Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральная пракуратура назвала ахову здароўя ў ліку галінаў, ахопленых карупцыяй.


Сярод лекараў таксама трапляюцца нядобрасумленныя людзі, якія ня супраць узбагаціцца праз службовае становішча. Паводле дадзеных Генэральнай пракуратуры, часьцей за ўсё лекары-карупцыянэры бяруць хабар за розныя паслугі. Якія дакладна, распавёў Сяргей Целяжэвіч, загадчык аддзелу дзяржаўнага абвінавачаньня пракуратуры Беларусі.
найбольш распаўсюджаны хабар за выдачу лістоў аб захворваньні ...

“У асноўным за выдачу даведак аб праходжаньні мэдычнага агляду. Даведкі патрэбны кіроўцам ды іншым асобам, прыкладам, якія працуюць у сыстэме харчаваньня. Але найбольш распаўсюджаны хабар за выдачу лістоў аб захворваньні. Людзі спадзяюцца, што іх справа, якія рабілася тэт-а-тэт, ня стане нікому вядомы. Відаць, гэта сьведчыць і пра недастатковае матэрыяльнае забесьпячэньне”.

У прэсавай службе Міністэрства аховы здароўя на пытаньне адносна хабарнікаў сярод супрацоўнікаў мэдустановаў прагучала сустрэчнае пытаньне: “А вы ніколі не давалі хабар доктару?”

Камэнтаваць дадзеныя пракуратуры адносна хабарніцтва ў Міністэрстве аховы здароўя адмовіліся, спаслаўшыся на недахоп дадзеных. Тое самае прагучала і пра памер сярэдніх заробкаў у мэдыцынскай сфэры.

“Я так адразу не магу сказаць, у мяне няма лічбаў”.

Мусіў зьвярнуцца ў інтэрнэт. Даведаўся пра лічбы, якія агучылі ў канцы лютага на калегіі Міністэрства аховы здароўя: звычайны лекар зарабляе 1 мільён 200 тысяч рублёў, сярэдні мэдыцынскі пэрсанал – каля 700 тысяч рублёў, малодшы – каля 400 тысяч. Летась ў канцы году заробкі мэдыкаў падняліся на 200 тысяч, але потым зьнізіліся.

Сярэдні заробак – як сярэдняя тэмпэратура хворых у шпіталі. Для кагосьці добрая, для кагосьці лятальны вынік. Што маюць у разьліковых квітках у правінцыйнай бальніцы? Распавёў доктар з Клімавічаў Міхась Шпакаў.

“Калі ў лекара адзін аклад, то вельмі цяжка. Прыкладам, у мяне як у загадчыка аддзяленьня было бруднымі каля паловы мільёна, дык даводзіцца шукаць падпрацоўкі. І тыя лічбы, што сярэдні заробак за мільён, дык сам міністар прызнае – гэта з улікам сумяшчальніцтва. Бо на адну зарплату толькі канцы з канцамі можна зьвесьці. І яшчэ ў гэтым годзе адзін сюрпрыз. Чакаемыя паказчыкі нам сплянавалі гэтак, што, прыкладам, маё аддзяленьне не атрымае паловы заплянаваных прэміяльных. Бо даведзеныя лічбы не адужаем”.

Пра хабарніцтва сярод лекараў Міхась Шпакаў з Клімавічаў сказаў, што чуў пра тое з мэдыяў, але такіх лекараў не сустракаў.
XS
SM
MD
LG