Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Салігорску пахавалі Яну Палякову


Праводзіць салігорскую праваабаронцу ў апошні шлях прыйшлі каля ста чалавек.


15:15
Пасьля таго, як труну апусьцілі ў зямлю, прысутныя прасьпявалі гімн “Магутны Божа”.


У інтэрвію “Свабодзе” апазыцыянэр Вячаслаў Сіўчык пералічыў факты ціску на Палякову з боку ўлады: яе зьбівалі, заводзілі на яе крымінальную справу, пракуратура адмаўлялася расьсьледаваць дзеяньні міліцыі, суд, на ягоную думку, быў прадузятым. Як ціск ён расцэньвае і артыкул у СБ, які выйшаў напярэдадні сьмерці Паляковай. Сіўчык лічыць, што Палякову давялі да самагубства. Ён настойвае на правядзеньні расьсьледаваньня.

15:05
Ідзе паніхіда. Выступілі праваабаронцы і грамадзкія актывісты, сярод якіх Валер Шчукін, Людміла Гразнова, Зінаіда Цімошык.

Валер Шчукін заявіў, што “Яна Палякова загінула на вайне, вайне – супраць грамадзтва. Яна аказалася на фронце гэтай вайны і стала яе ахвярай”.

Людміла Гразнова лічыць, што ў сьмерці Яны шмат незразумелага. “Нельга ставіць кропку пакуль не будзе праведзена расьсьледаваньне. Мы павінны патрабаваць гэтага”.

Зінаіда Цімошык, якая прысутнічала на судзе над Янай Паляковай, кажа што Яна патрабавала, каб суд праверыў факты званкоў на яе тэлефон з ад міліцыянтаў з пагрозамі. Суд адмовіўся задаволіць яе просьбу. “Ціск быў трывалы і яна сапраўды магла не вытрымаць”.

14:35
Пахавальная працэсія прыехала на могілкі. Пачынаецца грамадзкая паніхіда.

Суседка Тацяна Каражынец кажа, што Палякова вельмі перажывала наконт выраку суду, даводзіла, што яна невінаватая, што міліцыянты падрабілі доказы. Каражынец кажа, што нябожчыца часта юрыдычна дапамагала сваімі суседзям. Жыхар Салігорску Вадзім Лялькін кажа, што Яна была вельмі самаахвярным чалавекам і заўсёды была гатовая дапамагчы.

Сяргей Панамароў зазначае, што Яна Палякова магла пакрыўдзіцца з-за аднаго слова, вельмі перажывала крыўды. “У такую цяжкую хвіліну проста не знайшлося чалавека, які мог бы ёй дапамагчы”, — кажа Панамароў.

14:20
Жалобны картэж праехаў праз цэнтар Салігорску, у тым ліку побач з управай ўнутраных справаў. Арганізатары пахаваньня хацелі спыніцца. Аднак ля будынкі дзяжурыць машына ДАІ і некалькі міліцыянтаў.


14:10 Пахавальная калёна рушыць па вуліцы Ўзьбярэжная, на якой жыла Палякова. Руху ніхто не перашкаджае. У калёне – каля сотні чалавек. Пахаваюць Палякову на гарадзкіх могілках Дубеі.


Пахавальны картэж хоча праехаць ля будынку Ўправы ўнутраных справаў – такім чынам арганізатары пахаваньня хочуць засьведчыць, што нябожчыца мела канфлікт зь міліцыяй.


13:40
Да дому прывезьлі цела жанчыны. Ля дому праходзіць разьвітаньне. Прысутныя ўзьнялі бел-чырвона-белы сьцяг. Разьвітаньне праходзіць пакуль без публічных прамоваў. Агулам сабралося болей за 50 чалавек. Міліцыянтаў ня бачна.



13:00 Ля дома Паляковай — некалькі дзясяткаў чалавек. З грамадзкіх актывістаў прысутнічаюць Вячаслаў Сіўчык, Людміла Гразнова, Алесь Макаеў, Вольга Казуліна і Раіса Міхайлоўская.

Людзі з кветкамі ў руках чакаюць, калі прывязуць цела.

Міліцыянтаў пакуль не відаць.



Адзін з апошніх фатаздымкаў. Яна Палякова — трэцяя справа.


ВІДЭАРЭПАРТАЖ
Пахаваньне Яны Паляковай




У ноч на 7 сакавіка 33-гадовую Яну Палякову знайшлі ў пятлі ў сваім доме ў Салігорску.

На мінулым тыдні суд прызнаў Палякову вінаватай у паклёпе на міліцыянта Віктара Пугачова. Палякову прысудзілі да 2,5 гадоў “хіміі”.

Пракуратура Салігорскага раёну Менскай вобласьці праводзіць праверку па факце самагубства.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG