знаходзілася на апошнім месцы ў пляне разьмеркаваньня розных сродкаў, маёмасьці, заробкаў, фінансавых рэсурсаў. Як толькі была магчымасьць, кожны здольны чалавек стараўся ўцячы. Сярэдні заробак па вёсцы ніжэйшы за сярэднебеларускі ў два-два з паловай разы”.

— А колькі могуць зарабіць у сяўбу новасьпечаныя гарадзкія мэханізатары, — пытаюся ў кіраўніка аднаго з глускіх сельскіх каапэратываў:

— Калі будзе нармальна працаваць, то мільён заробіць за месяц, — цьвердзіць суразмоўца.

— Куды сыходзяць вяскоўцы?

— Дзе лягчэй і больш плацяць.

Камандзіраваньне работнікаў прамысловых прадпрыемстваў, лічаць у аблвыканкаме, дазволіць стрымаць рост беспрацоўя ў гарадах. Паводле афіцыйнай інфармацыі, чвэрць прадпрыемстваў Магілёўшчыны маюць праблемы са спадам вытворчасьці. Больш за дваццаць тысяч чалавек знаходзяцца ў вымушаных адпачынках альбо працуюць ва ўмовах няпоўнай занятасьці. Гэта каля чатырох працэнтаў эканамічна актыўнага насельніцтва рэгіёну.
XS
SM
MD
LG