Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баршчэўскі: “Сьвяткаваньне Дня Волі павінна быць мірным”


Вінцук Вячорка, Лявон Баршчэўскі, Віктар Івашкевіч

Вінцук Вячорка, Лявон Баршчэўскі, Віктар Івашкевіч

Арганізатары сьвяткаваньня Дня Волі запрасілі на 25 сакавіка прадстаўнікоў міжнародных структур і Эўрапарлямэнту. Ініцыятары акцыі лічаць, што дзеяньні ўладаў у гэты дзень стануць своеасаблівым іспытам на гатоўнасьць да перайманьня эўрапейскага шляху ў справе вываду краіны зь цяжкога становішча.

25 сакавіка за шэсьцем у Менску будуць назіраць прадстаўнікі Эўрапарлямэнту і дыпляматычных місій краінаў Заходняй Эўропы і ЗША. Пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі заявілі лідэр партыі БНФ Лявон Баршчэўскі і ягоныя намесьнікі Вінцук Вячорка і Віктар Івашкевіч.

Заяўнікі акцыі прасілі чыноўнікаў Менгарвыканкаму дазволіць збор удзельнікаў каля прэзыдыюму Акадэміі Навук і шэсьце да Кастрычніцкай плошчы. Яны прасілі не прапаноўваць ім плошчу Бангалор.

Віктар Івашкевіч: “Калі будзе дадзены адказ, што дазволенае месца збору каля Акадэміі Навук, то гэта будзе магчымасьць усім людзям пры выбары рашэньня, сядзець у хаце ці пайсьці — змогуць пайсьці. Калі ж улады адмовяць у зборы каля Акадэміі Навук, то тым самым яны будуць капаць яму самі сабе.

Эўрапейскімі палітыкамі было заяўлена, што любыя сілавыя дзеяньні з боку ўлады сарвуць усе гэтыя перамовы аб магчымым супрацоўніцтве Эўропы зь Беларусьсю, у першую чаргу эканамічныя“.

Вінцук Вячорка акрэсьліў лёзунгі, пад якімі плянуецца шэсьце 25 сакавіка: “Зьявіўся новы кірунак рэпрэсіяў. Безумоўна, мы будзем казаць пра лёсы ўсіх гэтых людзей. Мы будзем 25 сакавіка казаць пра міжнародны аспэкт нашай незалежнасьці. Ніякага рэальнага развароту няма.

Ёсьць скандальнае падпісаньне пагадненьняў з Расеяй — гэта супрацьпаветраная абарона і агрэсіўны ваенны блёк постсавецкіх дыктатураў, непразрыстасьць пагадненьняў з Расеяй, найяскраўшым прыкладам якіх ёсьць атрыманьне паўмільярда з пуцінскіх рук. Узамен за што? Гэта будзе адной з ключавых тэмаў, узьнятых намі напярэдадні і падчас 25 сакавіка”.

Лявон Баршчэўскі падкрэсьліў: арганізатары спадзяюцца, што падрыхтоўка да акцыі і дэманстрацыя адбудуцца ў мірнай атмасфэры:

“Сьвята 25 сакавіка — дзень важны, традыцыйны. Мы папросту хочам, каб не нагнятаўся страх у грамадзтве перад гэтай акцыяй. Вось улада ўчора паказала, што, аказваецца, можна не разганяць — і нічога не абваліцца… Няхай яна гэта паказвае і далей. Але наш пасыл: хацелася б, каб рашэньні прымаліся не ў апошнюю хвіліну і не самім Лукашэнкам. Трэба, каб кожны чалавек, які ідзе на акцыю, ведаў, што яму гарантаваныя правы”.

Віктар Івашкевіч дадаў: “Абвал робіцца відавочным. Папросту па цэтліках, якія людзі пачынаюць атрымліваць падчас атрыманьня заробку. Вар’яцтвам можна ацэньваць дзеяньні, накіраваныя на зрыў нейкіх пагадненьняў з Эўропай.

Менавіта такім вар’яцтвам можа быць паўтарэньне сцэнару мінулага году 25 сакавіка. Таму што менавіта ЗША і Эўропа будуць лякаматывам выхаду з сусьветнага эканамічнага крызісу”.

Арганізатары акцыі разьлічваюць, што не паўторыцца леташні сцэнар, калі спэцназаўцы, якіх прывезьлі ў Менск з Гомеля, атачылі натоўп патэнцыйных удзельнікаў акцыі на праспэкце Незалежнасьці і жорстка зьбілі людзей пры затрыманьні. Некаторым спатрэбілася мэдычная дапамога. Міжнародная супольнасьць асудзіла дзеяньні беларускіх уладаў і заклікала іх прытрымлівацца міжнародных нормаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG