Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два гады — і ўсё па барабане


Андрэй Хадановіч. Фота — Сыльвія Бэрнацка

Андрэй Хадановіч. Фота — Сыльвія Бэрнацка

khadanovich

Думаў, ці варта неяк адзначыць два годзікі свайго ЖЖ. А тут якраз прапанавалі далучыцца да “Дня блогера”. Вось жа, даруйце, калі тон выйшаў занадта “юбілейны”.

Не пратэстую, але пачуваюся няёмка, калі нехта называе мяне блогерам на падставе толькі таго факту, што я маю ЖЖ. Як ніколі не пярэчыў, але моцна зьдзіўляўся, калі мяне называлі “бардам”, убачыўшы з гітарай, або, скажам, “нашаніўцам”, убачыўшы тэксты ў “НН”.

ZAH:

Навошта я пішу блог?

Бо ўсе іншыя спосабы публікавацца для сучаснага літаратара — яшчэ горшыя.

Што я больш за ўсё люблю ў блогах?

Хуткую рэакцыю чытачоў. Часам яны рэагуюць, нават не пасьпеўшы дачытаць да канца. Чакаю моманту, калі пачнуць рэагаваць яшчэ да напісаньня тэкстаў. Гэта, думаю, вельмі дапамагло б айчынным пісьменьнікам з выбарам тэмаў.

Што я больш за ўсё не люблю ў блогах

Шматслоўнасьць. Трэба забараніць халяўны інтэрнэт — і тыя, хто не беражэ наш час, будуць прынамсі ашчаджаць свае грошы.

Пяць (і больш) блогаў, якія я раю наведаць

1. Знакаміты рок-музыка яшчэ й клясна малюе:

d-yuzik

2. Хармс прызямліўся ў Гародні, а цяпер жыве ў Менску і ў гэтым ЖЖ:

nutranyburatina

3. Моўныя парады ад клясыка. Месцамі занудна, але вельмі павучальна:

paciupa

4. Тройца найлепшых беларускіх маладых паэтаў:

ryzhkou
pistonczyk
adamovitch

5. І яшчэ тры блогі сымпатычных мне перакладчыц паэзіі:

ivan-da-marja
pani-cogito
lady-z-shalomam

Апошняя перакладае “пад замком”, так што сябруйцеся. :)
Як на мяне, сапраўдны твор блогера — тое і толькі тое, што напісалася й магло напісацца выключна для блогу. Ніводнага такога допісу я за два гады ў ЖЖ так і не нарадзіў, абмяжоўваючыся вершыкамі і зрэдзьчасу перакладамі ды абвесткамі, што ў прынцыпе не супярэчыць ідэі блогу, але й ня ёсьць стопрацэнтным выкарыстаньнем гэтай творчай пляцоўкі. Гэта як, скажам, мець у руках чароўную палачку — і спрабаваць граць ёй на барабане. Цудаў ад гэтага наўрад ці паболее, але рытм утрымаць худа-бедна можна.

Вось жа, крыху пра граньне на гэтым барабане. Мне ніколі не падабалася назва “Жывы дзёньнік”, бо я ня веру ў шчырую споведзь амаль для 1000 чытачоў (хай сабе нават для 300 фрэндаў “пад замком”). Хутчэй ужо — “Жывы часопіс”, дзе ты сам сабе шэф-рэдактар, дызайнэр, карэктар і аддзел рэклямы ў адной асобе. Плюс фрэндстужка — твой калектыў аўтараў.

Ідэальны ЖЖ — як ідэальная газэта ці часопіс. Найважнейшае — добры падбор каманды, якая далей павінна была б усё рабіць сама. “Толькі дзе ты іх бачыў, ідэальную газэту ці часопіс?” — спытаецца скептык, намякаючы на кумаўство, сяброўства, зямляцтва, вечны аўтарытэт “сьвятых кароваў”, далікатную боязь кагосьці пакрыўдзіць і г.д. І будзе мець рацыю. Хочаш ведаць, чаму так выходзіць з нашымі газэтамі й часопісамі? Перачытай уласную фрэндстужку.

Калі за “часопіс” бярэцца літаратар, ён ня можа ня выйсьці літаратурным. Думаю, я далёка не адзіны, хто мог бы сказаць: у маёй фрэндстужцы добрай паэзіі ў разы болей, чым у дзяржаўных і нават недзяржаўных часопісах, якія чытаць ужо ня так цікава. Ці не таму, што найцікавейшае ўжо чыталася раней, у блогах?

“Навошта ты замарочваесься з друкам на паперы, — спытаўся адзін нелітаратурны знаёмы, — калі й так вывешваеш свае вершы ў ЖЖ?” А і праўда, навошта? Наклад кніжак супастаўны з колькасьцю ЖЖ-чытачоў. Апошнія гады кніжкі гэтыя пачалі прыносіць сымбалічны прыбытак, але ён аж ніяк не акупляе клопатаў, зьвязаных зь іх падрыхтоўкай і распаўсюдам у нашай краіне, дзе літаратурныя агенты і нармальны кніжны рынак (не кірмаш, а менавіта рынак!) — справа далёкай будучыні.

Я тады аджартаваўся, што, надрукаваўшы томік ці апублікаваўшыся ў часопісе, заўсёды змагу “вывесіць” вокладку кніжкі ці інтэрнэт-спасылку ў сваім блогу, калі ня будзе ідэяў для больш крэатыўнага постынгу.

“А дрэваў не шкада?” — працягваў той. “Шкада, але… памяці шкада яшчэ болей!” — я ўжо меў новую адгаворку. Калі тэкстаў у цябе робіцца больш, чым ты можаш запомніць і прачытаць напамяць, уласная кніга — самая надзейная шпаргалка. Паспрабуй так з ЖЖ.

Але выявілася, што можна і з ЖЖ. Неяк на фэстывалі я ўбачыў паэтаў, якія чыталі ня з кніжак і нават не з паперак, а проста з мабільных тэлефонаў, празь сеціва падлучыўшыся да сваіх блогаў. “Клас!” — падумаў я і ледзь не разьвітаўся з ідэяй новай папяровай кнігі. Добра яшчэ, своечасова згадаў, што ня маю мабільнага тэлефона. І не хачу.

А чым заводзіць мабільнік, лепш ужо раз на год выдаваць па кніжцы.



Андрэй Хадановіч (1973) — паэт. Аўтар некалькіх надрукаваных і ненадрукаваных кніжак. Эсэіст на замову. Выкладае літаратуру студэнтам і ліцэістам. Перакладае, перакладаецца, павучае іншых перакладчыкаў. Вучыцца кіраваць Беларускім ПЭН-Цэнтрам. Друкуецца ў “Дзеяслове”, “ARCHE”, “пАРТызане”, “Нашай Ніве” і ўласным жывым часопісе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG