Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Астраўцы шукалі падпольную газэту й друкарню


«Астравецкі весьнік»

«Астравецкі весьнік»

У лідэра грамадзкай ініцыятывы “Астравецкая атамная — гэта злачынства” Міколы Ўласевіча падчас ператрусу міліцыянты нічога не знайшлі. Але сфатаграфавалі ўсе пакоі ў хаце й дом звонку.


Са слоў Міколы Ўласевіча, а палове на дзявятую да яго прыйшлі тры міліцыянты й двое панятых. Міліцыянты прадставілі санкцыю раённага пракурора на агляд дома й гаспадарчых пабудоў.

Ператрус, згодна з пастановай пракурора, ажыцьцяўляўся на той падставе (цытуе Мікола Ўласевіч), “што 4 сакавіка ў Астравецкі РАУС прыйшло паведамленьне ад начальніка Ўпраўленьня КДБ па Астравецкім раёне спадара Шмурэя аб тым, што 4 сакавіка ў вёсцы Альхоўка Астравецкага раёну распаўсюджвалі літаратуру невядомага характару”.

Насамрэч, як ужо апавядае Іван Крук, 4 сакавіка ён быў у Альхоўцы ў свайго знаёмага і меў пры сабе два асобнікі незарэгістраванай газэты “Астравецкі весьнік”, якая выйшла накладам 299 асобнікаў. Раптам у Альхоўцы, са слоў Крука, зьявіліся міліцыянты й людзі ў цывільным, якія й сканфіскавалі гэтыя два асобнікі.

Мікалай Уласевіч далей цытуе пастанову на вобшук.

Мікола Ўласевіч
“На падставе выкладзенага ў доме, а таксама дваравых пабудовах Мікалая Ўласевіча, які жыве ў вёсцы Варняны Астравецкага раёнау, можа быць выяўлена незаконна надрукаваная прадукцыя, а таксама сродкі для друку”.

Са слоў Уласевіча, міліцыянты нічога не знайшлі, але пільна абфатаграфавалі яго дом усярэдзіне й звонку. У Івана Крука ператрусу сёньня не было, бо спадар Крук у ад’езьдзе.

На думку Міколы Ўласевіча, улады ведаюць, што газэта выходзіць маленькім накладам, але баяцца, каб людзі знаёміліся з альтэрнатыўнай думкай наконт будаўніцтва ў іх раёне атамнай станцыі.

Уласевіч: “Думаю, прычына ня столькі ў тым, што там напісана, хаця матэрыялы, прысьвечаныя АЭС, вельмі актуальныя для нашых людзей. Гэта, безумоўна, іх турбуе. Але яны глядзяць наперад, каб зьнішчыць на карню гэты альтэрнатыўны голас”.

Іван Крук, у сваю чаргу, дадае, што шмат хто на Астравеччыне ўжо прачытаў іх выданьне.

Іван Крук
“Распаўсюдзілі мы ў Гудагаі, Міхалішках і Альхоўцы. Чытаюць людзі, тэлефанавалі й дзякавалі, што хоць нейкую інфармацыю атрымалі. І ўспрымаюць людзі гэта станоўча. Вось чаму ўлады й пачалі чыніць перашкоды”.

Нагадаю, што “Астравецкі весьнік” самастойна выдалі чальцы аргкамітэту грамадзянскай ініцыятывы “Астравецкая атамная — гэта злачынства”.

Выданьне выйшла на чатырох старонках фармату А4, накладам 299 асобнікаў на беларускай і расейскай мовах. У першым нумары зьмешчаны матэрыялы, скіраваныя супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС.

Сябры аргкамітэту лічаць, што АЭС “па азначэньні ня можа быць пабудаваная ў самай сэйсманебясьпечнай зоне, якой зьяўляецца Астравецкі раён Гарадзенскай вобласьці”. Пра гэта гаворыцца ў матэрыяле старшыні аргкамітэту Міколы Ўласевіча.

Нагадаю, што сябры аргкамітэту грамадзянскай ініцыятывы “Астравецкая атамная — гэта злачынства” ўжо неаднаразова зьвярталіся да мясцовых уладаў па дазвол правесьці пікеты, сустрэчу з навукоўцамі, каб давесьці да людзей марнасьць ідэі пабудовы станцыі ў раёне.

Усе разы ім было адмоўлена. Акрамя гэтага, мясцовая раёнка адмовілася зьмяшчаць на сваіх старонках матэрыялы чальцоў аргкамітэту, у якіх крытыкавалася пазыцыя беларускіх уладаў у дачыненьні да будаўніцтва АЭС.

“Усе гэтыя прычыны й сталі нагодай для зьяўленьня новага выданьня”, — падкрэсьліў Мікола Ўласевіч.

Спадары Крук і Ўласевіч напісалі скаргу на дзеяньні раённага пракурора генэральнаму пракурору.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG