Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Добрушы жыхары вуліцы Пралетарскай ды іншых бліжэйшых да яе былі моцна ўстрывожаны выбухамі.


Гаворыць адна з жыхарак дзевяціпавярховага дому, што на вуліцы Пралетарскай:

“Іду, з сабакам гуляю. Думаю, чаго гэта міліцыя стаіць, пажарныя вакол стаяць? Яшчэ выбухаў не было. З сабакам па асфальце пагуляла ды пайшла дадому. А потым чую — выбух. Гэта гадзіне а другой пасьля абеду было. Дрыжаць вокны, як ад грому дрыжаць. Шэсьць разоў узарвалі”.

Многія гараджане думалі, што выбухі зьвязаныя неяк з прадпрыемствам утылізацыі снарадаў, разьмешчаным пад Добрушам у былой вайсковай частцы Дубецкае.

Як высьветлілася, па дамове з трэстам “Гомельпрамбуд” падрыўнікі зьліквідоўвалі ў райцэнтры створаную яшчэ ў 90-я гады прамысловую базу будаўнічай управы № 260. На практыцы яна ніяк не выкарыстоўвалася апошнія два дзесяцігодзьдзі.

Адзін з супрацоўнікаў рэгіянальнай управы Міністэрства надзвычайных сытуацый патлумачыў Радыё Свабода, што шматлікія безгаспадарныя пабудовы ўтрымліваюць патэнцыйную небясьпеку. Дарослыя й дзеці часта разьбіраюць кінутыя пабудовы й гінуць пад заваламі:

“Гэта ўжо адпрацаваная практыка. Гады тры таму ў вайсковым гарадку Зябраўка прыдушыла дваіх дзяцей. Былі такія няшчасныя выпадкі і ў іншых месцах. Літаральна пасьля гэтага мы й пачалі ўзрываць лядашчыя пабудовы, якія не эксплюатуюцца. Напэўна, разоў у дзесяць эканамічна выгадней зьнесьці выбухам такія будынкі, чым мэханічным спосабам. Дзеля гэтай справы ў нас стварылі выбухова-тэхнічную службу”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG