Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісія перанесла візыт у Беларусь камісара ЭЗ па зьнешніх сувязях Бэніты Фэрэра-Вальднэр пасьля таго, як атрымала сыгнал зь Менску, што сустрэча з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам можа не адбыцца. Пра гэта паведамляе агенцыя France Press са спасылкай на крыніцу ў Эўракамісіі.


Афіцыйнай прычынай пераносу візыту на сярэдзіну красавіка Камісія ЭЗ называе "перагружаны графік эўракамісара". Пра перанос візыту, які плянаваўся 12-13 сакавіка, было абвешчана 11 сакавіка, калі А.Лукашэнка накіраваўся з рабочым візытам у Армэнію.

International Herald Tribune піша, што падобныя перамены ў графіку непасрэдна напярэдадні візытаў здараюцца вельмі рэдка. Асабліва з краінамі, якія высокапастаўленыя чыноўнікі ЭЗ наведваюць вельмі рэдка. Дыпляматычная крыніца выданьня мяркуе, што беларускае кіраўніцтва “можа спрабаваць паменшыць узровень узаемадзеяньня і разьвіцьця стасункаў з ЭЗ”. Ня выключана, што калі прадстаўнік Беларусі будзе запрошаны ў Прагу на ўстаноўчы саміт Усходняга партнэрства, гэта будзе чыноўнік ніжэй за прэзыдэнта.

Паводле супрацоўніка Эўрапейскай рады па зьнешніх сувязях (ECFR) Ніку Папэску, А.Лукашэнка "можа спрабаваць дыстанцыявацца ад працэсу паляпшэньня стасункаў з Брусэлем”, бо збліжэньне Беларусі і ЭЗ “ усё больш раздражняе Маскву”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG