Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дыпляматычная хвароба” Лукашэнкі


Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

11 сакавіка кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка накіраваўся з рабочым візытам ў Армэнію. Паводле афіцыйных мэдыяў, адбылася кароткая сустрэча сам-на-сам з прэзыдэнтам Армэніі Сержам Саргсянам.


Заплянаваныя сустрэчы на вышэйшым узроўні, а таксама з прадстаўнікамі дзелавых колаў. Мэта візыту – “стварыць патрэбную атмасфэру для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва дзелавых колаў абедзьвюх краін”. Многія аглядальнікі назвалі гэты візыт раптоўным. Чаму ж Аляксандар Лукашэнка накіраваўся ў Армэнію? Пра гэта з палітолягам Аляксандрам Класкоўскім гутарыць наш карэспандэнт Алесь Дашчынскі.

Карэспандэнт: У афіцыйных мэдыях вельмі скупая інфармацыя ці зусім ніякай, як гэта было ва ўчорашняй вечаровай праграме навінаў БТ, пра гэты візыт. Чаму ж Аляксандар Лукашэнка накіраваўся ў Армэнію менавіта цяпер? І ці можа гэты візыт неяк папсаваць стасункі Беларусі з Азэрбайджанам?

Класкоўскі: “З такім жа посьпехам беларускі афіцыйны кіраўнік мог бы ў гэтыя дні паляцець у любую іншую сталіцу, дзе апэратыўна згадзіліся б яго прыняць. Прычыны такога маланкавага візыту трэба шукаць не ў двухбаковых дачыненьнях паміж Беларусьсю і Армэніяй, і не ў каўкаскіх праблемах, а па лініі Масква-Менск-Брусэль. Што тычыцца стасункаў з Азэрбайджанам, то я думаю, што гэты візыт на іх ніяк не паўплывае, бо трэба аддаць належнае беларускаму кіраўніцтву, яно добра вытрымлівае балянс у дачыненьнях як з Ерэванам, так і з Баку. Што да тэматыкі самога візыту, то яна такая шэраговая, другарадная. Нават прадстаўнікі дзяржаўных СМІ не знаходзяць нейкіх зачэпак, каб больш-менш шырока адлюстраваць гэты візыт. Армэнія – гэта не тая краіна, якая ў крызіснай сытуацыі можа дапамагчы Беларусі крэдытамі ці энэргарэсурсамі. У іх нядаўна нацыянальная валюта драм абвалілася яшчэ больш, чым беларускі рубель.Таму ад такой каапэрацыі бедных карысьці не будзе. З такім жа посьпехам і цераз месяц і цераз два можна было б зрабіць гэты візыт”.

Карэспандэнт: Значыць, прычыны ад'езду А.Лукашэнкі зь Менску трэба шукаць на лініі Масква-Менск-Брусэль? Чаму?

Класкоўскі: “Ёсьць такі выраз – “дыпляматычная хвароба”. Гэта, калі нейкаму палітычнаму дзеячу трэба пазьбегчы непажаданых кантактаў, ён тады кладзецца на дно такім чынам. Тут армянскі прэзыдэнт, як добры сябар, адгукнуўся і пагадзіўся хутка прыняць калегу зь візытам. А звышзадача палягала ў тым, каб усё ж не раздражняць Маскву на гэтым этапе, калі ў Менск так вось зачасьцілі высокія госьці з Эўропы. Зараз Масква дае адкрытым тэкстам зразумець беларускаму афіцыйнаму кіраўніку, што ён, маўляў, трошкі загуляўся ў эўрапейскі вэктар. І гэта выклікае пэўную рэўнасьць. Гэта вядомая фобія Масквы, што Беларусь сыдзе зь яе сфэры ўплыву. Тым больш, што зараз для такіх засьцярогаў ёсьць падставы, бо палітыкі ў Брусэлі не ўтойваюць, што менавіта выцягнуць Беларусь са сфэры расейскага ўплыву ёсьць звышзадачай цяперашняга пацяпленьня ў стасунках. Зараз Брусэль настолькі ў гэтым зацікаўлены, што нават гатовы падхапіць вось гэтую гульню Аляксандра Лукашэнкі – калі сам ён нібыта дыстанцуецца ад працэсу, але працэс ідзе. Вобразна кажучы, квіток ва Ўсходняе партнэрства для Беларусі ўжо выпісаны, у кішэні беларускага кіраўніцтва. Гэты візыт у Армэнію адлюстраваньне цяперашняй палітыкі афіцыйнага Менску – лавіраваньня паміж двума цэнтрамі сілы”.

Карэспандэнт: Паводле афіцыйных мэдыяў, армянскі бок запрасіў А.Лукашэнку пабываць між іншым у гарах. Зноў у дэлегацыі ягоны сын Мікалай. Напрошваюцца аналёгіі зь нядаўнім візытам ў Сэрбію. Можа і не варта шукаць тут нейкай звышзадачы...

Класкоўскі: “Калі ўжо ён паляцеў, то, канечне, ён можа там прыемнае з карысным спалучыць. Але дзеля гэтага адмаўляцца ад сустрэчы з Бэнітай Фэрэра-Вальднэр, безумоўна, беларускі кіраўнік не стаў бы. Проста так займацца эпатажам Эўропы, асабліва ў такі адказны момант, калі без вялікіх намаганьняў, як у казцы, пачала рэалізоўвацца тая стратэгія, якой увесь час ад Эўропы дамагаўся беларускі бок. Раптам рабіць такі дэмарш было б неразумна. Так што ўсё ж на першым пляне стаяла задача пад нейкай маркай пакінуць Менск у гэтыя дні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG