Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Спрынчан, Данільчык, Кісьліцына


Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Эфір 7 сакавіка






АКСАНА СПРЫНЧАН: “НАШУ П’ЕСУ МОЖА ПАСТАВІЦЬ ТОЛЬКІ ВЕЛЬМІ СВАБОДНЫ ТЭАТАР”

Першая беларуская п’еса, створаная паводле SMS-ліставаньня, выйшла днямі асобнаю кнігай у выдавецтве “Галіяфы”. Яна называецца “Дарога і шлях”. Стваральнікамі новага драматургічнага жанру сталі знаны філёзаф Алесь Анціпенка і маладая паэтка Аксана Спрынчан. Пра адметнасьці SMS-драматургіі зь ёю гутарыць наша карэспандэнтка Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Аксана, а як узьнікла ідэя такога незвычайнага твора?”

Аксана Спрынчан
Аксана Спрынчан:
“Можна сказаць, што яго стварыла жыцьцё, а менавіта тое, што ў канцы дваццатага стагодзьдзя ў нас зьявілася сотавая сувязь. Неяк аднойчы я адправіла філёзафу Алесю Анціпенку першую банальную SMS-ку: “Шчасьлівай дарогі!”. Ягоны адказ мяне так уразіў, што я нават і ня ведала, што магу яму адпісаць. Але паступова мы сталі жыць у рэжыме SMS. Спачатку гэта было проста жыцьцё і проста размова, і толькі пасьля гэта неяк аформілася ў SMS-п’еску”.

Аксак: “Тэксты ў п’есе – гэта аўтэнтычныя лісты, ці вы іх потым занова прыдумалі?”

Спрынчан: “Гэта – аўтэнтычныя пасланьні, якія я захавала. Спачатку я хацела захаваць іх, прынамсі, для сябе. Празь нейкі час я гэта ўсё перапісала, і яно так і ляжала, пакуль не ўзьнікла жаданьне дастаць напісанае з шуфляды пісьмовага стала, надаць яму пэўную форму твора. Такім чынам і ўзьнікла п’еса. Кожная літара ў нашым творы аплачана. Паколькі ў нас абодвух тэлефоны падлучаныя праз МТС, то, думаю, і ў іх ўсё дакладна захавана, як у нашым творы. Адзінае, што зьмененае: Алесь Анціпенка набіраў свае SMS-кі лацінкай, а я кірыліцай, але ўжо для кнігі ў нас усё ў кірыліцу пераведзена”.

Аксак: “Гэткім чынам вы сталі наватарамі ў сучаснай беларускай літаратуры, стварыўшы новы драматургічны жанр. Раней, скарыстоўваючы сучасныя сродкі сувязі, падобныя экспэрымэнты праводзіў, наколькі я ведаю, толькі паэт Глеб Лабадзенка. Некалькі гадоў таму ён выдаў асобнай кнігай свае вершы, якія пасылаў праз пэйджар. Але спытаць я хачу вось што: вашы героі ў п’есе выступаюць пад сапраўднымі імёнамі аўтараў. Ці можа чытач лічыць дзейных асобаў ідэнтычнымі аўтарам?”

Спрынчан: “Усё ж такі дзейныя асобы п’есы – гэта Паэтка і Філёзаф. Таму нельга сказаць, што мы хаваемся за героямі, гэтаксама як і нельга сказаць, што мы за імі не хаваемся. Я думаю, што гэтыя SMS-кі – нашы спробы знайсьці сябе, знайсьці разуменьне гэтага жыцьця, дапамагчы адзін аднаму штосьці асэнсаваць у гэтым сьвеце, паглядзець на яго так, як можа жанчына і паэтка, і так, як можа мужчына і філёзаф. Хоць у прадмове да кнігі Пятро Васючэнка піша, што па ходзе п’есы мы мяняемся месцамі і паэтка пачынае філязофстваваць, а філёзаф становіцца паэтам. Сапраўды, відаць, у жыцьці няма зададзеных канкрэтных рамак – паэзія і філязофія заўжды разам”.

Аксак: “Вашы героі надзвычай самотныя. На сцэне яны прысутнічаюць адначасова, але ніколі не сустракаюцца. П’еса атрымалася пра непераадольную адзіноту…”

Спрынчан: “Сапраўды, сцэна падзеленая на дзьве часткі, Паэтка і Філёзаф ніколі адзін аднаго ня бачаць. Але ў нас ёсьць антракт-размова праз тэлефон, і насамрэч ёсьць у герояў адна сустрэча. Але яна найбольш і падкрэсьлівае адзіноту творчага чалавека ў гэтым сьвеце – хаця героі і сустракаюцца, яны не размаўляюць, яны перапісваюцца праз тэлефоны”.

Аксак: “Ці будзеце вы прапаноўваць сваю п’есу да пастаноўкі ў нейкія тэатры?”

Спрынчан: “Твор вельмі своеасаблівы, і калі яго нейкі тэатар і можа паставіць, то гэта будзе, як мне падаецца, не Купалаўскі. Рэжысэрам мусіць быць чалавек таксама арыгінальны, які спрабуе прыўнесьці ў тэатар нешта новае. Прапанаваць некаму можна, але ці будзе пастаўлена… Згаданы ўжо Пятро Васючэнка лічыць, што ролі ў гэтай п’есе могуць выканаць толькі самі аўтары. А тэатар для пастаноўкі мусіць быць вельмі свабодны”.

АЎТАР І ТВОР

АКСАНА ДАНІЛЬЧЫК: “САПРАЎДНЫ ТАЛЕНТ НЕ ДАПУСКАЕ ХЛУСЬНІ”

Нядаўна ў швэдзкім горадзе Вісбі на высьпе Готлянд адбыўся генэральны сход Асацыяцыі балтыйскіх пісьменьніцкіх саюзаў, у якім ўзялі ўдзел прадстаўнікі творчых суполак Латвіі, Літвы, Эстоніі, Нямеччыны, Польшчы, Швэцыі, Нарвэгіі й Беларусі. Нашу краіну на ім прадстаўляла паэтка і перакладчыца, сакратар Саюзу беларускіх пісьменьнікаў па міжнародных дачыненьнях Аксана Данільчык. Па вяртаньні на радзіму зь ёй сустрэўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Аксана, спачатку раскажыце нам, што такое Асацыяцыя балтыйскіх пісьменьніцкіх саюзаў? Наколькі дзейсная гэтая арганізацыя і чым яна займаецца?”

Аксана Данільчык
Аксана Данільчык:
“Гэтая арганізацыя аб’ядноўвае пісьменьніцкія саюзы балтыйскіх краінаў і краінаў Скандынавіі. Займаецца яна рознымі літаратурнымі мерапрыемствамі, а таксама спрыяе ўзаемаперакладам з моваў гэтых краінаў. Беларусь ня мае выхаду да Балтыйскага мора, яна не балтыйская краіна, таму Саюз беларускіх пісьменьнікаў стаў не паўнапраўным, а асацыяваным сябрам Асацыяцыі. Дарэчы, на парадку дня гэтай арганізацыі – перапрацоўка яе дзейнага статуту з мэтай пашырэньня колькасьці сяброў, гэта мае адбыцца на працягу 2009 году. І тады Беларусь ды іншыя краіны, якія ня маюць непасрэднага выхаду да Балтыйскага мора, будуць мець магчымасьць стаць паўнамоцнымі чальцамі Асацыяцыі”.

Скобла: “Тыя беларускія пісьменьнікі, якія пабывалі ў Швэцыі, у Вісбі, прывезьлі адтуль новыя творы. Прыкладам, Валянціна Аксак напісала там цэлую нізку вершаў. А вы ці натхніліся заморскімі краявідамі?”

Данільчык: “На жаль, у мяне было вельмі мала часу, каб натхняцца. Горад Вісбі знаходзіцца на востраве Готлянд, і там своеасаблівы марскі клімат, і атмасфэра там сапраўды незвычайная. Там цішыня, вечарам выходзіш, і пах дыму адчуваецца, які ідзе з комінаў. Там драўляныя хаткі, як у нашых вёсках. Там нават у цэнтры гораду забаронена будаваць шматпавярховыя будынкі, каб захваць гістарычны калярыт. Там мора, там праплываюць караблі, чайкі над дамамі лётаюць... Мы выйшлі з самалёту і адразу адчулі подых вясны. Таму і ня дзіўна, што Вісбі можа стаць для кагосьці крыніцай натхненьня”.

Скобла: “Прыканцы мінулага году вы нечакана паспрабавалі сябе ў кінамастацтве – выканалі ролю Яўгеніі Янішчыц у фільме пра яе. Там вы падводзіце гледача да думкі, што сьмерць паэткі не была трагічнай выпадковасьцю. Гэта вашыя здагадкі, ці вы мелі нейкія дакумэнтальныя падставы для такой трактоўкі падзеяў?”.

Данільчык: “Фільм “Небясьпечны талент”, пра які вы згадалі, – калектыўная праца. Таму думка гэтая ня толькі мая, але і аўтара сцэнару Раісы Баравіковай, і рэжысэра Андрэя Леўчыка. Для мяне гэта быў вельмі цікавы досьвед. У фільме я выконваю дзьве ролі – паэткі, дасьледчыцы, якая спрабуе зразумець лёс Янішчыц, і самой Яўгеніі Янішчыц. Прызнаюся, я прайшла прыкладна тым жа шляхам за два гады да фільма, калі пісала артыкул пра Янішчыц, сустракалася зь людзьмі, што прысутнічаюць у фільме. І ў артыкуле я таксама разважала над тэмай таленту, але хутчэй з гендэрнага гледзішча. У фільме ж мы паспрабавалі зразумець, як адчувае сябе талент, калі ўлады спрабуюць задзейнічаць яго ў нейкіх палітычных справах. А талент, калі гэта сапраўдны талент, ён не дапускае хлусьні. І нават калі паэт паддаецца на нейкія кампрамісы, то ў вершах ягоных адлюстроўваецца зусім іншае – тое, што сапраўды ёсьць у яго на сэрцы, у душы. І – адбываецца разлад паміж унутраным сьветам і рэчаіснасьцю, паміж вонкавай зададзенасьцю і мастацкай праўдай. Вось просты прыклад – вакол растуць гарады, а Янішчыц – усё пра Палесьсе, пра тое, што вясковыя школы зачыняюцца. Актуальна і сёньня, ці ж ня так?”.

Скобла: “У фільме за Янішчыц віжуе “чорны чалавек”, які ўвасабляе ўладу (адразу ўспамінаецца аднайменная паэма Сяргея Ясеніна). Навошта было тагачаснай беларускай ўладзе (канец 70-х, 80-я гады) сачыць за Янішчыц?”

Данільчык: “Чорны чалавек у нашым фільме – гэта ўмоўны вобраз. Гэта, хутчэй, унутраны цэнзар, які жыў у душы ці ня кожнага тагачаснага беларускага пісьменьніка, гэта тыя арганізацыі, якія стаялі за кожным пісьменьнікам. Ня думаю, што ўладзе патрэбна было сачыць за Янішчыц, ёй быў патрэбен талент Янішчыц. Любой ідэалёгіі патрэбныя таленты, кепская тая ўлада, якая гэтага не разумее. Улада шукала афіцыйную паэтку і свой выбар спыніла на Янішчыц”.

Скобла: “А вы лічыце, што Янішчыц была не гатовая да ролі гэтай афіцыйнай паэткі?”

Данільчык: “На маю думку, статус афіцыйнай паэткі ёй быў прыемны, яна была чалавекам свайго часу. Але ўрэшце ёй стала цяжка жыць, выконваючы гэтую ролю. Мне было важна асэнсаваць гэтыя рэчы для сябе самой, дзеля таго, каб вызначыць пэўныя жыцьцёвыя прыярытэты”.

Скобла: “І ў гэтыя вясновыя дні ня хочацца завяршаць нашую размову на мінорнай ноце. Скажыце, што яшчэ, апрача каханьня і вясны, дае вам стымулы да творчасьці?”

Данільчык: “Што дае творчыя стымулы? Мае ўражаньні ад жыцьця, мае развагі над месцам таленту ў гэтым сьвеце, над месцам жанчыны. У маіх вершах можна нават не знайсьці нейкіх канкрэтных уражаньняў аўтара. Гэта я пра іх ведаю, а чытачу іх няпроста ўбачыць. Але гэта ня мае значэньня. Я люблю перачытваць свае старыя вершы, адчуваць смак ці смутак таго дня, калі яны былі напісаныя альбо задуманыя. І калі чытач таксама нешта падобнае адчувае, то гэта – цудоўна”.

АКСАНА ДАНІЛЬЧЫК. З НОВЫХ ВЕРШАЎ

Не бінарная апазыцыя


Сумна нават ня тое,
што жыцьцёвая пазыцыя
на самой справе
аказваецца апазыцыяй,
сумна,
калі гэтая апазыцыя –
не бінарная
і нават не траічная –
яна, як высьвятляецца,
суцэльная.

Сапраўды,
хіба можна скласьці
некалькі бінарных апазыцый
з адным і тым жа суб’ектам
у якасьці адной з частак?

Ну што ж,
бываюць інтэлектуалы –
і нашым, і вашым.
Бываюць інтэлектуалы –
то нашым, то вашым.
Але ёсьць і такая катэгорыя,
што ні вашым, ні нашым.

Ні нават іхнім.

А каму?..


Савецкія жанчыны

Народжаныя дзеля задавальненьня
грамадзкіх патрэб
у рэпрадукцыі таннай працоўнай сілы,
адкуль вы маглі ведаць,
што змагацца можна
ня толькі за сьветлае заўтра сацыялізму,
што змагацца можна
і за ўласнае шчасьце,
а ўрэшце можна і не змагацца –
пытанне стратэгіі,
адкуль вы маглі ведаць –
вы маглі толькі верыць
у цнатлівасьць маладагвардзейцаў
і камсамольскія запаветы,
і цяпер, баючыся ня толькі свайго цела,
але і ўласных вачэй у люстэрку,
вы запаўняеце рэшту жыцьця
таннымі амэрыканскімі раманамі,
каб ня бачыць таго, што адбываецца навокал.
Каб ня бачыць вашых дачок,
такімі, якімі яны ёсьць –
жывымі і няўрымсьлівымі,
яны ня хочуць быць муміямі
з камуністычнымі ідэаламі замест вантробаў.
Дык бывайце ж, савецкія жанчыны,
я памалюся за вашае змарнаванае жыцьцё,
у якім было занадта мала любові,
каб вы маглі з кім-небудзь ёю падзяліцца.

Сон, які немагчыма забараніць

Будзе ціхая ноч,
песьнясьпевы цыкад
не парушаць трымценьня паветра.
Будзе ціхая ноч,
каб вярнуцца назад,
на адлегласьць у некалькі мэтраў.

На адлегласьць прыступак
зямля – самалёт,
як апошняй мяжы паміж намі,
і адбудзецца ўсё,
што дагэтуль было
толькі думкамі, вершамі, снамі…

Васемсот… дзевяцьсот…
вышыню набіраць
пачынаюць сталёвыя крылы,
і ты будзеш мяне
цалаваць, цалаваць
над азораным небасхілам…

Будзе ўзрушана поўня
на небе дрыжаць,
і нарэшце я стану шчасьлівай,
а сакрэтныя службы
саюзных дзяржаў
толькі глянуць усьлед нам тужліва...


Вакзал. Дзень наступны

Rails qui ligotez les nations

G.Apollinaire, Liens

Гэтая станцыя на рэйках
захад – усход,
гэтая станцыя на рэйках
поўдзень – поўнач
не прымае ў падарунак
нават звычайную ружу вятроў,
баючыся паблытаць яе
з геральдычнай.

Ну і што – Нацыя і Нацыя,
ну і што – рукі і рукі,
разьяднаныя,
не зважаючы на ўсе дамовы.
І я ня ведаю, у які бок крычаць,
бо крыкнеш на захад –
вецер нясе на ўсход,
бо крыкнеш на поўдзень –
вецер нясе на поўнач.
А нашай мовы не жадаюць чуць
ні там, ні там –
так зручней.
Але мы не маўчым.
Мы пішам на ўсіх скрыжаваньнях
зямлі,
што ўзгадавала нашых бацькоў:
Беларусь Беларусь Беларусь

Б-Е-Л-А-Р-У-С-Ь

Каб не забыліся.

Калі-небудзь мы ўсе пойдзем у першую клясу
і навучымся чытаць.


КРЫТЫКА

“ТРЭБА ПРАЧЫНАЦЦА!”


Андрэй Федарэнка. Нічые: Аповесьці, раман. – Мн., Мастацкая літаратура. Сэрыя “Беларуская проза ХХІ стагодзьдзя”. – 2009.

Мяне складана залічыць у аматары творчасьці Андрэя Федарэнкі. Мы хоць і з аднаго пакаленьня, але вельмі розныя. Мяне вабіць авангард, яго – традыцыя, я люблю горад, ён – вёску… Працяглы час абсалютна не ўспрымала яго мнагастаронкавую прозу, бо сама я прыхільніца мініятураў… Таму ня дзіва, што цікавасьць да Андрэя Федарэнкі зьявілася ў мяне якраз тады, калі ён стаў друкаваць у “ЛіМе” сваю ляканічную і выразную “сечку”…

А пасьля прачытала два невялікіх апавяданьні – “Бунін-Марцінкевіч” і “Мыла”, якія, на мой погляд, проста неабходна вывучаць у сёньняшняй сярэдняй школе, апавяданьні, якія ці не ў найбольшай ступені адказваюць на два самыя цікавыя для мяне пытаньні – у чым сэнс жыцьця і мастацтва…

Але сёньня не пра іх… Выдавецтва “Мастацкая літаратура” выдала вялікую і – з задавальненьнем адзначу гэты факт! – цяжкую кнігу Андрэя Федарэнкі “Нічые”.
Кніга цяжкая зь дзьвух прычынаў… Па-першае, немалая па аб’ёме – на чатырохстах трыццаці старонках разьмясьціліся аповесьці “Вёска” і “Нічые” і раман “Рэвізія”, хоць, як на мой погляд, жанравы падзел у дадзеным выпадку – чыстая ўмоўнасьць. Па-другое, кніга падымае шэраг пытаньняў, якія, раней ці пазьней, задаваў сабе кожны сьвядомы беларус.

Напрыклад, чаму ўлада больш даверае якому-небудзь тупому зэку-брыгадзіру, чым інтэлігентнаму, але беларускамоўнаму працаўніку? Чаму на радыё-тэлевізіі гаварыць па-беларуску – норма, а ў калідорах розных выканкамаў – нонсэнс? Чаму народ ня любіць і не паважае ўласную мову?

Пра беларускую мову насельнікі Федарэнкавай “Вёскі” гавораць іранічна: “Язык ня польскі, ня конскі…” Гэтая беларуская дваістасьць – ва ўсім вясковым жыцьці. Як заўважае пісьменьнік, “могуць і нашыя пашкадаваць , але па-свойму неяк: адно вока плача, а другое цікуе, каб свайго не ўпусьціць”. Народная культура тут неаддзельная ад сапраўднага дзікунства – і Федарэнка, хоць і са скрухай, але вельмі праўдзіва і нават жорстка пра гэта распавядае. На мой погляд, аповесьць удалася менавіта таму, што напісана чалавекам, які гаворыць пра вяскоўцаў не з вышыні гарадзкога, унівэрсытэцкага досьведу... Яна напісаная тым, хто добра ведае, што гэта – касу кляпаць ды печ паліць. А яшчэ ведае, як засмоктвае гэтая багна – сучасная абяздушаная вёска. Тут альбо сьпіцца, альбо быць такім, як усе, не вытыркацца, ня прагнуць свабоды, забыць на ўласную індывідуальнасьць… Ды дзе ж ты забудзеш, калі ты – другі?

“Як усё ж хутка, уміг могуць мяняцца людзі.Толькі цяпер пачынаю разумець, чаму мне “случайности вечно грозят”… Праўды вельмі хачу. Жыву не для людзей, не для ўладаў, якія пастаянна зьмяняюцца, а дзеля Таго, Хто нібыта глядзіць зьверху. І ад усіх такога ж дабіваюся. Але ўсе – іншыя.”

Любое параўнаньне кульгае. Але не магу не адзначыць, што і сыстэмай вобразаў, і скіраванасьцю развагаў, і, у пэўным сэнсе, сюжэтнай лініяй вяртаньня ў вёску гэтая аповесьць Федарэнкі нагадвае “На ростанях” Якуба Коласа.

А вось аповесьць “Нічые” – гісторыя Слуцкай брыгады, першага за ўсю беларускую гісторыю вайсковага фармаваньня, якое прамым тэкстам на ўвесь сьвет аб’явіла, што будзе абараняць Беларускую рэспубліку, – твор абсалютна самастойны, нечаканы… Па-першае, Федарэнка аказаўся абсалютна натуральным у рэчышчы гістарычнага раману (так, я не абмовілася, я папраўдзе лічу, што па шырыні ахопу падзеяў гэта хутчэй раман, а не аповесьць). І хоць крытыка папракала пісьменьніка ў вялікай колькасьці анахранізмаў, мне гэты твор здаўся цалкам пасьлядоўным, дакумэнтальна і лягічна падмацаваным. А галоўнае, такім жа, як і “Вёска”, крытычным у адносінах да саміх беларусаў. Лейтматывам усяго твору праходзяць арытмэтычныя калямбуры – “дзе два беларусы, там тры партыі”, “дзе тры беларусы – два здраднікі”… Ня дзіва, што пры такім раскладзе герой Федарэнкі прыходзіць да сумнай, але зразумелай для большасьці высновы:

“Не, усё скончана! Да д’ябла вашыя рэвалюцыі, войны, вашыя межы і радзімы! У Бога няма ні межаў, ні граніц, ні нацыянальнасьцяў! Зямлі вам мала?! Неба мала?! Месца пад гэтым небам?! Але раз ужо выбар, то сто разоў правы Лебедзеў – тады на баку мацнейшых! Каб хутчэй скончылася ўсё гэта. Каб хоць хто перамог нарэшце. І напляваць хто: немцы ці палякі, рускія ці беларусы! Галоўнае, будзе ціха. Будзе жыцьцё… “

Гімнам чалавечаму жыцьцю можна назваць і раман “Рэвізія”, які пісаўся цягам многіх гадоў. І хоць ад крытыкаў і знаёмых мне даводзілася чуць, што гэты твор – гісторыя літаратурнай суполкі “Тутэйшыя”, насамрэч ён выявіўся творам зь вельмі складаным сюжэтам і пабудовай.

Ня хочацца раскрываць інтрыгу гэтага шматузроўневага тэксту… Скажу толькі, што цалкам згодная з тым мэсыджам, што скіроўвае аўтар нам з вамі ў фінале гэтага выбітнага ва ўсіх адносінах раману: “Трэба прачынацца і жыць…”

Ганна КІСЬЛІЦЫНА
XS
SM
MD
LG