Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мотавела” спадзяецца на роварны сэзон


Эканамічная сытуацыя на найбуйнейшых прадпрыемствах Менску застаецца напружанай. Адчуваюцца затрымкі з выплатай заробкаў, не запатрабаваныя ў ранейшых аб’ёмах пастаўкі на экспарт, перапоўненыя вырабленай прадукцыяй склады і пляцоўкі. На шэрагу заводаў — няпоўны працоўны тыдзень.

Найбольш складанае становішча — на Менскім аўтазаводзе. У адміністрацыі адмовіліся даваць афіцыйныя камэнтары на той падставе, што журналісты нібыта згушчаюць фарбы і нэрвуюць рабочых. Аднак адзін з супрацоўнікаў на ўмовах ананімнасьці расказаў, што на МАЗе па-ранейшаму скарочаны працоўны тыдзень, занятасьць у залежнасьці ад вытворчасьці складае 3—4 дні. Больш чым на траціну згорнутая ўласна вытворчасьць: калі ў аналягічны пэрыяд летась з канвэеру сыходзіла больш за 1000 грузавікоў штомесяц, то цяпер толькі 300. Па словах суразмоўцы, на адной з пляцовак стаіць пад аховай 7700 аўтамабіляў, якія не ўдаецца прадаць. У патэнцыйных спажыўцоў агульныя праблемы, зьвязаныя зь немагчымасьцю ўзяць крэдыт ці аформіць машыну ў лізінг.

Пасьля амаль двух месяцаў прастою нарэшце запрацаваў менскі завод “Мотавела”. Праблемы пачаліся яшчэ пры канцы мінулага году, а ў студзені завод стаў цалкам. Як кажа генэральны дырэктар “Мотавела” Сяргей Аношка, у лютым пачалі крыху працаваць на склад, а з надыходам актыўнага сэзону адпачынкаў нават ёсьць спадзяваньне выйсьці на заплянаваныя магутнасьці — адрозна ад грузавіка, набыць ровар пакупнік можа і бяз банкаўскага крэдыту:

“Першы тыдзень лютага быў пускавы, калі пасьля прастою ў студзені пачалася падрыхтоўка да запуску вытворчасьці. Рамонтна-тэхнічныя службы займаліся прапампоўваньнем абсталяваньня, прафіляктычна-рэглямэнтнымі працамі. А пачынаючы з трэцяга тыдня, завод ужо працаваў у сваім нармальным рэжыме — практычна 1300 вэлясыпэдаў штодзень, і каля 15 тысяч было здадзена на склад. Цяпер яны адгружаюцца спажыўцам. Зараз магутнасьці захоўваюцца тыя ж. У нас канчатковы прадукт, вы зразумейце. Гэта ня трактары і не які-небудзь колавы цягач. Гэта канчатковы прадукт, які чалавек так ці інакш будзе купляць сам. Яму дзеля гэта ня трэба нічога — ні крэдыты, ні лізінг, ні што іншае”.

А вось супрацоўнікі заводу спэцыяльнай тэхнікі “Амкадор” сэзоннымі спадзяваньнямі ня цешацца. Ня так даўно афіцыйныя СМІ рэклямавалі навінкі кампактнай дарожнай тэхнікі “Амкадор”, якая ў пэрспэктыве пачне прыносіць валюту ў заводзкі бюджэт. Аднак майстар аднаго з цэхаў кажа, што насамрэч гэта толькі выставачныя экзэмпляры:

“Ёсьць навінкі, але гэта вельмі дробная сэрыя. На канвэер іх не пераводзілі, гэта ўвогуле можна назваць толькі досьледнымі ўзорамі. Таму да лепшага не зьмянілася нічога, да горшага — так. У нас яма досыць глыбокая, і мы зь яе пакуль ня выбраліся. Заробак заплацілі нам за студзень толькі ў канцы лютага, то бок — месячная затрымка. Дзякуй Богу, што аклад у рабочых калі і зьменшыўся, то неістотна. Праўда, у даляравым вымярэньні гэта ўжо зусім ня тыя грошы, што былі летась. Па загружанасьці — ніякага прагрэсу, зараз даводзім да ладу стары асартымэнт, новага нічога няма. Забіраем са складу тэхніку з бракам і яе фактычна па-новаму перарабляем, рамантуем”.

У адміністрацыі Менскага трактарнага заводу прызнаюцца, што трымаць прадпрыемства на паверхні дапамагае дзяржаўная праграма падтрымкі вытворцаў сельгастэхнікі. Напярэдадні пасяўной зь бюджэту выдаткаваныя сродкі на абнаўленьне калгаснага трактарнага парку. Запасы гатовай прадукцыі не такія вялізныя, як на МАЗе:

“Сытуацыя, так вам скажу, не катастрафічная, нават нармальная. Што да паставак тэхнікі, то яна ідзе і на ўнутраны рынак, і за мяжу. Ва ўсякім разе, калі б было вельмі дрэнна, то мы і на выставы ня езьдзілі б, эканомілі б сродкі. А так і паказы заплянаваныя, і ўдзельнічаем у шмат якіх выставах. Таксама ўваходзім у розныя сумесныя праграмы з Расеяй. Так што будзем спадзявацца, што і надалей усё будзе ня горш”.

Першы намесьнік генэральнага дырэктара менскага лікёра-гарэлачнага заводу “Крышталь” Сяргей Машкоў спадзяецца на актывізацыю попыту на беларускую алькагольную прадукцыю ў Расеі. Тамтэйшыя вытворцы гарэлкі адмаўляюцца працаваць з гандлёвай сеткай, якая ўсё часьцей ня плаціць за прадукцыю. “Крышталь” спадзяецца заняць пэўную нішу і атрымаць дадатковыя абаротныя сродкі:

“Долю экспарту, вываз прадукцыі за мяжу мы ўзмацняем. Дагэтуль экспартны складнік у нас быў невялікі, а зараз мы яго рэзка павялічваем. Справа ў тым, што ў Расеі зараз, калі вы сочыце за алькагольным рынкам, за апошні месяц назіраецца падзеньне вытворчасьці. Прынамсі, у студзені падзеньне было на ўзроўні 12%. Таму мы хочам заняць гэтую нішу, хоць і ў пэўнай ступені рызыкуем з аплатай за пастаўленую прадукцыю. Але ня думаю, што праблема вяртаньня грошай будзе настолькі сур’ёзная. Так, мы ведаем, што грошы адтуль выбіваюцца вельмі цяжка, але ўсе пастаўкі мы будзем страхаваць”.
XS
SM
MD
LG