Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Насуперак агульнаму ўяўленьню, шчырасьць – у памкненьнях, у працы, у змаганьні – не заўсёды заўважаецца і ўхваляецца іншымі. Бывае наадварот. Раздражняе, наструньвае, ятрыць. І тады думаеш – а можа, гэта й ня шчырасьць, а тое, што ты за яе выдаеш, – твая ўласная няздатнасьць быць адкрытым да іншых?

У сучаснай беларускай мове няма слова, якое б адпавядала расейскаму “общаться”. Усё, што прапануюць слоўнікі і вынаходзяць аматары роднага лексыкону, не задавальняе й не прыжываецца. Мець зносіны, вадзіцца, стасункавацца, паспалітаваць, камунікаваць, узаеміны, сумоўе... Праблема ня ў тым, каб кожны панятак у адной мове цалкам адпавядаў такому самаму ў іншай. Гэта якраз зусім неабавязкова. Праблема ў тым, што ў нас няма тэрміну сучаснае сацыялёгіі, псыхалёгіі, паліталёгіі. Мы шчыруем, а нас не разумеюць, бо мы не “общаемся”.

Крыж раздору

Пра гэта думалася мне, калі глядзеў новы дакумэнтальны фільм “Вызваленьне”, прысьвечаны палітычным вязьням. Група актывістаў прыяжджае ў вёску Дражна, дзе ў вайну партызаны забілі мірных жыхароў. Ставяць крыж. Падыходзяць прадстаўнікі мясцовае ўлады. Тое, што кідаецца мне ў вочы, ня мае дачыненьня да тэмы фільма. Бакі зь першых словаў настроеныя міжсобку варожа. Пасьля слоўнае пікіроўкі становіцца ясна, што калі актывісты зьедуць, мясцовыя крыж зьнясуць. Так і здараецца.

Вядома, ёсьць маральнае права кожнаму паставіць крыж, тым больш у месцы такой трагедыі. І бюракратычныя выразы “падрыхтаваць пытаньне”, “узгадніць”, пераканаць мясцовую ўладу выглядаюць побач з высокай маральлю нікчэмна. Але ж высокая мараль мусіць быць зразумелай для ўсіх, у тым ліку для мясцовых і для прадстаўнікоў улады. Мараль мусіць сьцьвярджацца. Мараль – гэта работа.

“Ды што зь імі размаўляць! Яны – цэрбэры, іх задача нас прыціснуць, яны ненавідзяць усё людзкае, беларускае, дэмакратычнае... Хай перапросяць! Хай першыя робяць крок насустрач!”

А як яны зробяць, як пакаюцца, калі высокая мараль на вашым, а не на іхным баку? Падзяліцеся зь імі сваімі ведамі, сваім перажываньнем, шукайце кампраміс, а не канфрантацыю. Стварайце грамадзкую думку і знайдзіце яе выразьнікаў, аўтарытэт якіх быў бы для мясцовае ўлады пераканаўчым. А інакш яшчэ вельмі ня хутка ўдасца паставіць у Дражне легальны крыж, які б ніхто ня зносіў. Бо канфрантацыю можна загнаць вельмі глыбока – у душы і ў пакаленьні.

Магчыма, я памыляюся, і гэта фільм стварыў такое ўражаньне апрыёрнае варожасьці актывістаў і мясцовых. Толькі ж гэта ня першы фільм і ня першае ўражаньне, калі нашы героі ніяк не дачыняюцца зь мясцовымі жыхарамі, а калі сустракаюцца, дык нашаторваюцца, быццам зьвяркі.

Тэма другога пляну

У польскім дакумэнтальным фільме пра мастака Алеся Пушкіна гэтае ўражаньне асабліва моцнае. Чалавек жыве, змагаецца, творыць нібыта ў поўным вакуўме. Людзі абходзяць яго стараной, а калі сустракаюцца, дык кідаюцца як ад агню. А кіно ж – пра сьветлыя ідэалы і іх носьбіта.

Нават у фільме “Галерэя Ады” прысутнічае гэты матыў, тэма другога пляну. Але там сама гераіня Ада Райчонак пакутуе ад такой ізгойскае ролі, шмат думае пра гэта, стараецца пераадолець накінутую зададзенасьць. Якраз ёй “общения” не бракуе. Таму ў мястэчку знаходзіцца шмат людзей, якія і радыя ёй і прыслухоўваюцца да яе, і дапамагаюць ёй.

Але, як кажуць, выключэньне толькі падкрэсьлівае правіла. І рэч зусім ня ў тым, што гаворка ідзе пра недзяржаўнае кіно ці апазыцыйных герояў. На дзяржаўнай тэлевізіі шмат гадоў выходзіць вельмі якасна зробленая, проста прыгожая перадача пра Дылетанта, які падарожнічае па вёсках і мястэчках ды распавядае пра іх гісторыю і прыкметнасьці. Усё быццам бы выдатна, калі б не адна асаблівасьць. У перадачы няма людзей. Нібыта вёскі вымерлі і ад таго, як кропля да кроплі, падобныя адна да аднае. Паказаць паселішча – разгаварыць яго насельнікаў. Але Дылетант таксама “не общается”.

“Братаньне з лукашыстамі”

Мой прыяцель мастак распавёў такую гісторыю. Рэдактары двух выданьняў запрасілі яго ў падарожжа па Беларусі. Як шафёра і як фатографа. Прыяжджаюць у вёску і штурхаюць яго, маўляў, ідзі, разгавары людзей. Самім ім неяк няёмка. І калі ён, спыніўшы дзядзьку ці цётку, распачынаў “общение”, падцягваліся да іх і рэдактары з дыктафонам.

Падобную гісторыю расказваў знаёмы памежнік – пра тое, як ён на мяжы сустракае відных беларускіх апазыцыянэраў і загаворвае зь імі пра пляны, пра будучыню, бо сам чалавек неабыякавы. Дык яны ад ягонае нязмушанае гаворкі страчваюць дар мовы або пачынаюць перашэптвацца: правакацыя, правакацыя! А што ж памежнікі – ня людзі? І місія ў іх – ахоўваць рубяжы роднае Беларусі.

Мяне часам папракаюць, маўляў, “заклікаю да супрацоўніцтва з крывавым рэжымам”, адзін нават напісаў, што клічу “братацца з лукашыстамі”. Але я ня Ленін на браневіку, каб кагосьці заклікаць. І ніколі не пісаў пра супрацоўніцтва ці тым больш братаньне. Усё, што я магу ў сілу свае прафэсіі, – разважаць пра патрэбу “общаться” зь людзьмі, з уладамі, з лукашыстамі, калі заўгодна. Толькі вось слова такога ў беларускай мове няма.

Чарнобыльскі Шлях у Астраўцы

Надоечы давялося прысутнічаць пры размове двух студэнтаў, якія адносяць сябе да дэмакратычнага кірунку. “А чаму б, – разважаў першы студэнт, – не перанесьці маштабныя апазыцыйныя мерапрыемствы ў правінцыю? Няхай бы ў кожным горадзе адбыўся свой Дзень Волі. А Чарнобыльскі Шлях трэба правесьці ў Астраўцы, дзе зьбіраюцца будаваць новую АЭС. І выглядаць там тры тысячы дэманстрантаў будуць выгадней, чым у Менску?” На гэта другі студэнт адказаў: “Дык таму й не пераносяць у правінцыю, бо там цяжэй разьмінуцца з народам. Людзі ў нас неактыўныя, не гатовыя, не зразумеюць дэманстрантаў. Спачатку зь людзьмі трэба размаўляць, тлумачыць сваю пазыцыю, і ня толькі тлумачыць, а дамагчыся разуменьня свае пазыцыі, толькі тады можна разьлічваць, што пратэст будзе падтрыманы. А цяпер, калі ў Астраўцы большасьць глядзіць на новую АЭС спакойна, выйсьці там з Чарнобыльскім Шляхам рызыкоўна. Можа й міліцыі не спатрэбіцца для разгону. А ў Менску вуліцы шырокія. Вы сабе дэманструйце, а мы пойдзем сваім шляхам”.

Але як зрабіць сваю шчырасьць дзейснай, гэта значыць, такой, якая й іншымі ўспрымаецца як шчырасьць? – гэта пытаньне. Можа быць, варта пачаць з таго, што знайсьці для расейскага “общения” свой, беларускі адпаведнік? Бо калі нешта ніяк не называецца, дык яго быццам бы і няма.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG