Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ян Андэрсан заграе для менчукоў са зламаным пальцам


Ян Андэрсан
Ян Андэрсан
Заўтра адзіны канцэрт у Беларусі дасьць легендарны брытанскі гурт “Jethro Tull”, гісторыя якога пачалас я яшчэ ў другой палове 1960-х. А сёньня заснавальнік і нязьменны лідэр калектыву Ян Андэрсан сустрэўся з журналістамі ў менскім “Beatles-cafe”.

“Jethro Tull” уваходзіць у сымбалічную пяцёрку самых наватарскіх камандаў сьвету разам з “Beatles”, “Rolling stones”, “Genesis” і “Led Zeppelin”. Сам Ян Андэрсан па сукупнасьці творчых заслугаў напачатку мінулага году адзначаны Каралеўскім ордэнам і цяпер мае ганаровае званьне “Сябра Брытанскай імпэрыі”. Дарэчы, на 40 гадоў раней такім жа тытулам былі ўганараваныя ўдзельнікі “Beatles”.

А вось першы за ўсю гісторыю існаваньня гурту выступ у Беларусі да апошняга заставаўся пад пытаньнем. У Менск Андэрсан прыляцеў з гіпсам на пальцы. Аднак запэўніў, што на якасьці канцэрту гэта ніяк не адаб’ецца. У сваю чаргу, ён выказаў дасьведчанасьць савецкай літаратурай, не без долі гумару заявіўшы, што ў дадзеным выпадку можна казаць пра музычную аповесьць аб сапраўдным чалавеку:

Для менчукоў Ян Андэрсан будзе граць і з зламаным пальцам
“Я зламаў палец, і ўчора ў шпіталі мне наклалі гіпсавую павязку. Увогуле выбар быў сьціплы: альбо мне робяць апэрацыю і я ня еду да вас, альбо мне накладаюць гэткую шыну, абмазваюць нейкім клеем, каб у мяне проста функцыянаваў палец. І вось я прыехаў даць канцэрт у Менску. Пабываў амаль у ролі Мярэсьева. Але я думаю, што ў публіцы ці сярод журналістаў абавязкова знойдзецца мэдсястра ці лекар па сумяшчальніцтве і хтосьці мне дапаможа, калі нешта здарыцца”.

“Jethro Tull” на ўсіх этапах творчай кар’еры вызначаліся экстравагантнасьцю і маштабнасьцю шоў. Аднак сёлета, як прызнаўся лідэр калектыву Ян Андэрсан, даводзіцца рабіць папраўку на сусьветны фінансавы крызіс. Таму і абяцаны размах будзе ўціснуты да разумных межаў:

“На жаль, такі зараз у нас такі час — глябальны крызіс, дэфіцыт сродкаў і г.д. І для таго, каб праводзіць шоў з элемэнтамі пэрфомансу, каб дазволіць сабе некалькі разоў за канцэрт зьмяняць касьцюмы, ставіць дарагія дэкарацыі, то цяпер не зусім спрыяльны момант. Вы, можа, ня бачылі, з чым я прыехаў? У мяне гэткі маленькі чамаданчык, у які я ўціснуў дзьве кашулі, дзьве пары штаноў, зьмену бялізны, натуральна, сваю флейту. І, бадай што, усё. Проста сёньня, калі ты вязеш вельмі шмат рэчаў, то потым плаціш шмат грошай. Авіялініі, як і раней, хочуць зарабляць на пасажырах. На жаль, гэта не прагназаваныя выдаткі і гэта адбіваецца на тым, што мы паказваем на нашых канцэртах”.

Унікальны гук, па якім беспамылкова ідэнтыфікуеш “Jethro Tull”, камандзе ўдалося стварыць на мяжы 1960-70-х. Тады былі запісаныя галоўныя альбомы: “Stand Up”, “Aqualung”, “Living In the Past”. Кампазыцыі заснаваныя на хітраспляценьні хард-року з блюзам, фолькам, джазам. Замацавацца музыкам на вяршыні, на перакананьне крытыкаў, дапамагла флейта Андэрсана, у посьпех выкарыстаньня якой у рок-музыцы дагэтуль ніхто ня верыў. Менавіта флейта зь цягам часу стала візытоўкай і галоўным апазнавальным знакам “Jethro Tull”.

Афіцыйнай датай нараджэньня супэр-гурту лічыцца 20 сьнежня 1967 году. Як расказвае сам Ян Андэрсан, аднойчы ў бібліятэцы ён натрапіў на кнігу пад назвай “The New Horses Hoeing Husbandry”, аўтарам якой быў Джэтра Тал (Jethro Tull). Аграном-аматар, які жыў у Англіі ў 18 стагодзьдзі, праславіўся тым, што ўдасканаліў мадэль плуга-сеялкі. У новай канструкцыі Джэтра Тал выкарыстаў элемэнты аргану, у тым ліку пэдаль. Ян Андэрсан палічыў такі сымбіёз надзвычай цікавым і ўвекавечыў вынаходніка ў назьве гурту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG