Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свабода на Белсаце (14 сакавіка 2009)


Асадзі назад: скасаваньне візыту ў Менск эўракамісара Бэніты Фэрэры Вальднэр – паўза ў дыялёгу ці новы паварот палітыкі? Азэрбайджан напярэдадні рэфэрэндуму: дэмакратычнае волевыяўленьне народу ці вяртаньне манархіі? Гэтыя ды іншыя тэмы ў чарговым “Тыдні з Радыё Свабода” абмяркоўваюць кіраўнік беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук, аналітыкі Віталь Цыганкоў і Юры Дракахруст і супрацоўнікі службы Юрась Бушлякоў і Аляксей Знаткевіч. Госьць перадачы – дырэктар азэрбайджанскай службы Радыё Свабода Кенан Аліеў.

Свабода на Белсаце, 14.03.2009, Частка 1

Лукашук: Пачнём з аналізу падзеі якая не адбылася.

12-13 сакавіка меўся адбыцца візыт у Беларусь камісара Эўразьвязу ў пытаньнях зьнешніх сувязяў і палітыкі добрасуседзтва Бэніты Фэрэра-Вальднэр. Былі заплянаваныя яе сустрэчы з прэзыдэнтам, міністрам замежных справаў, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і апазыцыйнымі палітыкамі. Але ў апошні момант – днём 11 сакавіка з офісу эўракамісара прыйшло паведамленьне, што ў сувязі са “шчыльным графікам” спадарыні Фэрэры-Вальднэр яе паездка зараз не адбудзецца, яна пераносіцца папярэдне на сярэдзіну красавіка.

Таксама ў сераду Аляксандар Лукашэнка адляцеў зь нечаканым візытам у Армэнію.

Замест Лукашэнкі Бэніта Фэрэра-Вальднэр сустрэлася зь беларускімі апазыцыйнымі палітыкамі Аляксандрам Казуліным і Анатолем Лябедзькам і, паводле іх словаў, сказала, што візыт адмяніла яна.

Аднак у чацьвер у газэце International Herald Tribune зьявілася нататка пад загалоўкам “Беларускі прэзыдэнт адкладае сустрэчу з Эўразьвязам”. Зьвярніце ўвагу – не сустрэча адкладаецца, а беларускі прэзыдэнт адкладае яе. Такім чынам, паводле выданьня, ініцыятыва пераносу візыту зыходзіла зь Менску.

Што азначае гэты дыпляматычны казус? Чаму графік спадарыні эўракамісара раптам стаўся такім шчыльным? Якія тэрміновыя справы паклікалі Лукашэнку ў далёкую Армэнію?

Цыганкоў: Калі за некалькі дзён да паездкі ў Менск Бэніта Фэрэра-Вальднэр заявіла, што Эўропа хацела б бачыць у Беларусі больш палітычных рэформаў, то варта было чакаць, што ў кагосьці з бакоў, у Менску ці ў Брусэлю, акажацца занадта "шчыльны графік" – такая прыгожая дыпляматычная фармулёўка для скасаваньня візыту. Праўда, цікава, хто насамрэч быў ініцыятарам адмены візыту.
Хаця за апошні тыдзень ужо неаднаразова гучалі галасы, што гэты "мядовы месяц" паміж Эўразьвязам і Менскам ужо не такі і мядовы і ўжо ня толькі лыжка, а цэлы цэбар дёгцю ўліваецца ў гэты мёд дзень за днём паводзінамі афіцыйнага Менску.

Лукашук: Юры, у гэтым артыкуле ў International Herald Tribune прыводзяцца словы супрацоўніка Эўрапейскай рады зьнешняй палітыкі Ніку Папэску, паводле якога “Менск спрабуе стаць менш залежным ад Расеі і, магчыма, зьвяртаецца да Эўразьвязу, каб шантажаваць Расею – маўляў, калі тая будзе зашмат патрабаваць, Беларусь пойдзе на Захад. Але мы бачым, што гэта нашмат цяжэй для Беларусі, чым, напрыклад, для Малдовы – з-за ступені інтэграцыі беларускай палітычнай, эканамічнай і вайсковай эліты з Масквой”.

Вы згодны з такой ацэнкай?

Дракахруст: Так, тут даволі складаны клубок матываў, і сапраўды цяжка зразумець, хто быў ініцыятарам адкладаньня. Пачалося насамрэч з прыгожай дыпляматычнай фармулёўкі наконт шчыльнага графіку. Але ўжо на наступны дзень спадарыня Фэрэра-Вальднэр у гутарцы зь беларускімі апазыцыянэрамі ўжывала словы куды менш дыпляматычныя. У размове з Анатолем Лябедзькам і Аляксандрам Казуліным яна патлумачыла адклад свайго візыту наступным чынам: “Эўропа ня можа гуляць каштоўнасьцямі, якія Эўразьвяз лічыць асноватворнымі”. Паводле яе, размова ішла пра праблемы з правамі чалавека, візыт быў адкладзены ў сувязі з тым, што “некаторыя пытаньні, якія яна зьбіралася абмеркаваць у Менску, маюць патрэбу ў дапрацоўцы” – сказала эўракамісар.

На мой погляд тут ідзе размова пра пэўную дыпляматычную тактыку. Нават калі Эўропа насамрэч гатовая нармалізоўваць дачыненьні зь Беларусьсю на любых умовах (зусім ня факт, што гатовая), але нават у гэтым выпадку – навошта ж гэта гаварыць уголас, навошта адкрываць афіцыйнаму Менску ўсе козыры? Можна і абвастрыць сытуацыю, нагадаць, што не аднаму Брусэлю тая нармалізацыя патрэбная. Хай у Менску думаюць – ці гэта проста дэмарш, ці вяртаньне да ранейшай палітыкі. Мо і атрымаецца чагосьці такім чынам ад Менску дамагчыся.

Але сапраўды варта зьвярнуць увагу і на паведамленьне International Herald Tribune.

Ня выключана, што і Лукашэнка вырашыў прадэманстраваць, што яму збліжэньне з Эўропай ня надта патрэбнае. Крыніца ў Эўракамісіі паведаміла агенцтву France Press, што візыт эўракамісара быў перанесены з прычыны таго, што сустрэча Бэніты Фэрэра-Вальднэр у Менску з кіраўніком Беларусі магла і не адбыцца. І тут пытаньне – для каго гэтая дэманстрацыя: ці для Брусэлю – маўляў, ня так ужо Беларусі тое збліжэньне і патрэбнае, ці, што таксама ня выключана – для Масквы. Заявы эўрачыноўнікаў, той самай спадарыні Вальднэр, пра тое, што ўмова нармалізацыі дачыненьняў Менску з Эўропай – непрызнаньне незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, маглі выклікаць шалёную ярасьць у Маскве і адтуль маглі давесьці гэтыя пачуцьці да Менску. У выніку Лукашэнка мог зьнізіць узровень сустрэчаў з эўрапейцамі, на што, у сваю чаргу, не пагадзіліся тыя.

Лукашук: Цікава, што мы ўжо даўно чуем зьвесткі пра нэрвовае стаўленьне Крамля да пэўных лідэраў постсавецкіх краінаў, паводле гэтых чутак стаўленьне да Міхаіла Саакашвілі і Аляксандра Лукашэнкі там прыкладна аднолькавае.

Цыганкоў: Я хацеў бы калі не запярэчыць Юрыю, то прынамсі дадаць тое, што ў пытаньні, хто быў ініцыятарам пераносу, ня выключана, што ім магла быць і Эўропа, што яна зрабіла гэткі шчаўчок па носе афіцыйнаму Менску, бо беларускія ўлады ў апошнія месяцы, здаецца, крышачку пераацанілі сваю каштоўнасьць для Эўропы. У Аляксандра Лукашэнкі заўсёды было такое адчуваньне, што Беларусь – ледзь ня пуп зямлі і апошні бастыён ратаваньня Старога Сьвету ад нелегальных мігрантаў і наркатрафіку. Магчыма, што эўрапейцы вырашылі крыху зьбіць гэтую фанабэрыю з Лукашэнкі і паказаць, па якіх правілах трэба хадзіць па вуліцы з двухбаковым рухам.

Лукашук: Апошнім часам мы назіралі рост актыўнасьці беларускай апазыцыі на эўрапейскім накірунку: апазыцыйныя палітыкі мелі працяглую размову з парлямэнтарамі АБСЭ, адзін з кіраўнікоў БНФ Вінцук Вячорка ўручыў кіраўніку дэлегацыі “дарожную мапу” беларуска-эўрапейскіх дачыненьняў, распрацаваную апазыцыяй. Лідэр АГП Анатоль Лябедзька і Аляксандар Казулін вялі перамовы ў Брусэлі, сустракаліся з Бэнітай Фэрэра-Вальднэр.

Казулін, у прыватнасьці, заявіў, што “запрашэньне беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі на саміт Эўразьвязу можа расцэньвацца як апраўданьне рэпрэсіяў у краіне ў апошнія 15 гадоў і карт-блянш дыктатару на будучыню”. Ці пачутыя і як інтэрпрэтуюцца гэтыя прапановы і ацэнкі?

Дракахруст: Я мяркую, што самы моцны лабіст спыненьня дыялёгу Брусэлю з беларускай уладай – гэта сама беларуская ўлада. У параўнаньні зь яе тытанічным унёскам любыя рухі цела апазыцыі – гэта сьлёзы. Больш таго, да меркаваньня апазыцыі прыслухоўваюцца менавіта таму, што яна апэруе ня толькі сваімі пажаданьнямі адыгрываць пэўную палітычную ролю, але і фактамі. Ад Менску параўнальна няшмат патрабавалася. Спадарыня Вальднэр на пачатку гэтага тыдня ахарактарызавала сытуацыю ў Беларусі, як “два крокі наперад, крок назад”. Але магчыма, на працягу наступных дзён эўракамісар прыйшла да высновы, што парадак тут адваротны: крок наперад, крок а можа і два – назад.

Лукашук: На наступным тыдні канчаецца паўгадавы выпрабавальны тэрмін, дадзены Эўразьвязам беларускім уладам. Рада Эўразьвязу будзе прымаць рашэньне, што рабіць зь візавымі санкцыямі адносна беларускіх урадоўцаў. Дзейнасьць гэтых санкцыяў была прыпыненая ў кастрычніку летась. Якія цяпер ёсьць варыянты рашэньняў і якое зь іх, на ваш погляд, будзе прынятае?

Дракахруст: Варыянты тры: аднавіць санкцыі, скасаваць або працягнуць іх прыпыненьне яшчэ на паўгода. Першы і другі варыянт уяўляюцца малаімавернымі: для поўнага скасаваньня патрэбнае аднагалосьсе, якога няма, што да аднаўленьня санкцыяў, то супраць яго выказваюцца і прадстаўнікі беларускай апазыцыі. Апроч таго, зусім незразумела, часткай якой стратэгіі магло б стаць вяртаньне санкцый. А працяг прыпыненьня – гэта дамоклаў меч, працягу дыялёгу і збліжэньню не перашкаджае, але і нейкай пугі ў руках Эўропу не пазбаўляе.

Я б хацеў зазначыць, што лёс санкцыяў і запрашэньне ў Беларусі ва Ўсходняе партнэрства – гэта розныя рэчы. Прыпыненьне санкцый можа быць працягнутае, але пры гэтым Беларусь можа быць і не запрошаная ў Партнэрства .

Лукашук: Віталь, якое рашэньне прыме Рада Эўразьвязу?

Цыганкоў: На самой справе няма трох варыянтаў, а – як Юры пераканаўча даказаў – ёсьць толькі адзін варыянт: працягнуць цяперашні "падвешаны" стан яшчэ на паўгода. Але наконт запрашэньня ў Прагу – тут сапраўды ёсьць інтрыга. Тут могуць быць розныя варыянты: запрасіць Лукашэнку, запрасіць каго-небудзь ніжэйшага ўзроўню ці не запрашаць нікога. Тут ёсьць яшчэ і асабісты фактар – Эўразьвяз ня ведае, чаго можна чакаць ад Аляксандра Лукашэнкі. Хаця сярод краінаў, запрошаных у Партнэрства, Азэрбайджан выклікае, мякка кажучы, сумневы ў сваёй дэмакратычнасьці, але Ілхам Аліеў – сьвецкі чалавек, і можна спрагназаваць, як ён выступіць і як будзе паводзіць сябе на гэтым саміце. А што будзе казаць Лукашэнка, які фартэль ён выкіне – гэта Эўразьвяз прадказаць ня можа і няма ахвоты псаваць нечаканасьцямі такое ўрачыстае мерапрыемства.

Свабода на Белсаце, 14.03.2009, Частка 2

Лукашук: У праскай студыі да нас зь Юрыям Дракахрустам далучыўся наш калега – дырэктар азэрбайджанскай службы нашага радыё Кенан Аліеў.

18 сакавіка ў Азэрбайджане адбудзецца рэфэрэндум аб зьменах у Канстытуцыі. Адна з асноўных прапановаў – выключэньне з Асноўнага закону пункту пра тое, што адна асоба ня можа быць прэзыдэнтам больш за два тэрміны. Калі гэтая прапанова будзе прынятая, гэта фактычна адчыніць перад Ілхамам Аліевым шлях да пажыцьцёвага прэзыдэнцтва. У Беларусі падобны рэфэрэндум адбыўся у 2004 годзе, нядаўна з другой спробы такога самага выніку дамогся і вэнэсуэльскі прэзыдэнт Уга Чавэс.

Значная частка азэрбайджанскай апазыцыі заклікала байкатаваць рэфэрэндум. Чаму?

Аліеў: Апазыцыя лічыць, што гэты рэфэрэндум будзе недэмакратычным і адкрые перад цяперашнім прэзыдэнтам Ілхамам Аліевым магчымасьць застацца ва ўладзе ўсё астатняе жыцьцё. Кампанія агітацыі за і супраць рэфэрэндуму ідзе зь вялікімі парушэньнямі. Напрыклад, сябры апазыцыі, якія спрабавалі сабраць подпісы для фармаваньня агітацыйнай групы, былі арыштаваныя ў некаторых раёнах краіны і абвінавачаныя ў захоўваньні наркотыкаў. Такія тыповыя савецкія мэтады, якія ўлады выкарыстоўвалі, каб абмежаваць магчымасьці апазыцыі.

Бацька прэзыдэнта Гейдар Аліеў кіраваў Азэрбайджанам ад 70-х гадоў. У Ілхама Аліева ёсьць сын, названы гэтак жа, як і ягоны дзед. Ілхам Аліеў неаднаразова намякаў, што ягоны сын – сапраўдны пераемнік бацькі цяперашняга прэзыдэнта.

Дракахруст: Кенан, чаму рэфэрэндум праводзіцца менавіта цяпер? Лукашэнка быў абраны другі раз у 2001 годзе і чакаў з рэфэрэндумам да 2004 году. Ілхама Аліева абралі ў кастрычніку летась і рэфэрэндум – менш чым праз паўгода. Чаму?

Аліеў: У Азэрбайджане таксама многія задаюць пытаньне, чаму рэфэрэндум праводзіцца так хутка. Відаць, улады мяркуюць, што пытаньне ўлады трэба вырашыць раз і назаўжды. Многія ў якасьці пераемніцы Ілхама Аліева называлі ягоную жонку Мэхрыбан Аліеву. Яна вельмі актыўная ў палітычным жыцьці краіны, зьяўляецца дэпутатам парлямэнту. І каб гэтае пытаньне вырашыць канчаткова, кіруючая партыя прапанавала зрабіць папраўку ў Канстытуцыі і адкрыта сказаць людзям, што Ілхам застанецца ва ўладзе назаўжды.

Прапануецца зьмяніць 29 артыкулаў Канстытуцыі, унесьці 41 папраўку. На ўсе дэбаты па гэтых папраўках адведзена ўсяго 3 гадзіны. У нас усяго 9 агітацыйных групаў, толькі дзьве прадстаўляюць апазыцыю. Кожнай агітацыйнай групе на тыдзень на агітацыю выдзелена 10 хвілінаў. Што можна патлумачыць за 10 хвілінаў?

Лукашук: Пазыцыя апазыцыі зразумелая. А якая рэакцыя Захаду – Эўропы і ЗША?

Аліеў: Яны лічаць, што гэта - унутраная справа Азэрбайджану. На Захадзе гэты рэфэрэндум разглядаецца як тэст на дэмакратыю. Пра тое, як праходзіць гэты тэст, сьведчыць хаця б тое, што за дзень да абвяшчэньня рэфэрэндуму ў Азэрбайджане была спыненая рэтрансьляцыя замежных радыёстанцый – Радыё Свабода, Голасу Амэрыкі, Бі-Бі-Сі. Захад вельмі рэзка на гэта рэагаваў. ЗША адзначылі, што гэтая мера істотна абмяжуе магчымасьць для азэрбайджанцаў атрымліваць аб'ектыўную інфармацыю пра розныя меркаваньні наконт пытаньняў рэфэрэндуму.

Дракахруст: Кенан, дыялёг Беларусі з Эўропай пачаўся з вызваленьня ўсіх міжнародна прызнаных палітычных вязьняў. Адсутнасьць палітвязьняў называецца мінімальнай умовай працягу дыялёгу і нармалізацыі дачыненьняў. Між тым, паводле азэрбайджанскіх праваабаронцаў, у вашай краіне налічваецца 66 палітвязьняў. Дык ёсьць у Азэрбайджане палітвязьні ці няма? Ці гэта толькі меркаваньне азэрбайджанскіх праваабаронцаў?

Аліеў: Мясцовыя праваабаронцы кажуць, што палітвязьні ёсьць, з гэтым пагаджаецца Рада Эўропы. Але лічбы розныя: хто называе лічбу 66, нехта – 27, улады кажуць, што зусім няма. Зразумела, нікога сёньня ў Азэрбайджане не арыштоўваюць наўпрост за перакананьні, такіх артыкулаў няма ў Крымінальным кодэксе. Але вось факт – у турме сядзяць тры рэдактары вядучых апазыцыйных газэт. Іх абвінавацілі ў хуліганстве, маўляў, ня ў тым справа, што яны крытыкавалі ўлады, а ў тым, што непрыстойна сябе паводзілі ў грамадзкім месцы.

Лукашук: І Азэрбайджан, і Беларусь запрошаныя ў праграму Эўразьвязу Ўсходняе партнэрства. Пры гэтым Азэрбайджан запрошаны безумоўна, а Беларусі трэба яшчэ выканаць шэраг умоваў па дэмакратызацыі. З вашага, Кенан, расповеду вынікае, што сытуацыя ў вас у краіне ня лепшая, чым у Беларусі. А стаўленьне рознае. Чаму?

Аліеў: Бо ў нас ёсьць нафта і газ. Азэрбайджан зьяўляецца часткай праекту газаправоднай сыстэмы "Набука". Эўропа разглядае Азэрбайджан як адну з важных альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі. Таму яму ўсё даруецца. Я памятаю, калі Азэрбайджан падпісваў дамову аб партнэрстве з Эўразьвязам, я спытаў Хавіера Саляну: "Вы ж запрашаеце Азэрбайджан толькі з прычыны нафты?" Ён адказаў, што гэта ня так. Хаця насамрэч мы бачым, што нафта адыграла вялікую ролю ў гэтым пытаньні. Менавіта таму Азэрбайджан ужо запрошаны, а Беларусь – яшчэ не, на гэты саміт у Празе.

Акрамя вайны Расеі ў Грузіі ЭЗ спрабуе ўзмацніць свой уплыў у рэгіёне, каб падтрымаць незалежнасьць гэтых краінаў, у тым ліку і Армэніі, і Азэрбайджану, і Беларусі, і Грузіі. Фактар Расеі адыгрывае важную ролю. ЭЗ, нягледзячы на тое, што ў гэтых краін ёсьць надзвычай сур'ёзныя праблемы з правамі чалавека і дэмакратыяй, імкнецца ўключыць іх у сваю эканамічную прастору, каб умацаваць іх незалежнасьць.

Свабода на Белсаце, 14.03.2009, Частка 3

Лукашук: Разам са мной у студыі – вядучыя жывога эфіру Свабоды Юрась Бушлякоў і Аляксей Знаткевіч.

У нашай перадачы мы ня можам абысьці падзею, якая ўскалыхнула літаральна ўсю Беларусь – самагубства салігорскай праваабаронцы Яны Паляковай, перад гэтым асуджанай на 2,5 гады абмежаваньня волі і буйны штраф нібыта за паклёп на афіцэра міліцыі. Чаму гэта выклікала такую моцную рэакцыю? Скажам, у сьнежні 2001 году, ня вытрымаўшы перасьледу КДБ, скончыў жыцьцё самагубствам актывіст руху ЗУБР Андрэй Зайцаў. Тады гэта ня мела такога моцнага рэзанансу, а цяпер мае. Чаму?

Знаткевіч: Тут шмат прычынаў. Першае – таму што гэта было навідавоку: прысуд на 2,5 гады, зьдзеклівы артыкул у газэце «Советская Белоруссия», які выйшаў літаральна за дзень да сьмерці, тое, што яна была праваабаронца, тое, што хаваць яе прыйшлі людзі, якім яна дапамагала ў юрыдычных справах. Нарэшце тое, што яна была маладая жанчына – таксама важкі фактар.

Бушлякоў: Яна Палякова паказала сябе як публічная асоба, на яе зьвярнулі ўвагу, на яе спробы змагацца, пра гэтага чалавека ведалі. Тут ішла гаворка пра публічную асобу, якая атрымала такі, на думку многіх, несувымерны тэрмін пакараньня. Тут усё зьбеглася – тэрмін пакараньня і трагедыя, тэрмін і самагубства.

Лукашук: Калі такія рэчы, як прысуд, адбываюцца не ў сталіцы, а ў малым горадзе, то там гэта цяжэй пераносіць – менш кола падтрымкі. Аляксей, што адметнага ў рэакцыі на гэтую трагедыю?

Знаткевіч: Сапраўды, у такім горадзе, як Салігорск, цяжэй пераносіць перасьлед мясцовай улады, чым у Менску, чалавек там менш абаронены ад яе. Многія наведнікі нашага сайту ў сувязі з самагубствам Паляковай зьвярталі ўвагу на адказнасьць праваабаронцаў, на адказнасьць апазыцыйных палітыкаў за тое, што адбылося. Яна Палякова працавала ў выбарчай кампаніі Вольгі Казулінай, была правабаронцай. Але, на думку многіх, не было належнай увагі да суду над ёй з боку незалежнага грамадзтва.

Бушлякоў: Розгалас фактычна пайшоў пасьля таго, як прысуд быў вынесены. Трэба канстатаваць, што падчас працэсу Палякова была сам-насам з той сыстэмай, якая яе судзіла.

Лукашук: На думку наведнікаў нашага сайту, аўтараў камэнтароў – хто вінаваты ў гэтай трагэдыі?

Знаткевіч: Называюцца ўлады, называюцца дзяржаўныя мэдыі, называецца і Радыё Свабода ў тым ліку, за тое, што мы трансьлявалі выказваньні праваабаронцы Леаніда Мархоткі пра тое, што Яна Палякова ў апошнія пару гадоў не была актыўная ў праваабарончай дзейнасьці.

Лукашук: Беларуская асацыяцыя журналістаў выступіла з заявай, гаворачы пра адказнасьць за тон публікацыі пра Яну Палякову, якая зьявілася ў газэце «Советская Белоруссия». Каго наведнікі нашага сайту лічаць канкрэтна вінаватым у сьмерці Яны Паляковай?

Знаткевіч: Канкрэтна называўся судзьдзя, які асудзіў яе на 2,5 гады. Называлася і газэта «Советская Белоруссия», якая надрукавала той зьдзеклівы артыкул. Там няма фактаў, увесь яе зьмест – у прыніжальнай інтанацыі. Так што шмат наведнікаў лічаць вінаватым у сьмерці Паляковай Паўла Якубовіча. Таму некаторыя абвінавачваюць і нашае радыё, бо Якубовіч час ад часу ўдзельнічае ў нашых перадачах «Праскі акцэнт», маўляў, каму мы даём выказвацца ў сваім эфіры.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч кажа, што гэта вельмі паказальны выпадак – мы шмат гадоў назіраем маральнае зьнішчэньне людзей у Беларусі. Але часам атрымоўваецца так, што маральнае зьнішчэньне ператвараецца ў фізычнае. Бруд зь дзяржаўных мэдыяў, з тэлебачаньня, такога кшталту фэльетоны – гэта вылівалася і на апазыцыйных актывістаў, якіх нядаўна забралі ў войска – на Франака Вячорку, Івана Шылу, Зьмітра Хведарука, Алесь Міхалевіч калісьці судзіўся з «Советской Белоруссией». Людзі па-рознаму могуць гэта ўспрымаць, але калі чалавек патрапіў у памежную сытуацыю, у сытуацыю псыхалягічнага стрэсу, калі ў яго няма апірышча – такі бруд можа стаць апошняй кропляй.

Што можа супрацьпаставіць гэтаму незалежнае грамадзтва? Ёсьць такое слова – салідарнасьць. Яно часта ўжываецца, але гэта насамрэч тое, чаго часам не хапае беларускаму незалежнаму грамадзтву. Нашыя наведнікі адзначалі, што на пахаваньні не было кіраўнікоў апазыцыі. Магчыма, гэта і слушныя заўвагі. У гэтым выпадку чалавек, які ўдзельнічаў у палітычных кампаніях, адчувае, што пасьля іх ён застаецца сам-насам з уладай, ён адчувае сябе самотным і безабаронным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG