Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няма пашпарту, няма і стажу


55-гадовая жыхарка Берасьця з працоўным стажам амаль 40 гадоў не атрымлівае пэнсію, бо адмовілася атрымаць пашпарт узору 1996-га году.


Прайшоўшы ўсе судовыя інстанцыя ў Рэспубліцы Беларусь і атрымаўшы паўсюль адмову, Тацяна Ячнік накіравала скаргу ў офіс па правах чалавека ў Жэнэве.

З заявай на прызначэньне ёй пэнсіі па ўзросьце Тацяна Ячнік зьвярнулася да працадаўцы – Брэсцкага лікёра-гарэлачнага заводу “БЕЛАЛКО”. Аднак ёй адмовілі. У зьвязку з адсутнасьцю пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь узору 1996-га году.
Справа ў тым, што жанчына – верніца, праваслаўная хрысьціянка. Яна лічыць, што ідэнтыфікацыйны нумар у пашпарце ўзору 1996-га году нясе ў сабе антыхрысьціянскую сымболіку, якая абражае яе рэлігійныя пачуцьці. Таму пашпарт новага ўзору яна не атрымлівала.

З 2007 году Тацяна Ячнік напісала скаргі ва ўсе магчымыя дзяржаўныя інстанцыі. Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь прызнаў рашэньні ніжэйшых інстанцый правамоцнымі. Хаця, як сьведчыць Зінаіда Міхнюк, сябра незалежнага прафсаюзу РЭП, у часе суду як быццам да сытуацыі ставіліся з разуменьнем:

“Вельмі хацелі дапамагчы, як быццам бы з разуменьнем паставіліся. Але, параіўшыся… Вы ж ведаеце, якія ў нас суды. Карацей, ставілі ўсё ў прыклад, маўляў, Філарэт сказаў, што гэта не грэх – мець ідэнтыфікацыйны нумар”.

На думку колішняга судзьдзі Канстытуцыйнага суду Валерыя Фадзеева, сытуацыя Тацяны Ячнік вымагае індывідуальнага падыходу і вырашэньня на яе карысьць. Можа быць прызнаны сапраўдным і яе стары пашпарт:

“Калі пашпарты былі выдадзены правамоцнымі дзяржаўнымі органамі, калі няма сумневу ў тым, што яны сапраўдныя, то чаму ён, гэты пашпарт, ня можа існаваць? Усё ж такі трэба правы чалавека ставіць на першае месца. І калі ён зарабіў сваю пэнсію, то ён мусіць яе атрымаць, незалежна ад таго, памяняў ён пашпарт ці не памяняў”.

Уладзімер Мацкевіч, філёзаф, адзін з актывістаў хрысьціянскага руху, мяркуе , што праблема вымагае індывідуальнага падыходу з боку дзяржавы:

“Гэткія рэчы і на Захадзе сустракаюцца, у Эўропе, і па ўсім сьвеце. Звычайная праява нонталерантнасьці, нонканфармізму фундамэнталісцкага, эзатэрычнага тыпу. І да гэтых людзей трэба ставіцца менавіта гэткім чынам. Запрашаць трэба псыхолягаў, экспэртаў і вырашаць пытаньні ў індывідуальным парадку. Трэба шукаць нейкі кампраміс”.

Зінаіда Міхнюк кажа, што выпадак Тацяны Ячнік – толькі адзін з мноства:

“Да ёсьць гэткая праблема. І такіх людзей у Берасьці – 110 чалавек. З сацабароны жанчына сказала, што гэткіх грамадзянаў становіцца ўсё больш. Маўляў, дайце мне пастанову суда - я налічу пэнсію. А калі я налічу без пастановы суда – то вылічаць зь мяне”.

Тацяна Ячнік лічыць, што адмовы беларускіх судовых інстанцый парушылі яе права на свабоду веравызнаньня ці перакананьня, якое ахоўваецца артыкулам 18 п.2 міжнароднага пакту пра палітычныя і грамадзянскія правы. Яна накіравала скаргу ў офіс па правах чалавека ў Жэнэве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG