Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці запросяць Беларусь у Эўропу?


19 сакавіка адбудзецца саміт кіраўнікоў дзяржаваў Эўразьвязу. Чакаецца, што там будзе абмяркоўвацца і беларускае пытаньне: ці запросяць Беларусь паўнавартасным сябрам ва Ўсходнеэўрапейскае партнэрства? Павал Севярынец і Аляксандар Лагвінец днямі пабывалі ў Страсбуры, дзе правялі сустрэчы з уплывовымі эўрапейскімі палітыкамі ў Радзе Эўропы, у Эўрапейскім судзе, Эўрапарлямэнце.

Што да ўдзелу ў ініцыятыве “Ўсходняе партнэрства”, палітоляг Аляксандар Лагвінец выказаў такое меркаваньне:
Аляксандар Лагвінец

“Я думаю, што запрашэньне для Беларусі будзе зробленае. Але яно будзе з умовамі далейшай дэмакратызацыі Беларусі і адкрытасьці Беларусі. Пазыцыя Эўрапейскага парлямэнту, прынамсі, такая. Размова ідзе пра тое, каб разам з Усходнім партнэрствам дэмакратызаваць краіны, а ня проста “адразаць” гэтыя краіны з тых прычынаў, што яны не дэмакратычныя”.

Малады палітык, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец пасьля размоваў з эўрапейскімі чыноўнікамі кажа:

“Яны настроеныя ў асноўным станоўча, што да далучэньня Беларусі да Ўсходняга партнэрства. Але яны вельмі насьцярожаныя. І зараз пераважае чаканьне. Чакаюць крокаў ад рэжыму. Шчыра кажучы, і мы стратэгічна падтрымліваем ідэю Ўсходняга партнэрства для Беларусі, але мы за тое, каб усё рабілася без рэпрэсіяў, без дэманстратыўнага зьбіцьця, без уціску людзей у самой Беларусі. Тады, калі адбудзецца рэальная дэмакратызацыя, Усходняе партнэрства, канечне ж, дасьць плён”.

Застаецца і вялікай інтрыгай, ці запросяць кіраўніка Беларусі на інаўгурацыйны саміт Усходняга партнэрства, які адбудзецца ў Празе ў траўні. Палітоляг Алесь Лагвінец мяркуе:
Павал Севярынец

“Мне здаецца, што гэта пытаньне штучна распальваецца. Незалежна ад таго, паедзе Аляксандар Лукашэнка ў Прагу, стаўленьне да яго моцна ў Эўропе не памяняецца. Тут размова ідзе пра запрашэньне ўласна Беларусі на гэты саміт. Можа быць, у складзе беларускай дэлегацыі ў Празе будуць таксама прадстаўнікі дэмакратычных сіл, грамадзянскай супольнасьці. Таму, мне падаецца, што інтрыгу варта было б захоўваць да самага апошняга моманту, і варта вырашаць на падставе далейшых пазытыўных крокаў з боку беларускіх уладаў”.

Палітык Павал Севярынец, што да запрашэньня кіраўніка Беларусі ў Прагу, кажа:

“Наколькі мы чулі ў Эўрапарлямэнце, як раз вось гэта – пад пытаньнем. І гэта будзе вырашацца на працягу бліжэйшага месяца. Таму зьезд беларускіх палякаў, 25-е сакавіка, рэгістрацыя партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя – гэта асноўныя пункты, якія будуць тэстам для рэжыму: ці запросяць Аляксандра Лукашэнку ў Прагу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG