Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд лістоў на Свабоду. Эфір 11 сакавіка 2009 году

Нядаўняе сьцьвярджэньне Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што крызісу ў Беларусі няма, за апошні час стала крылатай фразай. Назіраючы за тым, як на вачах зьмяняюцца штодзённы побыт, умовы працы, кошты ў крамах, людзі часта згадваюць гэтыя словы прэзыдэнта.

Пра тое, ці ёсьць у Беларусі крызіс, разважаюць у сваіх лістах на “Свабоду” і многія нашы слухачы. Вось што піша з гэтай нагоды Галіна Александроўская з Магілёва:

“Зьбіраюся ў краму. Дастала кашалёк: грошай у ім няма. Пачала ўспамінаць і разьбірацца. Так, сёньня — 21-га чысла. Пэнсію я атрымала 10-га. Звычайна, аплаціўшы ўсе камунальныя рахункі, рэшту я кладу ў таемнае месца і потым па меры патрэбы выдаткоўваю на ўсё неабходнае. Зазірнула ў сваю схованку. Божа, у мяне засталася апошняя дваццатка! А да пэнсіі — больш як два тыдні. Я была ў шоку. Ператрэсла ўсе сумкі, кішэні. Не магла паверыць, што патраціла ўсе грошы. Але я захоўваю касавыя чэкі, таму супакоілася, села і пералічыла ўсе выдаткі. Выявілася, нічога я не згубіла. Усе мае грошы засталіся ў крамах — у выніку таго, што цэны амаль на ўсё падскочылі.

Для мяне і такіх, як я, гэта ўжо ня крызіс, а самае сапраўднае бедства. Усё больш пераконваюся ў тым, што ўлада кінула нас на волю лёсу. Ад кепскага харчаваньня школьнікі і студэнты трацяць прытомнасьць, у пэнсіянэраў ды інвалідаў паніжаны гемаглабін у крыві, слабы імунітэт, таму ўсе часта хварэюць. А на лячэньне няма грошай. Мы асуджаныя на выміраньне. А ўлада тым часам выхваляецца, што з золатавалютнымі запасамі ў яе поўны парадак. Назьбіралі за кошт народу залатых зьліткаў, сядзяць на іх, як Кашчэй, і ўсьміхаюцца. А народ тым часам галадае”, —

— напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” Галіна Александроўская з Магілёва.

Уяўленьне пра тое, што беларуская дзяржава надта багатая, што сховішчы Нацыянальнага банку перапоўненыя залатымі зьліткамі і замежнай валютай, даволі распаўсюджаныя ў беларускім грамадзтве. Тут пастаралася афіцыйная прапаганда, якая часта паказвае сюжэты, у якіх мільгаюць горы золата і гучаць бадзёрыя камэнтары кіраўнікоў Нацбанку пра тое, што золатавалютныя запасы ў Беларусі ўвесь час растуць. А агаломшаныя пэнсіянэры ў выніку ня могуць зразумець: чаму ж пры такім багацьці ўсе наўкол такія бедныя?

Хоць насамрэч заспакаяльныя рапарты Нацбанку і аптымістычныя рэпартажы пра мітычнае багацьце трансьлююцца галоўным чынам дзеля таго, каб на тле крызысу людзі не паднялі паніку і не пабеглі забіраць з банкаў свае грашовыя ўклады.

Для жыхароў Віцебску наглядным сьведчаньнем таго, наколькі балюча эканамічны крызіс закрануў іхны горад, стала прынятае ў лютым рашэньне гарадзкіх уладаў цалкам адключаць у начныя гадзіны асьвятленьне вуліц. Вось які водгук на гэтую падзею мы атрымалі ад нашага даўняга сябра, віцебскага дзіцячага доктара Ігара Паснова. Ён піша:

“Віцебск у цемры: грошай на асьвятленьне няма. Затое на капітальны рамонт цэнтральнай вуліцы Леніна выдаткавана больш як 58 мільярдаў рублёў. І гэта пры тым, што фасады дамоў у цэнтры і так кожны год фарбуюць.

А тым часам на будынках дзіцячых паліклінік — трэшчыны, тынкоўка сыплецца на галовы маленькім пацыентам. У некаторых школах гораду няма грошай на туалеты, на элемэнтарныя выгоды. І гэта — у абласным цэнтры. Што ўжо казаць аб правінцыі...

Што гэта — палітыка падвойных стандартаў? Прымаем закон аб жыльлёва-камунальнай гаспадарцы, паводле якога камунальнікі павінны трымаць справаздачу за кожны рубель. А тут 60 мільярдаў бяз згоды людзей — у пясок.

Еду ў аўтобусе — у вокнах мільгаюць лёзунгі: “Беларусь — для народа!” А хто ў гэтага народа спытаў, куды ён хацеў бы патраціць свае грошы — на чарговы рамонт вуліцы Леніна ці на дзіцячыя паліклінікі ды іншыя першачарговыя сацыяльныя аб’екты, якія на вачах разбураюцца?

І як спыніць гэты нялюдзкі каток, які закопвае народныя грошы ў зямлю? А часу зусім мала: ужо зь сярэдзіны сакавіка пачнуць марнатраўства. Хацелася б, каб людзі ведалі, куды ідуць крэдыты, якія набрала па сьвеце беларуская дзяржава”, —

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Ігар Пасноў, дзіцячы доктар зь Віцебску.

Літаральна днямі сьвятло на віцебскіх вуліцах уначы зноў пачалі ўключаць: гэтак распарадзіўся новы старшыня аблвыканкаму Аляксандар Косінец. Ён адмяніў лютаўскую пастанову гарадзкіх уладаў пасьля шматлікіх зваротаў і скаргаў жыхароў горада і крытычных выступаў мэдыяў.

Можа, і тым дзясяткам мільярдаў рублёў, якія выдаткаваны на рамонт вуліцы Леніна, знойдуць іншы ўжытак — калі людзі пачнуць актыўна пратэставаць... Прыкра тое, што за абсурдныя рашэньні ўлада не нясе адказнасьці перад грамадзтвам. Калі б людзі мелі рэальную магчымасьць выбіраць дэпутатаў і мэра, калі б гэтыя службовыя асобы трымалі справаздачу перад выбарцамі — яны б перад прыняцьцем рашэньня шмат разоў узважылі, на якія мэты пускаць пяцьдзясят мільярдаў рублёў: на чарговае фарбаваньне фасадаў у цэнтры, каб пусьціць пыл у вочы менскаму начальству, ці — на аварыйную дзіцячую паліклініку і разбураныя школьныя туалеты.

Пісьменьнік Уладзімер Цішуроў зь вёскі Навапрудзьдзе Круглянскага раёну ў сваім новым лісьце на “Свабоду” разважае пра тое, ці павінен творца займацца палітыкай, а таксама апісвае некаторыя рэаліі пісьменьніцкага жыцьця ва ўмовах правінцыі. Слухач піша:

“Кожны чалавек павінен займацца сваёй справай: палітык — палітыкай, творца — творчасьцю. Вельмі дрэнная тэндэнцыя, калі паэты, пісьменьнікі ідуць у палітыку. Альбо іх уцягваюць туды?

Тут, у правінцыі, я на сабе вельмі адчуваю палітызаванасьць людзей. Глядзяць на мяне, чакаюць: калі гэта я, як кіношны герой, буду бегаць па вуліцы ды заклікаць да нейкіх дзеяў? Зыходзяць з таго, што, паказваючы заганы жыцьця, я павінен іх і выпраўляць. Але справа мастака слова — толькі паказаць, намаляваць сцэны жыцьця, дзейных асобаў. Гэтага людзі недасьведчаныя не разумеюць. Разважаюць так: калі ты не пагаджаесься з існуючымі парадкамі, то чаму не мяняеш іх, ня дзейнічаеш? Ты дзейнічай, а мы паглядзім, што ў цябе атрымаецца. Такая абыватальская псыхалёгія і пазыцыя.

А яшчэ, калі іду пешшу па вуліцы суседняй вёскі, абавязкова хтось спытае: “Чаму пешшу? Дзе твая машына? Ты ж пісьменьнік!” Думаюць, калі чалавек багаты на думкі, дык і грошай у яго павінна быць шмат. А я свае аповеды, вершы, навэлы выдаваў, зьбіраючы грошы сярод людзей. Хто пяць тысяч дасьць, хто дзесяць. Зьдзівіла, што выкладчыкі ВНУ не далі ні рубля і не заплацілі за прапанаваныя кніжкі. Заплаціўшы блізу мільёна рублёў выдавецтву і ўсяго за сто асобнічкаў, што можна на гэтым зарабіць? Даходы нават не акупілі выдаткаў, бо дзесяць тысяч за кніжку ніхто асабліва не разганяўся даваць.

Прызнаюся, я пачуваюся вельмі шчасьлівым, калі зьяжджаю ў які недалёкі гарадок, дзе няма вельмі пільных сьвідруючых вачэй землякоў, дзе кожнае тваё слова не перакручваюць, не абмяркоўваюць, не перадаюць адзін другому. Дый астатнія нюансы, зьвязаныя з увагай, станоўчых эмоцый не выклікаюць. Праўда, сястра ў лістах супакойвае, што ўсе прадстаўнікі публічных прафэсіяў так жывуць. І іх гэтак жа сьвідруюць позіркамі ды павышанай увагай”, —

— гэтак лічыць Уладзімер Цішуроў, пісьменьнік зь вёскі Навапрудзьдзе Круглянскага раёну.

Думаю, спадар Цішуроў, што многія менскія пісьменьнікі і паэты былі б вельмі шчасьлівымі, калі б іх гэтак жа ўсе ведалі, пазнавалі на вуліцы, праводзілі “сьвідруючымі” позіркамі, а іхныя выказваньні, меркаваньні, заўвагі перадавалі з вуснаў у вусны і абмяркоўвалі (няхай бы сабе пры гэтым і пляткарылі)... Але ж не, спадар Уладзімер: і не пазнаюць, і не праводзяць, і не пляткараць... І ў гэтым сэнсе сталічныя творцы (у тым ліку даволі вядомыя ў сваім асяродку), думаю, маглі б вам толькі пазайздросьціць.

На заканчэньне — кароткі ліст ад Марыі Яроменкі зь Менску — з развагамі пра місію журналістыкі і пра Божыя запаветы. Слухачка піша:

“Паважаны Валянцін! Мне падабаюцца вашы разумныя камэнтары да лістоў, таму і вырашыла яшчэ раз зьвярнуцца. На працягу ўсяго часу я спрабавала даказаць, што ўсё вырашае Гасподзь Бог. І што ўсе намаганьні людзей зьдзейсьніць свае жаданьні, якія супярэчаць пляну Божаму — марныя. Што ёсьць адзіны шлях ісьціны — Божы шлях — які прыводзіць да шчасьця і радасьці. Палітычны шлях, якім ідзе ваша радыё — шлях тупіковы, непраўдзівы.

Разумею, што само духавенства сваім крывадушшам зьбівае людзей зь існага, духоўнага шляху. І суд Божы пачнецца з царквы, бо яна таксама ідзе палітычным шляхам”, —

— напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” Марыя Яроменка зь Менску.

Дзякуй вам, спадарыня Яроменка, за добрыя словы. Што да заўвагі, то мушу нагадаць: асноўная тэматыка перадач Радыё Свабода — грамадзка-палітычная. Нашы слухачы шукаюць у эфіры хвалі “Свабоды” найперш дзеля таго, каб даведацца навіны, пачуць актуальныя камэнтары пра падзеі ў Беларусі і вакол яе. Праблемы духоўна-філязофскія таксама абмяркоўваюцца ў эфіры, але — у адмысловых перадачах.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG