Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гасьцінічным комплексе “Раднік”, што пад Магілёвам, 15 сакавіка, завяршыўся трэці сацыяльны форум. Яго ўдзельнікі прынялі рэзалюцыю й заявілі аб стварэньні антыкрызіснага дабрачыннага фонду для падтрымкі недзяржаўных арганізацыяў Беларусі. Большую палову сёньняшняга дня Форум праходзіў без прадстаўнікоў улады. Яны сышлі, спаслаўшыся на зьняважлівыя выказваньні ўдзельнікаў на адрас улады.

Першым сышоў старшыня ўправы ідэалягічнай працы Магілёўскага аблвыканкаму Валеры Ільянкоў. Сваё рашэньне чыноўнік патлумачыў тым, што ён не задаволены ходам дыскусіі на Форуме. Выказваньні некаторых удзельнікаў, паводле яго, зьневажаюць прадстаўнікоў улады. Спадар Ільянкоў зьвінаваціў вядучых у няўменьні кіраваць дыскусіяй.

Усьлед за Ільянковым Форум пакінулі яшчэ двое чыноўнікаў аблвыканкаму.

Дэмарш чыноўнікаў адбыўся пасьля рэзкіх выказваньняў некаторых удзельнікаў. Сярод быў і прадпрымальнік Алесь Таўстыка.

“Яны насамрэч спужаліся праўды. Тую, якую можна казаць. Быў бы тут Лукашэнка, гэтага дэмаршу не было б. Кожны мае права выказаць сваю думку, а яны нават не паслухалі. Хай дэмаршуюць”, -- заявіў “Свабодзе” Алесь Таўстыка.

Пасьля зыходу чыноўнікаў вядучы Мікалай Пахабаў вымушаны быў абвесьціць перапынак, бо значная частка ўдзельнікаў усьлед за чыноўнікамі таксама пакінула залю.

Вось як пракамэнтаваў “Свабодзе” інцыдэнт на Форуме адзіны яго замежны госьць, дырэктар дабрачыннага фонду з Данецку Якаў Рагалін:

“Прынамсі частка ўдзельнікаў забылася на вялікі прынцып: “Я магу быць нязгодным з вашым меркаваньнем, але я мушу быць гатовым аддаць жыцьцё за ваша права выказаць яго”. Я рады, што тут няма аднадушша, якому месца на могілках. Так працуе дэмакратыя. Форум прадэманстраваў спэктар канцэптаў, падыходаў, меркаваньняў, культуры паводзінаў. Вось такая Беларусь”.

На думку палітоляга Віталя Сіліцкага, на Форуме ўдалося ўзгадніць пазыцыі недзяржаўных арганізацыяў і улады:

“Мяне нават зьдзівіла вельмі знакавая падзея. Калі магілёўская вэртыкаль пайшла на кантакт. І нават нягледзячы на тое, што адбылося, пэўная прастора для такіх кантактаў ёсьць. Значыць грамадзянскай супольнасьці варта думаць, як яе выкарыстоўваць. Сапраўды: ня кожная арганізацыя ставіць за мэту скіданьне “ненавіснага” рэжыму”. Ім трэба вырашаць свае мясцовыя праблемы. І ім патрэбны гэты дыялёг. І больш палітызаванай частцы грамадзянскай супольнасьці варта ставіцца да гэтага з павагай”.

Ці ўдаўся Форум?. Прафсаюзны актывіст Мікалай Пахабаў адказвае, што так:

“27 арганізацыяў сёньня прынялі рэзалюцыю. Створаны фонд дабрачынны. Гэты фонт будзе дапамагаць няўрадавым арганізацыям Беларусі. Мы хочам, каб дзяржава пачала супрацоўнічаць. Я думаю, што мы ўладзе патрэбныя больш, чым яна нам”.

У трэцім сацыяльным форуме ўзялі ўдзел 74 прадстаўнікі з 27 няўрадавых арганізацыяў. У якасьці гасьцей на форуме прысутнічалі прадстаўнікі аблвыкакаму й гарвыканкаму. Цягам двух дзён ўдзельнікі Форуму абмеркавалі праблемы недзяржаўнага сэктару Беларусі. У сваёй рэзалюцыі Форум заклікаў уладу сёлета прыняць закон аб дзяржаўнай падтрымцы малога й сярэдняга прадпрымальніцтва, штогадовага публічнага абмеркаваньня сацыяльных праблемаў, а таксама спрашчэньня рэгістрацыі няўрадавых арганізацыяў. Удзельнікі форуму выступілі таксама ў абарону нацыянальнай валюты ў пытаньні дапасаваньня падатковых і арэндных выплат.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG