Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зараз ён ідзе ў кватэры Івана Крука, сябры грамадзкай ініцыятывы “Астравецкая атамная — гэта злачынства”. Учора ператрус прайшоў у Міколы Уласевіча.


Праз тэлефон Іван Крук паведаміў, што да яго на кватэру прыйшлі тры міліцыянты з панятымі. У іх санкцыя раённага пракурора на агляд кватэры.

Іван Крук паведаміў толькі, што ператрус зьвязаны з выхадам незарэгістраванай газэты “Астравецкі весьнік”.

Учора ў Міколы Уласевіча міліцыянты рабілі ператрус на падставе таго, што 4 сакавіка ў Астравецкі РАУС прыйшло паведамленьне ад начальніка Ўпраўленьня КДБ па Астравецкім раёне спадара Шмурэя аб тым, што 4 сакавіка ў вёсцы Альхоўка Астравецкага раёну распаўсюджвалі літаратуру невядомага характару.

У Міколы Уласевіча нічога не знайшлі, але пільна сфатаграфавалі яго дом усярэдзіне й звонку.

«Астравецкі весьнік»
Нагадаю, што “Астравецкі весьнік” самастойна выдалі чальцы аргкамітэту грамадзянскай ініцыятывы “Астравецкая атамная — гэта злачынства”.

Выданьне выйшла на чатырох старонках фармату А4, накладам 299 асобнікаў на беларускай і расейскай мовах. У першым нумары зьмешчаны матэрыялы, скіраваныя супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС.

Сябры аргкамітэту лічаць, што АЭС “па азначэньні ня можа быць пабудаваная ў самай сэйсманебясьпечнай зоне, якой зьяўляецца Астравецкі раён Гарадзенскай вобласьці”. Пра гэта гаворыцца ў матэрыяле старшыні аргкамітэту Міколы Ўласевіча.

Сябры аргкамітэту грамадзянскай ініцыятывы “Астравецкая атамная — гэта злачынства” ўжо неаднаразова зьвярталіся да мясцовых уладаў па дазвол правесьці пікеты, сустрэчу з навукоўцамі, каб давесьці да людзей марнасьць ідэі пабудовы станцыі ў раёне.

Усе разы ім было адмоўлена. Акрамя гэтага, мясцовая раёнка адмовілася зьмяшчаць на сваіх старонках матэрыялы чальцоў аргкамітэту, у якіх крытыкавалася пазыцыя беларускіх уладаў у дачыненьні да будаўніцтва АЭС.

“Усе гэтыя прычыны й сталі нагодай для зьяўленьня новага выданьня”, — падкрэсьліў Мікола Ўласевіч.

Спадары Крук і Ўласевіч напісалі скаргу на дзеяньні раённага пракурора генэральнаму пракурору.
XS
SM
MD
LG