Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суполкі незалежнага прафсаюзу РЭП не рэгіструюць


Адмову чыноўнікі аргумэнтавалі тым, што ў сьпісе выбарных органаў суполкі няма агульных інтарэсаў па родзе дзейнасьці іх сяброў. Не зарэгістравалі таксама суполкі гэтага ж прафсаюзу ў Віцебску й Гомелі.

“Улады адмовіліся рэгістраваць, бо не хацелі. Відаць такая была каманда зьверху”, — зазначае старшыня агульнабеларускай прафсаюзнай арганізацыі РЭП Генадзь Фядыніч:

“Пытаньне ня ў назьве прафсаюзу, а ў стаўленьні да яго ўлады. Калі б ён нічога не рабіў ці быў бы на баку афіцыйнага прафсаюзу, то яго б зарэгістравалі. Мы думалі ўжо зьмяніць назву, але хто дасьць гарантыю, што нас зарэгіструюць пад іншай назвай? Відавочна, што чыноўнікі няўважліва прачыталі статут арганізацыі. Мы ўжо паінфармавалі Міжнародную арганізацыю працы пра нерэгістрацыю суполак і выказалі свае меркаваньні наконт гэтага. Неўзабаве адбудзецца паседжаньне каардынацыйнай рады, дзе ўлада павінна даць справаздачу, як яна выконвае рэкамэндацыі гэтай арганізацыі. Нам цікава, якія довады знойдзе ўлада, каб апраўдацца”.

Паводле Генадзя Фядыніча, прафсаюз мае намер абскардзіць у судзе рашэньні ўладаў. Акрамя таго, у Магілёве, Гомелі й Віцебску вырашана трэцяга красавіка правесьці акцыі пратэсту супраць пазыцыі мясцовых уладаў што да незалежнага прафсаюзу.

У агульнабеларускай арганізацыі Прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці — каля дзьвюх тысяч сяброў. У прафсаюзе адзначаюць, што колькасьць сяброў магла б быць большай, калі б суполкі ў рэгіёнах рэгістравалі.
XS
SM
MD
LG