Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта баяцца пятніцы, 13-га?


Сёньня – пятніца, 13-га. Дакладна невядома, чаму людзi ўспрымаюць гэты дзень з такой перасьцяргай. Ні царква, ні астролягі вялікіх падставаў тут ня бачаць.

Па адной з вэрсiй тэолягаў, менавiта ў пятнiцу, 13-га Ева пачаставала Адама забароненым яблычкам, адсюль і выгнаньне з Эдэму. Па другой — у гэты дзень Каiн забiў Авэля, але гэтыя згадкi нiчым не пацьвярджаюцца. Яшчэ лічба 13 асацыюецца са здрадай і пагібельлю Хрыста.

Кіраўнік аддзелу адукацыі і катэхізацыі Менскай эпархіі Беларускай праваслаўнай царквы Аляксандар Шымбалёў і гэта абвяргае:

«Па-першае, расьпялі Хрыста ў чацьвер, а памёр ён у пятніцу. Якога чысла – невядома, гэта нават багасловы ня ведаюць, нягледзячы ўжо на астролягаў. Гэты забабон вельмі позьні, ён не адносіцца да старажытнага сьвету. Пятніца, 13 – гэта забабон, які зьявіўся, магчыма, гадоў 150 таму, то бок ў 19 стагодзьдзі. І ён ня мае ніякіх адносінаў да расьпяцьця Хрыста».

Шмат сучасных гісторый (уключна з “Кодам да Вінчы») сьцьвярджаюць, што кароль Філіп IV (па мянушчы Прыгожы) арыштаваў і зьнішчыў бальшыню Рыцараў ордэну Тампліераў у пятніцу 13 кастрычніка 1307 года. Канчатковае замацаваньне містычнай даты адбылося пасьля выхаду папулярнага фільму жахаў «Пятніца, 13-га» у 1980 годзе. Дарэчы, найбольш успрымальныя да забабонаў амэрыканцы. Магчыма, iх веру ў небяспечнасьць лiчбы 13 падмацавала гiсторыя «Апалёна-13». У 1970 годзе гэты касмiчны карабель перарваў свой палёт да Месяца з-за выбуху кiслароднага балона. Яго старт прыйшоўся на 13 гадзiн 13 хвiлiн 13 красавiка з пляцоўкi нумар 39 (тройчы 13).

А ў Кiтаi, Карэi i Японii, наадварот, лiчба 13 расцэньваецца як шчаслiвая, незалежна ад дня тыдню.

Астроляг Мікола Кандратаў у сувязі з гэтым кажа:

«З астралёгіяй гэта сувязі ніякай ня мае. Сама лічба 13 ня мае ніякага нэгатыву. Напрыклад, для знаку Задыяку Блізьняты лікам зьяўляецца 13. Блізьняты – нармальны знак».

Кіраўнік аддзелу адукацыі і катэхізацыі Менскай эпархіі Беларускай праваслаўнай царквы Аляксандар Шымбалёў кажа, што любы сымбалічны сэнс зьвязаны з гістарычнымі рэаліямі той ці іншай культуры:

«Усе каляндарныя пытаньні прыдуманыя людзьмі для зручнасьці ліку дзён, і ня маюць ніякай містыкі пад сабой. Сямідзённы тыдзень – гэта выпадковасьць, лік дзён у месяцы – цалкам валюнтарысцкае рашэньне. Вось мы карыстаемся грыгарыянскім календаром. Але пятніца, 13-га ня будзе 13-м па іўдзейскім календары альбо мусульманскім, ня кажучы ўжо пры кітайскі. Гэта забабон».

Айцец Аляксандар перакананы, што ня трэба баяцца пятніцы, 13-га. Ўсё гэта містыка, забабоны, прымхі.
XS
SM
MD
LG