Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячорка перадаў прэзыдэнту ПА АБСЭ дарожную мапу


Жуан Суарыш

Жуан Суарыш

Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Жуан Суарыш ачольвае дэлегацыю, якая пачала афіцыйную частку свайго візыту ў Беларусь. Цягам дня замежныя дэпутаты сустрэліся з кіраўніцтвам Адміністрацыі прэзыдэнта, абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу, пабывалі ў некалькіх міністэрствах, правялі перамовы з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў і апазыцыйных палітычных партыяў.

Парлямэнцкая асамблея АБСЭ — адна зь нямногіх міжнародных структураў, дзе Беларусь мае паўнавартаснае прадстаўніцтва. Менавіта пра гэта казаў Жуан Суарыш, калі адзначаў, што Асамблея стала супрацоўнічае зь беларускімі калегамі.

Кіраўнік Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка таксама казаў пра тое, што Беларусь — паўнапраўны сябра АБСЭ. І таму ў Менску, паводле яго, гэтую арганізацыю разглядаюць як “пляцоўку для канструктыўнага дыялёгу і абмену думкамі ў пытаньнях эўрапейскага супрацоўніцтва і бясьпекі”.

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Валянціна Лявоненка ўваходзіць у склад беларускай дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Пасьля сустрэчы з калегамі спадарыня Лявоненка сказала “Свабодзе”, што ацэньвае гэты візыт “надзвычай пазытыўна”:

“Гэта ідзе наагул у рэчышчы праграмы “Ўсходняе партнэрства”, так мне падаецца. У Эўропе, прынамсі ў АБСЭ, мяняюцца падыходы да Беларусі. І мы гэта ўбачылі на сёньняшняй сустрэчы, такі пазытыў. Былі станоўча адзначаны тыя зьмены, якія адбываюцца цяпер у нашай краіне. Праўда, казалася і пра тое, што да Беларусі яшчэ ёсьць пытаньні. Але ў іх заўжды былі пытаньні. Галоўнае ж, адзначалася, што краіна гатовая да такіх пазытыўных зьменаў”.

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак разам зь іншымі праваабаронцамі, палітыкамі, журналістамі, грамадзкімі дзеячамі размаўляў з прэзыдэнтам Парлямэнцкай асамблеі. Ён кажа, што бальшыня беларускіх удзельнікаў канстатавала: зрухі ёсьць, але яны касмэтычныя, кропкавыя, а не сыстэмныя:

“Абмяркоўвалася, ці ёсьць зьмены, якая цяпер сытуацыя, ці апраўданы дыялёг, якая ў яго пэрспэктыва... Гучалі розныя думкі: больш жорсткія, больш мяккія. Але можна казаць, што агульная інфармацыя гучала так: зьмены адбыліся, але яны ня ёсьць сыстэмныя. А ў лютым сытуацыя пагоршылася”.

У гэтай жа сустрэчы ўдзельнічаў і першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка:

“Я выказаўся дастаткова цьвёрда за тое, каб любы працяг дэманстратыўна адкрытых кантактаў з Лукашэнкам быў абумоўлены рэальнымі крокамі ў кірунку дэмакратызацыі. А якія гэта крокі, сказана ў прыярытэтнай схеме заканадаўчых зьменаў. Яна ўзгодненая ўсімі дэмакратычнымі сіламі і буйнымі грамадзкімі арганізацыямі. І я перадаў гэты дакумэнт спадару Суарышу.

Часта кажуць, што няма ніякай дарожнай мапы, якую б падрыхтавалі самі беларусы. Яна ёсьць. І цяпер, нягледзячы на тое, што месяц застаўся да канца выпрабавальнага тэрміну, якраз самая пара паглядзець у гэтую дарожную мапу. І выставіць дастаткова ясныя ўмовы Лукашэнку”.

Вінцук Вячорка тлумачыць, што на мапе — чатыры вядомыя кірункі: зьмены выбарчага заканадаўства, свабода мэдыяў, грамадзка-палітычныя свабоды і свабода асацыяцыяў.

Галоўнае ж у праграме замежных парлямэнтароў — сэмінар “Паляпшэньне клімату для замежных інвэстыцыяў” для дэпутатаў Нацыянальнага сходу Беларусі. Ён пройдзе ў сераду, 11 сакавіка. Яго арганізатары — Рабочая група ў справах Беларусі ПА АБСЭ і Нацыянальны сход Беларусі пры падтрымцы нямецкага Фонду імя Фрыдрыха Эбэрта. Пасьля заканчэньня сустрэчы з Уладзімерам Андрэйчанкам Жуан Суарыш сказаў: “Заўтра на сэмінары будуць і прадстаўнікі апазыцыі, якія не патрапілі ў парлямэнт”.

Вядома, што пакуль асабістыя запрашэньні на сэмінар атрымалі толькі Віктар Гарбачоў і Яраслаў Раманчук.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG