Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Помніка ў Курапатах чакаюць 20 гадоў


Дэпартамэнт аховы Менскага раёну прапанаваў грамадзкім актывістам арганізаваць нагляд за мэмарыялам у Курапатах, ацаніўшы свае паслугі ў 20 мільёнаў рублёў штомесяц. Пад пытаньнем застаецца і ўзьвядзеньне ва ўрочышчы помніка коштам дзяржаўнага бюджэту.

Абаронцы народнага мэмарыялу мяркуюць, што гэткім чынам улады дэманструюць ранейшую пазыцыю непрызнаньня Курапатаў.

Пытаньне пра арганізацыю патруляваньня Курапатаў кіраўнік Беларускага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч паставіў перад кіраўніцтвам вэртыкалі Менскай вобласьці. У раённы Дэпартамэнт аховы, які працуе на падставе платных дамоваў, запыт быў пераадрасаваны беспадстаўна, кажа спадар Астаповіч:

“Рана казаць, што нам адмовілі. Нам не адмовілі, а прапанавалі Дэпартамэнт аховы. Нам гэта не падыходзіць, і мы будзем зьвяртацца далей. Да прыкладу, у вёсцы Аколіца Менскага раёну базуецца спэцбрыгада міліцыі, і Курапаты знаходзяцца ў яе юрысдыкцыі. Будзем зьвяртацца туды, каб менавіта сіламі байцоў гэтай часткі забясьпечыць патруляваньне”.

Сёлета спаўняецца 20 год, як у Курапатах зьявілася мэмарыяльная шыльда ад тагачаснага ўраду БССР, з абяцаньнем, што тут будзе ўзьведзены мэмарыял у памяць ахвяраў масавых рэпрэсіяў. Пасьля пісьмовага напамінку цяперашняму Савету Міністраў прыйшоў адказ зь Менгарвыканкаму, што гэтая магчымасьць будзе разгледжаная пасьля заканчэньня мэмарыялізацыі Трасьцянца і вайсковых могілак часоў Першай сусьветнай вайны ў Менску. На думку сябра мэмарыяльнай сэкцыі таварыства Ўладзімера Раманоўскага, гэткі адказ пакідае малыя спадзяваньні, што помнік ж будзе ўсталяваны:

“Гэта адказ ад Менгарвыканкаму, а не ад ураду, які даваў абяцаньне, што акрамя помніка будзе арганізавана дасьледаваньне, вывучэньне ўсяго, што зьвязана з Курапатамі. Гэтая частка ўвогуле засталося па-за ўвагаю. Пытаньняў зьявілася больш, чым атрымана адказаў. Напісана, што будзе разгледжаная магчымасьць узьвядзеньня помніка ў Курапатах. Гэта значыць, што плянаў і намераў няма”.

Міністэрства культуры, таксама ў адказ на зварот Беларускага таварыства аховы помнікаў, заявіла пра неабходнасьць дадатковага вывучэньня пытаньня аб унясеньні Курапатаў у сьпіс сусьветнай культурнай і прыроднай спадчыны UNESCO. Усе гэтыя факты сьведчаць пра нязьменнасьць даўнейшага стаўленьня ўладаў да Курапатаў, кажа яшчэ адзін сябра мэмарыяльнай сэкцыі Вячаслаў Сіўчык:

“Апошняя, не да канца для мяне зразумелая пазыцыя ўладаў адносна Курапатаў сьведчыць, што сёньняшні рэжым проста ня здольны нават асэнсаваць, што адбывалася з нашым народам у тыя страшныя 30-я гады”.

Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937—1941 гадах карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.


У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты былі знойдзены парэшткі людзей. Гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі “Мартыралёг Беларусі”. У чэрвені 1988 году была створана ўрадавая камісія, і пракуратура БССР узбудзіла крымінальную справу па выяўленых фактах. У працэсе расьсьледаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 гады супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.

Пры аглядзе ляснога масіву выяўлена, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 пахаваньняў, зь якіх пры эксгумацыі праверана 8, і ў 6 зь іх знойдзены шкілетныя парэшткі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы.

Ва ўшанаваньне памяці ахвяр пастаўлены крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.

У Курапатах неаднойчы зьдзяйсьняліся акты вандалізму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG