Лінкі ўнівэрсальнага доступу

chareuski

Беларусы вельмі шануюць сваю асабістую прастору. Калі беларус заходзіць у вагон, у якім сядзіць усяго адзін чалавек, то ён беспамылкова знойдзе кропку найбольш аддаленую ад другога чалавека, каб сесьці самому. Мо таму ў нас пасьля КПСС так і ня высьпелі вартыя ўвагі партыі… Сама думка пра партыйную дысцыпліну ці пра патрэбу ў рэгулярных сходках балючая для здаровай беларускай псыхікі. Падазраю, тое самае тычыцца й амаль бясплённых у Беларусі спробаў цягам апошняе чвэрці стагодзьдзя запусьціць рухавік рэлігійнага жыцьця.

1. Навошта я пішу блог

Я пішу свой блог менавіта як уласны нататнік, каб не забыцца на нейкія рэчы, што лічыў важнымі. Зьбіраю ў ім урыўкі сваіх думак і падарожных нататак, што пазьней могуць стаць паўнавартаснымі тэкстамі. Часам так і атрымліваецца — напісаная зацемка абрастае ўдакладненьнямі й камэнтарамі, зь якіх ужо нескладана скласьці нешта складнае.

Прыемна ўсьведамляць пры тым, што ў гэтым Усясьвеце таксама ёсьць розум, які цягнецца да кантакту з табою :)

2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах

Годнасьць. Чалавек мае ў блогу ўнікальную магчымасьць быць самім сабою. Калі няма чаго паведаміць — мо варта і змаўчаць? Жаданьне спадабацца ўсім чытачам у Інтэрнэце — пошласьць.

Густ. Дастатковасьць — вось мера густу. Мікелянджэлё лічыў, што адсякае ад мармуру лішняе…

Гумар. Самая дэфіцытная якасьць у беларусаў. Усе самыя вялікія глупствы ў гісторыі рабіліся менавіта з сур’ёзным выразам на твары.

3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах

Спробы навязаць ідэалёгіі, любым коштам абразіць, зьняславіць сваіх віртуальных і рэальных апанэнтаў. Зграі, як высьвятляецца, могуць блукаць і ў віртуальных нетрах.

Спробы размазаць свае віртуальныя фэкаліі па шкельцах нашых манітораў. Засранцаў, як высьвятляецца, нямала і ў тым сьвеце :)

4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць

Гэта справа густу. Калі хто цікавіцца Вільняй мінулых эпохаў — варта зазірнуць, што піша szhaman. Калі хто праймаецца лёсам і пэрспэктываю айчыннае архітэктуры і будаўніцтва — darrіuss.

Я асабіста, як цікаўлюся, перадусім, жывой культурай, то амаль штодня праглядаю, што пішуць annahonda, andrej_voronіn, ul_scіapan, adam_hlobus.
Беларускі краявід, у адрозьненьне, скажам, ад афрыканскага, заўсёды застаецца неразгорнуты. Гэта від у прачыненыя дзьверы. Калі йдзеш па лесе, бачыш толькі тыя дрэвы, што каля цябе, але ня бачыш лесу. Ягоны вобраз ствараецца ад дрэва да дрэва і — лапік блакіту ўгары. Гэта адчуваньне лесу, а не яго бачаньне, не сузіраньне. Цяжка ўявіць сабе групавую экскурсію ў беларускі лес. Каб пачуць птушак і ўбачыць зьвера — трэба йсьці аднаму. Нашы зьвяры ня ходзяць табунамі. Лось, мядзьведзь, рысь — вялікія індывідуалісты. І пабачыш іх у прачыненыя дзьверы. Адзін.

Наш краявід, нашае натуральнае асяродзьдзе зьляпіла і нас. Таму замах на сваю асабістую прастору беларус успрымае балюча. Вядзецца не пра абстрактныя дэмакратычныя правы чалавека, а пра тое, што належыць мне пэрсанальна. Уяўляеце, напрыклад, што вы вяртаецеся дахаты, а там пабываў бяз вашага ведама нехта чужы? Можа, і ня скраў нічога. Мо й не было чаго красьці. Але адчуваньне апаганенасьці сваёй прасторы, свайго маленькага сусьвету балюча адбіваецца ў людзкім сэрцы.

У маю электронную паштовую скрыню, што на tut.by, непрачытаныя лісты не прыходзяць. То бок новыя лісты, не чытаныя мною, пазначаюцца як ужо чытаныя. Ня мною. Хіба кожны ўжо беларус сутыкаўся з ускрытымі паштовымі капэртамі, перагледжанымі пасылкамі. Паштаркі толькі вінавата ўсьміхаюцца, просячы ўсё ж расьпісацца за бандэроль, якую ўжо нехта ператрос ды крыва заклеіў назад, нават ня дбаючы пра супадзеньне штэмпэляў… Спачувальна ўздыхаючы, яны аддаюць табе пасылачку. Усім усё ясна. Адчуваньне, што ў цябе нешта скралі, застаецца.

Як ня выкрасьліш, не перапішаш у нашай гісторыі і таго, што ў нас скралі амаль усё, што было магчыма — людзкія жыцьці і сьвятыя абразы, музэйныя і архіўныя скарбы, памяць і славу. У нас адабралі, зьнішчылі, пусьцілі парахном амаль усё, што нам было дарагім — геніяльныя творы, храмы, палацы, курганы. Дзіва, што ёсьць яшчэ што й сёньня апаганьваць, рабуючы храмы і музэі. Што можа біць мацней у беларускае сэрца? Дзіва — ня тое, якое мы займаем сёньня месца. Дзіва — тое, што мы наогул ёсьць.

Мне спачуваюць на мытнях, у паліклініцы, у падатковай інспэкцыі, у пад’ездах. Бо мною паўсюль ужо шматкроць пацікавіліся. Застаецца ўсьміхацца, адводзячы вочы. Спачуваюць беларусы. Бо гэта цалкам супраць нашай прыроды — зазіраць цераз плячо, чытаць чужыя лісты, здаваць на аналіз палітычнае добранадзейнасьці сваю сьліну, здымаць адбіткі пальцаў у людзей. Тыя, хто руліць, хочуць пераламаць саму нашую натуру й натуральную гідлівасьць да зграйнага йснаваньня. Але ўсім усё ясна…

Усё ўсім ясна — чаму, напрыклад, у нашым краі нішчацца бязьлітасна й несупынна памяткі мінуўшчыны. Бо начальства прадае дзялкі, на якіх яны стаяць, тым, хто болей заплаціць. Яму, начальству. Усім ясна, чаму ў такім ганебным стане нашая мова. Ясна, дзеля чаго няможна ў нашай краіне голасна ўслаўляць Беларушчыну. Ясна, чаму не раскрытыя справы пра выбухі ў Віцебску і ў Менску. Ясна, чаму ня могуць уздыхнуць вольна тыя, хто жыве сваім одумам і сваёй ініцыятываю.

Часам здаецца, што ўжо прайграна ўсё. Не застаецца ў Беларусі тэмаў, у якіх бы гучала нота аптымізму. Чаго б тое ні тычылася — месца мастацтва ў беларускім грамадзтве, ролі асьветы і адукацыі, помнікаў старасьветчыны ці лёсу нашага лесу. У нас скрадаюць і нашую спадчыну, і нашую будучыню.

Каб не было магчымасьці праз глябальнае павуціньне Інтэрнэту стасавацца з аднадумцамі й паплечнікамі ў цэлым сьвеце — як не апусьціцца да адчаю ад відовішча ўсяго, што робіцца ў нашым доме?

Але ў такія дні сумневаў, у дні нязносных роздумаў пра наканаваньні для маёй Айчыны, — толькі, бадай, ты адзіны мне падтрымка й апірышча, магутны, праўдзівы і вольны Інтэрнэт!)))

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG