Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускім МЗС ня чулі пра ўльтыматум


Андрэй Папоў
Андрэй Папоў

Польскія мэдыі паведамілі пра ўльтыматум польскага МЗС да беларускага кіраўніцтва: прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка атрымае запрашэньне на саміт Эўразьвязу, калі беларускія ўлады ня будуць перашкаджаць у правядзеньні зьезду Саюзу палякаў пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс.


У беларускім Міністэрстве замежных спраў паведамілі, што ніякага ўльтыматуму не атрымлівалі. Прэсавы сакратар МЗС Андрэй Папоў заявіў:

“Я ні пра якія ўльтыматумы ня чуў. Тое, пра што я чуў, — гэта тое, што адбыліся працоўныя перамовы паміж кіраўніцтвам Міністэрства замежных спраў Беларусі і Міністэрствам замежных спраў Польшчы, падчас якіх быў разгледжаны ўвесь комплекс двухбаковых дачыненьняў паміж нашымі краінамі. Ні пра якія ўльтыматумы ў нашым разуменьні гаворка падчас гэтай сустрэчы не ішла”.

На пытаньне, ці дадуць магчымасьць Саюзу палякаў правесьці зьезд, спадар Папоў адзначыў:

“МЗС не займаецца рэгуляваньнем пытаньняў нацыянальных мяншыняў у Беларусі”.

Прадстаўнік польскай амбасады ў Менску Павал Марчук таксама спаслаўся на тое, што інфармацыю пра польскі ўльтыматум адносна візыту Аляксандра Лукашэнкі на саміт у Прагу пакуль мае з мэдыяў:

“Не магу пацьвердзіць, бо я пакуль гэтую інфармацыю атрымаў з прэсы. У мяне няма афіцыйнай заявы нашага МЗС наконт гэтага”.

У амбасадзе таксама паведамілі, што сёньня ў Варшаве пройдуць перамовы паміж намесьнікамі міністраў замежных спраў Беларусі і Польшчы — Валерыем Варанецкім і Янам Баркоўскім.

Тым часам польскія мэдыі цытуюць намесьніка міністра польскага МЗС Яна Баркоўскага, які заявіў, што далейшае стаўленьне Менску да зьезду СПБ “будзе мець уплыў і на нашу пазыцыю ў дачыненьні да Беларусі на форуме Эўразьвязу”.

Паводле прадстаўніка не прызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Анджэя Пісальніка, польская дыпляматыя імкнулася цягам амаль чатырох гадоў улагодзіць канфлікт:

Анджэй Пісальнік
“І вось дайшло да таго, што трэба гаварыць на мове ўльтыматумаў. Відавочна, што беларускі бок ня мог зразумець іншай мовы, таму польская дзяржава скарыстала мову ўльтыматумаў і скарыстала сытуацыю інаўгурацыі Ўсходняга партнэрства і магчымага далучэньня да гэтай праграмы Беларусі. Я лічу, што гэта вельмі моцная падтрымка для Саюзу палякаў з боку польскай дзяржавы, польскага ўраду, які недвухсэнсоўна даў зразумець беларускім уладам, што калі беларускія ўлады працягнуць рэпрэсіі супраць дзеячаў Саюзу палякаў, то будуць вельмі некарысныя для беларускіх уладаў наступствы. І мы спадзяемся, што беларускія ўлады ўсё ж дадуць нам правесьці зьезд”.


Саюз палякаў на чале з Анжалікай Борыс зьбіраецца правесьці свой сёмы зьезд 14—15 сакавіка ў Баранавічах. Зь вясны 2005 году беларускія ўлады не прызнаюць арганізацыю, таму галоўным пытаньнем зьезду будзе легалізацыя яе дзейнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG