Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магчымае запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі на саміт у Прагу, самазабойства праваабаронцы з Салігорску Яны Паляковай, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Магчымае запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі на травеньскі саміт кіраўнікоў краін Эўразьвязу ў Прагу — адна з тэмаў абмеркаваньня слухачоў “Свабоды”.

Яцкевіч: “Ці запросяць Аляксандра Рыгоравіча на эўрапейскі саміт, ці не? Як бы там ні было, я думаю, што гэтым разам палітыка Эўразьвязу якраз дальнабачная. У тым сэнсе, што сёньня пакуль што Лукашэнка — прэзыдэнт Беларусі. Іншая справа (што зробіш, такая доля наша), што мы год на сто, па маіх падліках, адстаем ад цывілізацый усяго сьвету”.

Спадар: “Запрашаць на саміт у Прагу грамадзяніна Беларусі Лукашэнку рана. З папуліста-партакрата нельга зрабіць дэмакрата”.

Слухачы таксама працягваюць выказвацца з нагоды самагубства салігорскай праваабаронцы Яны Паляковай:

Генадзь, Мядзел: “Сьмерць праваабаронцы — гэта расчараваньне ў жыцьці. Побач зь ёй не аказалася нікога, хто б мог яе падтрымаць у цяжкую хвіліну. А гонар для яе аказаўся даражэйшы за жыцьцё. А дыфірамбы сьпяваць пасьля сьмерці — гэта непрыстойны занятак”.

Далей слухачка задае пытаньне:

Спадарыня: “У траўні ўступае ў дзеяньне новы парадак налічэньня алімэнтаў. З улікам ужо дзейных законаў пра ўхіленьне ад выплаты алімэнтаў унесеныя папраўкі, хай і пад прыгожай шыльдачкай, насамрэч могуць прывесьці да ператварэньня несьвядомых грамадзян у вечных рабоў, фактычна стварэньня працоўных калёній, вырвацца зь якіх будзе ўжо немагчыма. Прашу юрыстаў пракамэнтаваць гэтую сытуацыю”.

Адказвае праваабаронца Валянцін Стэфановіч:

“Мы, беларускія праваабаронцы, канечне, ня кажам, што абараняем алькаголікаў, а таксама бацькоў, якія не выхоўваюць сваіх дзяцей. З гэтым трэба змагацца, але змаганьне гэтае павінна быць у прававым рэчышчы, каб не парушаліся правы чалавека. Бо змаганьне з асацыяльнымі элемэнтамі неправавымі мэтадамі падаецца нам такім комплексам парушэньняў правоў чалавека”.

Працягваем праграму выказваньнямі на розныя іншыя тэмы:

Галіна Азаронак, Талачынскі раён: “Добра, што гучыць голас у падтрымку тых, хто змагаецца з хабарнікамі ў Талачынскім раёне. Тэлефаную вам яшчэ і таму, што ў Талачын прыяжджаў галоўны прафсаюзны бос Козік, які паглядзеў на спартыўныя аб’екты, выказаў задавальненьне ўсім. Толькі сказаў, што ў раёне няма басэйна. Вось на гэтым будаўніцтве раскрадуць болей”.

Ігар Пасноў: “Чарговы экспэрымэнт пачынаецца на Віцебшчыне. 14—15 сакавіка абвешчаны суботнікам і нядзельнікам. А гэта значыць, што на двары ляжыць сьнег, а мы будзем даставаць бруд з-пад сьнегу. Больш няма чым займацца працоўным калектывам у такі цяжкі час, як толькі выкалупваць бруд з-пад сьнегу, які яшчэ не растаў”.

Спадар: “Бальніца № 2 г. Менску пабудавана 210 год таму! Гэта былы манастыр. Знаходзіцца ў цяжкім стане. Яе плянавалі зачыніць яшчэ ў 2007 годзе. Аднак не зачынілі. Старыя ложкі, мэбля, адна прыбіральня на 60 чалавек. Аднак наш урад абвясьціў пра новае будаўніцтва — хакейны манэж у Чыжоўцы. На гэта сродкі знаходзяць, а колькі атрымліваюць лекары, мэдсёстры і санітаркі? Па 200—300 рублёў. Гэта -- насьмешка!”

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24 Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG