Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завяршыўся Дзень блогера нумар 2. Чакаем вашых парадаў, каго з блогераў запрасіць на нашыя наступныя віртуальныя акцыі!

Да ўдзелу ў сакавіцкім Дні блогера мы запрашалі аўтараў з улікам вашых пажаданьняў.

Цягам гэтай акцыі для нашых чытачоў пісалі стары лекар vladbunim, які да 60 гадоў лячыў беларусаў, а ў 71 год у Ізраілі пачаў пісаць свае гісторыі пра гэта ва ўласным ЖЖ; карэспандэнт польскай газэты poczobut, які хоча, каб яго чыталі і ў Беларусі; bacian, экскурсавод па былым і цяперашнім Менску, рэальным і прымроеным; ініцыятарка вострых сацыяльных дыскусій olga-karatch; маскоўскі беларус radzimich; пясьняр блогасфэры khadanovich; знаўца мастацтва і беларускага індывідуалізму chareuski; дасьледчык беларускай рэчаіснасьці malishevsky.

У дгугі Дзень блогера чытачы сайту “Свабоды” змаглі паспрачацца вакол праблем стаўленьня хадэкаў да абортаў ды расейскай самасьвядомасьці некаторых беларусаў, даведаліся, чаго каштаваў чыгунок бульбы ў 1941-м, прайшліся па вуліцах Менску, такім, якім ён мог бы быць, калі б падзеі ў тым 1941-м пайшлі іначай, і калі б Беларусь ня стала “скрадзенай краінай”, дасьледавалі верагоднасьць землятрусаў на месцы будучай Беларускай АЭС, адзначылі юбілей у ЖЖ вядомага паэта і эсэіста на замову.

Такім чынам пашыраюцца наўпростыя кантакты наведнікаў сайту “Свабоды” з аўтарамі беларускай блогасфэры. Нашы блогеры ўзялі актыўны ўдзел у дыялёгу з чытачамі, а чытачы — камэнтавалі і дыскутавалі ня толькі з аўтарамі, але і паміж сабою.

Цягам наступнага тыдня ўсе восем удзельнікаў Дня блогера будуць гасьцямі нашага радыёэфіру, прымуць удзел у перадачах Начной свабоды, іх творы пачуюць і тыя, хто не карыстаецца інтэрнэтам.

Наступны Дзень блогера мы плянуем на 14 красавіка. Чакаем вашых прапановаў — пішыце ў камэнтарах да гэтага артыкулу — каго і чаму вы хацелі б бачыць сярод красавіцкай васьмёркі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG