Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рубель заменіць эўра і даляр


Нацыянальны банк Беларусі спыніў выдачу ліцэнзіяў на разьлікі наяўнай замежнай валютай. Новых ліцэнзіяў не даюць наагул, а тэрмін дзеяньня старых не працягваюць.


У галоўным банку краіны гэта тлумачаць імкненьнем “дэдалярызаваць эканоміку і цалкам выціснуць замежныя валюты з унутраных разьлікаў”.

Курс на выключэньне даляра і эўра з унутраных разьлікаў старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Пётар Пракаповіч тлумачыць журналістам як адзін з урокаў усясьветнага крызісу:

“Мы зрабілі для сябе выснову, што трэба павялічыць тэмпы працы па павелічэньні месца і ролі беларускага рубля ў нашай краіне. То бок гэтае пытаньне ў нас будзе на асаблівым уліку. Мы распачалі спэцыяльную праграму і за кароткі час павінны зрабіць так, каб у Беларусі быў запатрабаваны толькі беларускі рубель. А нашым грамадзянам замежная валюта павінна быць патрэбнай толькі тады, калі яны выяжджаюць за межы Беларусі. Унутры краіны моцны беларускі рубель павінен забясьпечыць усе патрэбы нашага насельніцтва. І таксама — прадпрыемстваў”.

Эканаміст Міхась Залескі лічыць, што такі крок слушны, але вельмі запозьнены:

Міхась Залескі
“Зусім недалёка ад нас Літва. І там вы нікому даляр не працягнеце. Таму што ў іх ёсьць літ. І яны яго паважаюць. Бо яны паважаюць літоўскую мову, сваю краіну, самі сябе ў большай ступені за нашых начальнікаў.

І страціўшы 20 гадоў, можна пачаць лячыцца.Але, думаю, гэта будзе вельмі балюча. І пачынаць трэба інакш. Я, напрыклад, пачаў бы з таго, што адмяніў усе арэндныя стаўкі ў эўра і перавёў бы іх на наш рубель. А не з адбору ліцэнзіяў”.

Эканаміст Яраслаў Раманчук канстатуе: даверу ў насельніцтва да беларускага рубля, асабліва цяпер, няма.

Яраслаў Раманчук
“Дзеяньні ўраду і Нацыянальнага банку прывялі да таго, што былога даверу да нашага рубля няма. Таму такія выбарачныя захады па стварэньні даверу выклікаюць больш падазронасьці. І я ня думаю, што яны будуць эфэктыўнымі. Таму што калі попыт на валюту ў 3—4 разы перавышае продаж, то гэта, безумоўна, стварае вельмі добрыя ўмовы для разьвіцьця чорнага рынку. І людзі, якія бачаць, што беларускі рубель вельмі нестабільны, інфляцыя буйная, а пагрозы дэвальвацыі яўныя, будуць уцякаць ад беларускага рубля незалежна ад таго, што гаворыць Нацыянальны банк. Тым больш, калі бізнэсоўцы патрабавалі адысьці ад эўра і даляра ў аплаце арэндных плацяжоў, урад сказаў, што не — мы гэтага рабіць ня будзем”.

У студзені на той жа самай прэсавай канфэрэнцыі, дзе Пётар Пракаповіч казаў пра неабходнасьць “дэдалярызацыі беларускай эканомікі”, ён таксама заяўляў пра неабходнасьць ператварыць беларускі рубель у канвэрсаваную валюту “хаця б да 2015 году”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG