Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПА АБСЭ: зьменаў у Беларусі магло б быць і больш


Дэлегацыя ПА АБСЭ

Дэлегацыя ПА АБСЭ

Дэлегацыя Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ на чале з Жуанам Суарышам сёньня завяршыла свой візыт у Беларусь. Замежныя парлямэнтары адзначылі, што апошнім часам у Беларусі адбыліся некаторыя пазытыўныя зрухі. Але, на думку дэлегацыі, яны маглі б быць больш значнымі.

Сваё меркаваньне дэпутаты выказалі на спэцыяльнай прэсавай канфэрэнцыі з удзелам кіраўніцы рабочай групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Ўты Цапф. Удзельнічаў у ёй і прэзыдэнт Асамблеі. Спадар Суарыш сказаў, што ён асабіста зацікаўлены лёсам Беларусі і задаволены тым, што ў Менску адбываецца шматбаковы дыялёг:

Ута Цапф
“Я хачу падкрэсьліць, што мы сустракаемся з прадстаўнікамі ўлады, апазыцыі і недзяржаўных арганізацый. У нас адбываецца шматбаковы дыялёг. Тры гады таму я ўжо быў у Менску і назіраў за выбарамі прэзыдэнта Беларусі. І тады я адзначаў, што гэтыя выбары не адпавядалі стандартам АБСЭ. Таму мне вельмі цікава бачыць, што цяпер тут адбываецца, ці ёсьць зьмены наагул. Я надзвычай зацікаўлены, каб беларускае грамадзтва было як мага больш адкрытым і каб яно набліжалася да стандартаў АБСЭ”.

Ута Цапф згадала, што два гады таму яе група ўжо праводзіла сэмінар у Беларусі:

Жуан Суарыш
“Было ня так проста нам выбраць тэму і арганізаваць сёньняшні сэмінар, бо цягам апошніх двух гадоў дыялёг паміж Беларусьсю і АБСЭ быў крыху складаны. Але цяпер мы адчуваем, што справы ідуць значна лягчэй і прасьцей. А дыялёг з прадстаўнікамі парлямэнту і адміністрацыі ідзе больш жвава і карысна. І калі ўчора мы размаўлялі з прадстаўнікамі апазыцыі і недзяржаўных грамадзкіх арганізацыяў, то адчулі, што і іхнае жыцьцё стала крыху лягчэйшым. Хаця трэба адзначыць, што прагрэс мог быць і больш заўважным, натуральна”.

На пытаньне, ці можна назваць такія зьмены радыкальнымі, спадарыня Цапф адказала наступным чынам:

“Вядома, нельга сказаць, што адбываюцца радыкальныя зьмены да лепшага. На маю думку, гэта хутчэй невялікі поступ, крок за крокам, чым нешта радыкальнае. Але вельмі важна, што Беларусь пачала перамовы зь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ пра зьмяненьне выбарчага заканадаўства. І я спадзяюся, што зьмены зробяць ня толькі ў Выбарчым кодэксе, але і ў практыцы яго ўжываньня. Я думаю, гэта добрая прыкмета”.

Ці абмяркоўвала дэлегацыя Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ пытаньне аб магчымасьці прызнаньня сувэрэнітэту і незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі з Нацыянальным сходам Беларусі? Спадарыня Цапф распавяла:

“Мы не абмяркоўвалі каўкаскі канфлікт зь беларускімі парлямэнтарамі. Але пра яго была гаворка з намесьнікам міністра замежных спраў Беларусі. Гэтае пытаньне вельмі далікатнае для будучай эўрапейскай стабільнасьці. І мы зьвязваем яго з прапановамі прэзыдэнта Расеі аб стратэгіі бясьпекі для Эўропы. І я думаю, што трэба шырока абмяркоўваць, як гэты канфлікт у будучыні можа вырашыцца”.

Валер Іваноў
Намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Валер Іваноў, камэнтуючы сытуацыю з гэтай жа праблемай, сказаў:

“Я згодны са спадарыняй Утай Цапф, што гэтае пытаньне вельмі далікатнае. Яно патрабуе ўсебаковага аналізу і прапрацоўкі. Будзе ці ня будзе яно ўнесена на чарговую сэсію? Па меры падрыхтоўкі дадзенага пытаньня мы будзем разглядаць яго рашэньне”.

На пытаньне журналістаў, якія папрасілі ўдакладніць, ці ёсьць верагоднасьць таго, што гэтае пытаньне ня будзе разглядацца на вясновай сэсіі, якая пачынаецца 2 красавіка, спадар Іваноў адказаў:

“Такая верагоднасьць ёсьць”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG