Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Людзі ў нас то зьнікаюць бясьсьледна, то ў пятлю лезуць”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 11сакавіка, сераду.

Міністар абароны Леанід Мальцаў заявіў, што ў верасьні ў Беларусі адбудуцца вайсковыя вучэньні “Захад-2009” з удзелам 13 тысяч вайскоўцаў. Выказваньне слухача на гэтую тэму:

Ільля Копыл: “Прагучала інфармацыя, што на тэрыторыі Беларусі плянуецца правесьці апэратыўна-стратэгічныя ваенныя вучэньні пад кодавай назвай «Захад-2009». І гэта ў той час, калі краіна перажывае крызіс і кожны рубель павінен быць на ўліку. Пра гэтыя ваенныя гульні было аб’яўлена пасьля таго, як беларускі бок атрымаў чарговы крэдыт ад Расеі ў памеры 500 мільёнаў даляраў. Мэта ваенных вучэньняў — адпрацоўка пытаньняў абароны саюзнай дзяржавы. Абрыдла ўжо гэта слухаць. Чаму я павінен абараняць абсалютна чужую для мяне Расею? Другая мэта — адпрацоўка ліквідацыі лякальных канфліктаў. Якіх канфліктаў? Можа, для таго, каб разагнаць пікет зь пяці чалавек на пляцы Кастуся Каліноўскага? Дык для гэтага ёсьць міліцыя, якой значна больш, чым салдат у Міністэрства абароны. Расея хай сама разьбіраецца са сваімі канфліктамі”.

Самагубства праваабаронцы з Салігорску Яны Паляковай — тэма, якую працягваюць камэнтаваць слухачы “Свабоды”.

Ліна Масалкова, Менск: “Рэжым працягвае сваю злачынную дзейнасьць. Яму мала зьнішчаных Ганчара, Захаранкі, Завадзкага, Красоўскага, Карпенкі. Вінаватых не шукаюць. Безь віны адседзелі ў турмах тысячы патрыётаў. Штрафы, суткі, зноў суткі, зноў штрафы. Пацярпелыя і ўсе астатнія грамадзяне. Колькі будзем трываць, беларусы? На Дзень волі 25 сакавіка скажам: «Прэч злачынны кішэнны суд і палаткі так званых народных абраньнікаў, будзьце праклятыя, пачварныя істоты з дубінкамі ў формах і без. Даруй нам, дарагая Яначка, за бесхрыбетнасьць і страх. Ты пайшла ад нас, каб мы нарэшце сталі людзьмі звацца»”.

Cпадар Яцкевіч:

“Сьветлай памяці Яны Паляковай прысьвячаю.

Загінула дачка майго народа,
Запомніць кожны, хто яна была —
Змагар за праўду, лепшы лёс народа,
Сваё жыцьцё да кроплі аддала“.

Cпадар: “Лукашэнка выкарыстоўвае палітвязьняў у якасьці палітычнай валюты толькі таму, што Захад такую валюту прымае. Але ёсьць лепшая валюта — міліцыянты. Патрабуючы пакараньня міліцыянтаў, Захад будзе змагацца з прычынай рэпрэсій, а не з наступствамі. Пачаць можна было б з Пугачова”.

Зіноўеў: “Хацелася б, каб Беларусь не забыла Яну Палякову. Хай нават суд у яе родным горадзе будзе на яе вуліцы”.

Міхась, Карпілаўка: “Сьмерць Яны Паляковай — гэта ня сьмерць ад рэжыму вэртыкальнай улады. Улада вельмі ўмацавалася і знайшла новыя мэтады барацьбы з іншадумцамі — праз псыхалягічнае цкаваньне і фабрыкаваныя суды. Сэрца Яны ня вытрымала, тым болей яе пазбавілі сродкаў да існаваньня. Гэта ня кожны вытрывае.

Чаго, сябра, ты ня бачыш?
Альбо ня быў нідзе?
Лінія Сталіна сягоньня
Празь Беларусь ідзе“.


Cпадар: “Добра памятаю, як скардзілася рабочая трактарнага заводу Вера Цесьлякова, што ў сваім кабінэце падпалкоўнік міліцыі Гірэль ударыў яе нагой. У міліцыі ведаюць, куды трэба біць. Практычна немагчыма атрымаць накіраваньне на судмэдэкспэртызу, бо накіраваньне дае той жа міліцыянт, які пабіў. Успомніце, Лябедзька сам сябе зьбіў нагамі, як сьцьвярджаў Найдэнка і пайшоў на павышэньне ў Оршу. Міліцыя ахвотна ваюе з апазыцыяй. Тут геройства заўважыць галоўнакамандуючы, і няма ніякае рызыкі”.

Спадар: “Бяда жыць у Беларусі: людзі то зьнікаюць бясьсьледна, то ў пятлю лезуць. Шчыра спачуваю родным і блізкім нябожчыцы Яны Паляковай. Няхай зямля ёй будзе пухам. Што за гэтай трагедыяй стаіць беларуская Фэміда, ужо нікога не зьдзіўляе. Яна даўно служыць ня праву і не закону, але ж у гэтай гісторыі выявілася і сапраўднае аблічча служкаў дзяржаўных СМІ. Я даўно не чытаю «Советскую Белоруссію», з таго часу, як заўважыў, што пасьля гэтай чытанкі вельмі хочацца ў лазьню. Таму і ня ведаў зьместу бруднага фэльетона. Але ўчора ў «Народнай волі» прачытаў вытрымкі зь ядавітага твору Ксенафонта Суперфасфатава. Ксенафонт вы ці Павел — гэта ня мае значэньня. Служыце, Ксенафонт, служыце, такія заўжды патрэбныя. Ні за чым ня буду хавацца — Рыгор Грудніцкі з Наваполацку”.

Спадар: “Памяці Паляковай прысьвячаю:

Родилась для счастья, погибла от горя,
Убил диктатуры режим.
На хрупкие плечи такая вот доля —
Не каждому справиться с ним.
За правду свою неугодная власти,
Везде ты была чужой…”


Cпадарыня: “Яну Палякову прымусілі гэта зрабіць. Штрафы, пракуратурскія дзеяньні. Скажыце мне, людзі добрыя, што мы зь імі павінны рабіць? Яны ж даводзяць нас усіх да гэтага. Яны зьнішчаюць нас. Няхай больш разумныя людзі скажуць: што нам рабіць?”

На пытаньне адказвае праваабаронца і палітык Людміла Гразнова:

Людміла Гразнова
“Што тычыцца Яны Паляковай, то яна патрапіла ў вельмі цяжкую сытуацыю. І тое, што зь ёй здарылася, неабходна дасьледаваць. А што да пытаньня — што рабіць, то, людзі добрыя, пакуль мы будзем выходзіць на масавыя акцыі па некалькі тысяч, то нічога ня будзе. Прыйдзіце 25 сакавіка, пакажыце сваю годнасьць, пакажыце, што вы змагаецеся за свае правы ўсе разам. Вось тады і будзе вынік”.

Зьміцер Шэін: “Анатоль Лябедзька зьвярнуўся ў генэральную пракуратуру з мэтай усталяваць крыніцу фінансаваньня паездкі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ў Сэрбію і законнасьць аплаты гэтага ваяжу. Год таму я зьвярнуўся да Аляксандра Рыгоравіча — адказу я так і не атрымаў. Хутчэй за ўсё, і Лябедзька не дачакаецца ніякага адказу”.

10 сакавіка намесьніца міністра эканомікі Тацяна Старчанка заявіла, што трэба прысьпешыць лібэралізацыю эканомікі, бо сёньня стаіць пытаньне пра яе выжываньне.

Спадарыня: “Упэўнена, што словы Старчанкі — гэта першая ластаўка. Заўтра на мове Раманчука, Багданкевіча і нават Пазьняка загавораць многія чыноўнікі. Яны прызвычаіліся да ўлады і да гэтага жыцьця за кошт свайго народа. У адрозьненьне ад электарату, яны ўжо гатовыя зьмяніць гаспадара”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — +375 17 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: +375 29 391-22-24 Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG