Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Крэдыты МВФ Беларусі ня выратуюць”


Сёньня ў Менску завяршыла працу місія Міжнароднага валютнага фонду, удзельнікі якой з 3 сакавіка праводзілі сустрэчы з высокапастаўленымі чыноўнікамі ва ўрадзе і Нацыянальным банку, з прадстаўнікамі дзелавых колаў і незалежнымі экспэртамі.


Місія абмеркавала з уладамі Беларусі апошнія зьмены ў эканоміцы ў рамках эканамічнай праграмы, падтрыманай МВФ. Нагадаем, 12 студзеня Выканаўчая рада дырэктараў фонду зацьвердзіла выдзяленьне Беларусі стабілізацыйнага крэдыту ў памеры 2,46 мільярда даляраў. У студзені афіцыйны Менск ужо атрымаў каля 800 мільёнаў даляраў, астатняя ж частка крэдыту будзе выдзяляцца паэтапна да пачатку 2010 году на падставе вынікаў штоквартальных аглядаў рэалізацыі праграмы. Для падрыхтоўкі першага такога агляду чарговая місія пад кіраўніцтвам Крыса Джарвіса наведае Беларусь пры канцы красавіка ці на пачатку траўня. Калі афіцыйны Менск мяркуе атрымаць чарговую траншу крэдыту?

Начальнік упраўленьня інфармацыі Нацбанку Беларусі Анатоль Драздоў сказаў:

“Згодна з раней распрацаваным графікам. Калі ўсё будзе так, як плянавалі. Праўда, я тут гляджу паведамленьне місіі МВФ — чамусьці яны пішуць, што прыедуць напрыканцы красавіка. Сьпярша плянавалася — на пачатку красавіка. Я ня ведаю, усё гэта яшчэ можа быць перагледжана. Так што разьлічваем, што будзем атрымоўваць як належыць — у красавіку, у жніўні”.

Паводле спадара Джарвіса, у яго адбыліся вельмі канструктыўныя дыскусіі з урадам і Нацыянальным банкам. Ён заявіў, што “за два месяцы пасьля зацьвярджэньня пагадненьня аб крэдыце “стэнд-бай” эканамічныя праблемы, якія стаяць перад Беларусьсю, сталі яшчэ больш складанымі”. Вялікі нэгатыўны ўплыў на беларускіх экспартэраў зрабіла падзеньне попыту ў краінах — асноўных гандлёвых партнэрах, у тым ліку ў Расеі. Спадар Джарвіс адзначыў, што пры “належнай эканамічнай палітыцы Беларусь можа пераадолець праблемы, якія ўзьніклі, а МВФ будзе працаваць з уладамі, каб дапамагчы беларускаму народу перажыць гэтыя цяжкія часы”.

Ці выратуюць беларускую эканоміку грошы МВФ? На гэтае пытаньне Анатоль Драздоў адказаў так:

“А хіба яны прызначаны для таго, каб яе выратаваць? Крэдыт “стэнд-бай” даецца для захаваньня стабільнасьці нацыянальнай валюты, а не для выратаваньня эканомікі. Урад павінен выратоўваць”.

Карэспандэнт: “Але чаму гэтая праблема якраз і ня вырашана — дэфіцыт валюты ў Беларусі?”

Драздоў: “У зьвязку са скарачэньнем экспарту меней валютнай выручкі паступае ў краіну”.

Таксама спадар Драздоў адзначыў, што беларускі бок не чакае, што ўмовы атрыманьня крэдыту МВФ будуць зьмененыя.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка мяркуе, што колькі б ні прыяжджала місія МВФ, Беларусі пагражае падзеньне вытворчасьці да 34%, рост беспрацоўя да 18—20%, падзеньне ўзроўню жыцьця на 30—40%.

Леанід Заіка
“У гэтай сытуацыі выратуюць нас ня грошы, а выратуе энэргія і думка 4 з паловай мільёнаў беларусаў, якія ёсьць асноўнай вытворчай сілай. Стаўка павінна быць на інтэлект нацыі, а не на грошы. Мы можам узяць яшчэ адзін мільярд, два, тры, пяць. І гэты мільярд прасьвішча, як куля каля скроні. Усе гэтыя экзэрсысы з грашыма, пазыкамі, стабілізацыяй курсу — гэта ўсё эканамічная палітыка 20 стагодзьдзя. Гэта ўсё мінулае. Зараз перамогуць тыя, хто будзе шукаць новыя тэхналёгіі, рашэньні, ствараць новыя тавары. Тое, што мы дагэтуль робім, — гэта дарога ў тупік”.

Нагадаем, чарговая місія МВФ пад кіраўніцтвам Крыса Джарвіса зноў наведае Беларусь напрыканцы красавіка ці на пачатку траўня, каб падрыхтаваць першы агляд рэалізацыі праграмы зь Міжнародным валютным фондам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG