Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У час рэпрэсіяў ня выжыць без салідарнасьці


Партыя БНФ абвясьціла збор ахвяраваньняў для маці салігорскай праваабаронцы Яны Паляковай, што пайшла з жыцьця. Няўрадавыя арганізацыі задумваюцца і пра неабходнасьць аказаньня пацярпелым актывістам ня толькі матэрыяльнай і юрыдычнай, але і псыхалягічнай дапамогі.

Грамадзкія актывісты, людзі неабыякавыя даволі часта церпяць за сваю прынцыповую пазыцыю. Іх звальняюць, а працаўладкавацца, асабліва ў невялікіх гарадах, даволі складана. Адзін з прыкладаў – сябра Партыі БНФ з Кобрыну Аляксандр Мех, у якога сям’я, дзеці. Як дапамагчы такім людзям?

Як кажа намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, “дапамагаць досыць складана. Таму што было зачышчана за гэтыя гады ня толькі палітычнае поле, поле грамадзкіх арганізацыяў. Вельмі моцна і жорстка зачышчалася таксама і поле бізнэсоўцаў, якія патэнцыйна маглі аказваць нейкую фінансавую дапамогу на падтрымку актывістаў у выпадку рэпрэсіяў. Таму магчымасьці вельмі абмежаваныя, і толькі салідарнасьць вось такая агульная, чалавечая тут можа дапамагаць: нехта праз знаёмых можа кагосьці на працу ўладкаваць, ці нейкімі грашыма дапамагчы”.


Чаму фронтаўцы вырашылі падтрымаць маці Яны Паляковай, якая скончыла жыцьцё самагубствам, менавіта такім чынам? Аляксей Янукевіч працягвае:

“На першым месцы, канечне, чалавечыя пачуцьці. Па-чалавечы нас вельмі моцна ўразіў гэты выпадак. Засталася старэнькая маці ў вельмі няпростай сытуацыі. Віктар Івашкевіч прапанаваў арганізаваць збор сродкаў, каб ня проста мы выказалі спачуваньне, а каб і змаглі аказаць пэўную дапамогу. Пэўную суму сабралі, пакуль яшчэ скрыню не адкрывалі, не падлічвалі. Будзем яшчэ працягваць. У суботу ў нас Сойм будзе, з рэгіёнаў, колькі змогуць сабраць, сродкі прывязуць. Асабліва ў нас няма мэты рабіць з гэтага нейкую палітычную акцыю, хаця, натуральна, гэты выпадак палягае ў рэчышчы палітычных падзеяў. Але чалавечыя пачуцьці тут на першым месцы”.

Старшыня зарэгістраванага ў Літве “Праваабарончага альянсу” Людміла Гразнова кажа, што матэрыяльна, хоць і ў даволі сьціплых памерах, няўрадавыя арганізацыі яшчэ могуць дапамагчы, нейкія мэханізмы падтрымкі выпрацаваныя. Дапамагаюць сплаціць штрафы, маладым людзям дапамагаюць знайсьці магчымасьць вучыцца за мяжой. А вось што да іншай дапамогі, тут ёсьць праблемы:

“Мы ня маем такой звычкі, традыцыі – дапамагаць людзям псыхалягічна, прапаноўваць людзям кансультацыі псыхолягаў. А вось у Яніным выпадку трэба было гэта зрабіць у першую чаргу. Асабліва калі гэта тычыцца людзей, крыху далёкіх ад палітыкі, у такой сытуацыі хто першы прыйдзе на дапамогу? Я б раіла ісьці да псыхоляга. Увесь сьвет мае такую звычку: калі цяжкасьці, праблемы самыя прыватныя, самыя асабістыя – ідуць да псыхоляга, выгаворваюцца, і прафэсійны псыхоляг раіць, дае вельмі слушныя парады”.

Адукаваныя, пісьменныя юрысты ёсьць у кожнай праваабарончай арганізацыі, у кожнай партыі. Псыхолягаў няма. А іх дапамога неабходная ня менш, чым прававая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG