Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым прывабіць?


Сёньня у Менску пачынаецца міжнародны сэмінар “Паляпшэньне клімату для замежных інвэстыцыяў”. Да ўдзелу ў ім запрасілі каля 100 чалавек. Сярод іх ня толькі дэпутаты Нацыянальнага сходу, экспэрты, але і прадстаўнікі апазыцыі, якія не патрапілі ў парлямэнт.

Арганізатары дыскусіі -- Рабочая група ў справах Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ і Нацыянальны сход Беларусі пры падтрымцы нямецкага Фонду імя Фрыдрыха Эбэрта.

Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Жуан Суарыш, які знаходзіцца цяпер у Менску, сказаў:журналістам, што на сэмінары будуць і прадстаўнікі апазыцыі, якія не патрапілі ў парлямэнт.

Такіх пакуль вядома толькі двое. Віктар Гарбачоў – прадпрымальнік з Барысава – летась балятаваўся ў Палату прадстаўнікоў. Ён паведаміў “Свабодзе”, што яго запрасілі нават выступіць. Адзін зь лідэраў беларускіх прадпрымальнікаў хоча расказаць пра становішча малога і сярэдняга бізнэсу. Спадар Гарбачоў кажа, што ягоным калегам, цяпер як ніколі раней, не хапае інвэстыцыяў:

“Некаторыя прадпрымальнікі думаюць, што непасрэдныя кантакты з замежнікамі, няхай, з малога і сярэдняга бізнэсу, яшчэ падтрымаюць іх. І канечне, нядрэнна даведацца, дзе, як і што цяпер адбываецца. І прыкінуць, ці магчыма гэта ўжываць у нас. Магчыма, мы і скарыстаем замежны досьвед. Магчыма, зь іхнага заканадаўства прапануем уладам нешта перанесьці ў нашы законы. Сытуацыя ў прынцыпе цяжкая. Але і з цяжкой сытуацыі трэба заўжды шукаць выйсьце”.

Яраслаў Раманчук таксама летась спрабаваў стаць дэпутатам. Але паводле афіцыйных дадзеных, у сваёй акрузе заняў другое месца. Спадар Раманчук тэму выступу на сёньняшнім сэмінары вызначыў так – “Інвэстыцыйныя магчымасьці Беларусі”. Аналітык не разьлічвае, што сэмінар стане нейкім прарывам для Беларусі, але і ігнараваць яго не зьбіраецца :

“Я ня думаю, што гэта мае такое велізарнае значэньне для краіны. Але калі яшчэ 5-10 чалавек з Палаты прадстаўнікоў упэўняцца, што рэсурс плянавай эканомікі скончыўся, што трэба зусім інакш падыходзіць да інвэстыцыяў, то гэта ўжо добра. Я прапаную ім 10 запаветаў інвэстыцыйнага клімату Беларусі: І гэта будзе нашым укладам у дадзены форум”.

Першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка лічыць: у правядзеньні міжнароднага сэмінару ёсьць некалькі прынцыповых момантаў:

“Па-першае, статусны. Натуральна, я не магу прызнаць цяперашнюю Палату прадстаўнікоў легітымным парлямэнтам. Таму што добра ведаю і бачыў на ўласныя вочы, якім чынам, празь якія так званыя выбары фармаваўся яе склад.

Зь іншага боку, нават ад гэтай Палаты прадстаўнікоў трэба было б вымагаць, што называецца, самаапраўданьня. Гэта значыць, рэальных дзеяньняў дзеля незваротнай, інстытуцыянальнай зьмены сытуацыі ў краіне.Праз рэформы выбарчага заканадаўства, крымінальнага кодэксу, заканадаўства аб грамадзкіх арганізацыях і так далей. Калі ж казаць пра інвэстыцыйны клімат, без забесьпячэньня празрыстасьці ў краіне, справаздачнасьці ўраду і любой ўлады, то гэта значыць, ставіць воз наперадзе каня”.
XS
SM
MD
LG