Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці падарваў Пуцін творчы патэнцыял Грузіі?


Да чарговага конкурсу “Эўрабачаньне-2009” у Маскве яшчэ два месяцы, а эмоцыі ўжо б’юць цераз край. Грузія адмовілася ад удзелу ў мерапрыемстве, абвінаваціўшы зьнешнія сілы ў палітычным ціску на аргкамітэт фэстывалю.

У Расеі ўзмацняецца хваля нязгоды супраць удзелу ўкраінскай сьпявачкі, якая не прайшла кваліфікацыйнае сіта на радзіме, але апярэдзіла ўсіх на гэткім жа адборы ў Расеі. Невядомы ў Беларусі беларус будзе прадстаўляць Нарвэгію, за крок ад гэтага быў беларускі гурт, які мог паехаць у Маскву ад Польшчы. Ці ўспрымаецца імпрэза выключна як конкурс песьні? Наколькі палітызаванае “Эўрабачаньне”?

Канчатковы склад удзельнікаў “Эўрабачаньня-2009” будзе агучаны 16 сакавіка ў Маскве на сустрэчы кіраўнікоў дэлегацый дзяржаваў-удзельніц Міжнароднага конкурсу песьні. Аднак за два месяцы да фіналу зь вялікай доляй верагоднасьці можна прагназаваць адсутнасьць на сцэне прадстаўнікоў Грузіі. Эўрапейскі вяшчальны саюз палічыў песьню “We don’t wanna put in” у выкананьні гурту “Stephane and 3G” неадпаведнай нормам “Эўрабачаньня” і запатрабаваў ад артыстаў да 16 сакавіка зьмяніць тэкст.

Грузія не выключае пэўнай ролі Расеі ў гэтай гісторыі. Расейцам у апошнім ангельскім словазлучэньні чуваць яскравы намёк на Пуціна — put in. У даслоўным перакладзе прыпеў досыць прымітыўны: “Нам не патрэбныя дурныя думкі, яны забіваюць сьвята. Я хачу ўварвацца ў дыскатэку і танчыць з табой…” Але гэта ў падрадковым перакладзе, на слых жа чуецца крамола — “мы ня хочам Пуціна”. У зьвязку зь леташнім расейска-грузінскім збройным канфліктам нагода для перадузятасьці больш чым важкая. Прадусар гурту Каха Цыскарыдзэ кажа, што Кантрольная камісія Эўрапейскага вяшчальнага саюзу фактычна выставіла ўльтыматум:

Stephane & 3G
“Канкрэтна яны не паказалі ні на нейкае слова, ні на нейкі выраз. На жаль. Проста папрасілі памяняць абсалютна ўвесь тэкст. Але мы вырашылі, што мяняць там няма чаго і штосьці карэктаваць не зьбіраемся. Зыходзячы з гэтага, напэўна, яны будуць вырашаць пытаньне аб дыскваліфікацыі групы. Аднак мы па-ранейшаму настойваем, што ў гэтым тэксьце няма нічога абразьлівага, там нічога канкрэтна не гаворыцца пра палітыку і г.д. Дарэчы, адпачатку мы папрасілі канкрэтна сказаць нам, у чым справа, з-за якіх словаў патрабуюць ад нас зьмены тэксту. На гэта нам ніхто так і не адказаў, але прыйшоў ліст, у якім наўпрост было напісана: калі вы ня зьменіце песьню, тады мы будзем абмяркоўваць пытаньне наконт дыскваліфікацыі”.

Міхаіл Саакашвілі і Вахтанг Кікабідзэ
Маральна падтрымаў землякоў адзін з самых вядомых грузінаў — сьпявак і актор Вахтанг Кікабідзэ. Ён лічыць, што “Stephane and 3G” зрабілі правільна, калі адмовіліся ўносіць праўкі ў тэкст песьні: “Мы ж не ў дзіцячым садку, каб нам указвалі, што рабіць. Калі кагосьці тэкст не задавальняе, то лепей увогуле адмовіцца ад удзелу ў конкурсе”, — рэзюмаваў Кікабідзэ.

Два гады таму Расеі не даваў спакою ўкраінскі ўдзельнік “Эўрабачаньня” Андрэй Данілка. У сцэнічным вобразе Веркі Сярдзючкі сьпявак нібыта рэфрэнам паўтараў “Раша, гудбай!”, хоць украінцы настойвалі на іншым чытаньні, “Лаша тумбай”, якое да Расеі ня мела ніякага дачыненьня. На “Эўрабачаньне” Данілку ўсё ж пусьцілі, аднак у Расеі артыст стаў пэрсонай нон-грата.

Грузінска-беларускі сьпявак Тарыэл Майсурадзэ даўно жыве ў Менску, аднак падзеі на гістарычнай радзіме адсочвае пільна. Ён кажа, што ў зьвязку з надзвычайнай увагай да “крамольнай песьні” яна ўжо атрымала такую папулярнасьць, на якую артысты, можа, і не разьлічвалі. На ягонае перакананьне, палітызацыя эўрапейскага сьпеўнага конкурсу шмат у чым штучная. Знайсьці ў тэкстах крамолу пры адпаведным жаданьні нескладана:

“Каб гэта быў менавіта спосаб нешта заявіць ад імя адной дзяржавы іншай дзяржаве, напэўна, быў бы глыбейшы тэкст, песьня была б інакш напісана. Інакш харэаграфічна, драматургічна пастаўлены нумар. Але гэта ня той выпадак. На жаль, палітыкі ўсё больш зараз. Прычым ня толькі ў «Эўрабачаньні», а ва ўсім. Таму шкада. Палітызаваць такое мерапрыемства, можа, і ня варта было б. Але, магчыма, адпачатку зроблены такі крок, каб урэшце вырашаць пытаньні палітычныя. На маю думку, ня вельмі добра, калі выносяцца такія тэхналёгіі ў народ. Людзі павінны проста ацэньваць, радавацца, сачыць за культурнымі падзеямі, пераймаць культуру іншых краінаў, выказвацца. Гэта таксама спосаб празь песьні нешта сказаць”.

Настасься Прыходзька
На гэтым тле разгортваецца іншы скандал. Шэраг расейскіх прадусараў, у ліку якіх Ёсіф Прыгожын, Яна Рудкоўская ды іншыя, абвінавацілі ў неаб’ектыўнасьці журы расейскага адборачнага конкурсу да “Эўрабачаньня-2009”. Па выніках галасаваньня пераможцай была абвешчаная ўкраінка Настасься Прыходзька зь песьняй на ўкраінскай і расейскай мовах. Шмат каго абурыла тое, што ва Ўкраіне на такім жа конкурсе Прыходзька фінішавала ў ліку аўтсайдэраў. Расейскія СМІ адразу пачалі прэсаваць Прыходзьку і яе сям’ю. Асабліва адзначылася газэта “Московский комсомолец”, якая выйшла з загалоўкам “Анастасия Приходько: Гитлер в одном был прав”. Сёньня на публікацыю адрэагаваў Назар Прыходзька, брат сьпявачкі, які падаў у суд на газэту. Ён, у прыватнасьці, заяўляе, што ніколі ня быў сябрам нацыяналістычнай партыі УНА-УНСО, як сьцьвярджала выданьне.

Шэф-рэдактар музычнага часопісу “HOT Seven” Алег Клімаў не выключае: шуміха вакол конкурсу не выпадковая, бо такім чынам падтрымліваецца цікавасьць да імпрэзы:

“Пайшлі дурнаватыя заявы «мэгапрадусараў» Прыгожына, Рудкоўскай. Ну што зробіш… Але ў прынцыпе нельга выключаць і таго, што спэцыяльна такая шуміха ўзьнятая з расейскага боку, каб найбольш прыцягнуць увагу да конкурсу. Тым больш, усе ж ведаюць, як падобныя рэчы робяцца. «Чорны піяр» і не такое прапаноўваў публіцы, таму дапускаю, што і ў дадзенай сытуацыі нешта ў тым жа духу. А ў выпадку з Грузіяй, шчыра кажучы, крыху расейцаў не разумею. З аднаго боку, Саакашвілі апошнім часам робіць заявы, што, маўляў, трэба спрабаваць знаходзіць пункты далейшага ўзаемадзеяньня з Расеяй. А некаторыя па-ранейшаму працягваюць усё дзяўбці ў адну і тую ж кропку. У той жа час трэба ўжо насамрэч людзям жыць у міры, пара завязваць з войнамі”.

Пятро Ялфімаў
На гэтым тле падрыхтоўка беларускага ўдзельніка “Эўрабачаньня-2009” Пятра Ялфімава ідзе будзённа і ніякімі скандаламі пакуль не абрасла. Нашмат большую ўвагу выклікаў той факт, што Ялфімаў — не адзіны беларус, які прыедзе ў Маскву. Сэнсацыяй стаў трыюмф 23-гадовага Аляксандра Рыбака, які ў аналягічным беларускаму “Эўрафэсьце” не пакінуў ніякага шанцу канкурэнтам у Нарвэгіі. Аляксандар з бацькамі ад’ехаў у Нарвэгію, калі яму было пяць гадоў. Аднак па-ранейшаму лічыць сябе беларусам і ў сваіх інтэрвію нават хвалюецца, ці ня лічаць яго беларусы “здраднікам”. Пры больш удалым зьбегу абставінаў у Расею маглі паехаць і ўдзельнікі гурту “Далі”, якія спрабавалі намінавацца ў “Эўрабачаньне” ад Польшчы. Аднак крыху не хапіла фарту.

А вось музычны крытык Зьміцер Падбярэскі лічыць, што перабольшваць значэньне сьпеўнага конкурсу ня варта. Па словах экспэрта, гэта ня тое месца, дзе маюць значэньне вакальныя і артыстычныя здольнасьці:

Зьміцер Падбярэскі
“Гэта нават ня конкурс, гэта тэлешоў. Вось і ўсё, гэтым усё тлумачыцца. Бо для тэлешоў не абавязкова, каб была добрая песьня. Не абавязкова, каб выканаўца ці калектыў вызначаўся тэхнічна высокім узроўнем выкананьня. Не абавязкова, каб сьпявак меў выдатны голас і выдатнае валоданьне ім. Галоўнае там — паказаць шоў. А ўсе іншыя рэчы, якія маюць непасрэднае дачыненьне да музыкі, яны недзе на чацьвёртых ролях застаюцца. Яшчэ раз паўтараю: на „Эўрабачаньні“ галоўнае — зрабіць добрае тэлевізійнае шоў, якое б глядзела найбольшая колькасьць людзей ва ўсім сьвеце ці прынамсі ў Эўропе. І ўвесь сэнс, больш там нічога не перасьледуецца. І таму гэта не музычны конкурс”.



Паўфіналы і фінал конкурсу “Эўрабачаньне-2009” пройдуць у маскоўскім спарткомплексе “Алімпійскі” 12, 14 і 16 траўня. Пётар Ялфімаў будзе спаборнічаць у першым паўфінале з прадстаўнікамі Босьніі і Герцагавіны, Андоры, Бэльгіі, Ізраілю, Армэніі, Швэцыі, Чэхіі, Чарнагорыі, Ісьляндыі, Баўгарыі, Македоніі, Партугаліі, Швайцарыі, Фінляндыі, Турэччыны, Мальты і Румыніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG