Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Коля – эліксір маладосьці для прэзыдэнта”


Коля Лукашэнка з бацькам

Коля Лукашэнка з бацькам

Асабістае жыцьцё – сфэра далікатная, але ў публічных людзей і гэтая сфэра робіцца публічнай. У мінулым годзе на беларускай публічнай авансцэне зьявіўся Коля Лукашэнка, прэзыдэнт зь ім і на парадзе, і на стадыёне, і ў працоўнай паездцы. Зьяўленьне Колі маральнаму канону беларусаў не зусім адпавядае. Але, здаецца, што ніякага асаблівага адчужэньня, масавага абурэньня гэтым жыцьцёвым чыньнікам прэзыдэнта і мужчыны не назіраецца. А чаму? Яму даруюць альбо гэта ў прынцыпе дапушчальна: маўляў, калі б кінуў Колю – вось гэта быў бы злодзей, а так, калі клапоціцца аб ім – ну, грэх, але хто бязгрэшны?

Свае адказы на гэтыя пытаньні прапануюць кіраўнічка Віцебскай арганізацыі АГП Вольга Карач, пісьменьніца Марыя Мартысевіч і прафэсар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Альміра Ўсманава.


Усманава: У мяне дваістае стаўленьне да гэтай сытуацыі. Пачнём з таго, што тое, што дазволена мужчыну, не было б дазволена жанчыне на ягоным месцы. Калі б жанчына зьявілася зь дзіцём, імя бацькі якога так і не было б вядомае грамадзкасьці, зразумела, што гэта было б успрынята адназначна нэгатыўна.
Альміра Усманава

Тут мы маем справу зь легітымным мнагажонствам. І гэта не разглядаецца з пункту гледжаньня грамадзкай маралі як праблема: наяўнасьць у першай асобы ў дзяржаве некалькіх жонак – законных і незаконных – разглядаецца, як ягоная прыватная справа. Але мы разумеем, што ў людзей, якія ідуць у палітыку ці нават становяцца на чале дзяржавы, амаль нічога не застаецца прыватнага.
Мы маем справу зь легітымным мнагажонствам

Лукашэнка стварыў сытуацыю, у якой няма аналягаў. Ніхто зь вядомых нам прэзыдэнтаў з малымі дзецьмі на афіцыйных мерапрыемствах не зьяўляецца.

Я мяркую, што беларусам наагул цяжка крытыкаваць усё, што зьвязана са сфэрай прыватных адносінаў Лукашэнкі, бо на гэта накладзенае адназначнае табу. Людзі не рашаюцца камэнтаваць наяўнасьць дзіцяці, адсутнасьць маці, бо гэта можа пацягнуць за сабой непрыемныя наступствы. Мне здаецца, што для нас гэта было траўматычным, калі Лукашэнка пачаў разважаць пра Колю, як пра магчымага пераемніка. Тых, хто здольны думаць, уразіла думка, што наступным прэзыдэнтам можа стаць гэтае малое дзіця. Мне здаецца, што такое раньняе ўвядзеньне яго ў публічную сфэру можа разглядацца як спроба легітымізаваць магчымае будучае рашэньне гэтак жа, як і наступныя гады кіраваньня дзейнага прэзыдэнта.

Большасьць жанчын павінна была б абурыцца таму, што побач з малым дзіцём няма жанчыны, няма ягонай маці. Памятаеце, калі яго спыталі, чаму ён зьяўляецца на публіцы зь дзіцём, ён сказаў рэч, абсурдную з пункту гледжаньня здаровага сэнсу: "А хто пра яго яшчэ паклапаціцца?"

У кіраўніка дзяржавы ёсьць шмат людзей, якія маглі б пра дзіцё паклапаціцца. Таму я не магу ставіцца да яго заяваў пра пераемніка, як да жарту – за гэтым шмат што стаіць.
Марыя Мартысевіч

Мартысевіч: Я лічу, маленькі Коля Лукашэнка – ня проста піяр-ход, а піяр-двухадоўка. Памятаеце, колькі галасу было вакол рэбрэндынгу МТС? Столькі нэгатыву ў СМІ і сярод абанэнтаў, жартаў пра яйкі і яйцы… Прайшло пару год – і ўсё спакойна, а мабільны апэратар толькі выйграў.

Так, у беларускіх вёсках ажыўлена і занепакоена абмяркоўваюць пазашлюбнае дзіця Бацькі, а ў горадзе абураюцца таму, што дзеля іміджу
галава дзяржавы карыстаецца такой нявінаватай малечай… А мне здаецца, што ў выпадку зь вёскай, і шырэй – простымі людзьмі – разьлік ідзе акурат на тое, каб давесьці: прэзыдэнт свой, ён з народам. Уголас абураюцца, але кожны ведае пра сябе: ніхто не без граху. Гэтая бабуля на лавачцы нарадзіла траіх, а ўсё жыцьцё была дзеўка, у той унучка нарадзіла чацьвярых, каб атрымліваць ад дзяржавы сацыяльнае забесьпячэньне на алькаголь і сабутыльніка… Гэта не перабольшаньне – гэта ўсяго дзьве гісторыі з той плоймы жыцьцёвых сытуацый, разводаў, сямейных скандалаў і г.д., што, на жаль, атачаюць кожнага з нас. На гэтым фоне небязгрэшны прэзыдэнт атрымлівае публічнае асуджэньне, але стаецца бліжэйшым абываталю на ўзроўні падсьвядомасьці.

Мне могуць запярэчыць: лідэр дзяржавы павінны быць эталёнам сем’яніна і маральнасьці – як на Захадзе ect., але таму ў нас і такі лідэр, што ў нас – гэта не “на Захадзе”.
Лукашэнка заваёўвае сымпатыі катэгорый грамадзян, сярод якой раней у яго было найменш прыхільнікаў

Яшчэ, мне здаецца, Аляксандар Рыгоравіч лічыць, што пэнсіянэры зь іх настальгіяй па СССР – пройдзены этап. А іншая сацыяльная група – іншыя мэтады. Ён заваёўвае сымпатыі катэгорый грамадзян, сярод якой раней у яго было найменш прыхільнікаў. Маладыя людзі ў рэпрадуктыўным веку.

Усім добра вядомыя жыцьцёвыя сытуацыі, калі дарослыя ніколі б не сябравалі, калі б ня мелі дзетак-аднагодак, што разам бавяцца ў
пясочніцы. Тут тое самае, але на нейкім сымбалічным узроўні. Мне здаецца, маленькі сын для Лукашэнкі – абярог ад злых сілаў. Табу на
абразу дзіцяці, наяўнае ў любым здаровым грамадзтве, цяпер аўтаматычна распаўсюджваецца і на яго бацьку. Усё часьцей чуваць: “Пры чым тут дзіця, дзіця невінаватае!” Лукашэнка стаўся для свайго народу, незалежна ад палітычных перакананьняў таго ці іншага чалавека –
найперш маладым бацькам. Маленькі сын – жалезны аргумэнт.

Упэўненая, што і пасьля гэтай публікацыі вы атрымаеце абураныя водгукі: “Як так можна? Ён жа маленькі, а вы яго – зь яйкам параўналі!” Гэта ціск ужо не на нейкія сацыяльныя гарантыі, а наўпрост – на чалавечыя інстынкты.

А магчыма, усё зусім ня так, і наш кіраўнік проста дасягнуў такога дзэну, што яму цяпер абыякавыя любыя рэйтынгі і паблік рылэйшнз.
Маленькі сын для яго – эліксір маладосьці. Цалкам верагодна, ён успрымае сваё абраньне на пост прэзыдэнта краіны як пачатак другога
жыцьця. Малады тата проста радуецца сонцу, вясьне, маладосьці. Чаго і нам усім шчыра жадаю.
Вольга Карач

Карач: Я мяркую, што гэта была адна з тых парадаў, якія даваў Аляксандру Лукашэнку брытанскі піяршчык лорд Бэл. Аналізуючы падзеі, я прыходжу да высновы, што лорд Бэл даў Лукашэнку тры парады: дзьве спрацавалі на паляпшэньне ягонага іміджу і павялічэньне папулярнасьці, трэцяя таксама была добрая, але выкананьне падкачала. І вось другой парадай было прызнаньне Аляксандрам Рыгоравічам свайго пазашлюбнага сына.

Калі казаць пра жаночы электарат Лукашэнкі, я б падзяліла яго на дзьве часткі. Сама наяўнасьць пазашлюбнага дзіцяці, а тым больш яго прызнаньне выклікала велізарную хвалю абурэньня сярод жанчын пэнсійнага ўзросту. Гэта вельмі абмяркоўвалася, і рэакцыя была вельмі нэгатыўнай.

Зь іншага боку Лукашэнка ўвасабляе сабой жаночую мару пра моцнага і надзейнага мужчыну побач. Ні для каго не сакрэт, што Аляксандар Лукашэнка не жыве са сваёй жонкай. І тое, што ён паступіў, як мужчына, што ён прызнаў дзіця і выхоўвае яго – гэта згуляла не сярод ягонага традыцыйнага электарату, а дазволіла яму прыцягнуць больш сымпатый з боку жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту. Насамрэч шмат у Беларусі жыцьцёвых сытуацый, у выніку якіх зьяўляюцца пазашлюбныя дзеці. Ён стаў бліжэй і больш зразумелым людзям. Да таго ж дзіця – гэта заўсёды добра. Мужчына, які абдымае малое дзіця, здаецца дыктатарам з чалавечым тварам.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG