Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Салігорску скончыла жыцьцё самагубствам праваабаронца Яна Палякова. На мінулым тыдні Салігорскі суд прызнаў Яну Палякову вінаватай у лжывым паклёпе на міліцыянта Віктара Пугачова і пакараў жанчыну 2,5 гадамі “хіміі”. Паводле сьведак, Яна Палякова пасьля суду заявіла, што “зэчкай ніколі ня будзе”.

Яна Палякова нарадзілася ва Ўкраіне, а потым сям’я пераехала ў Салігорск. Яна скончыла юрыдычны факультэт БДУ, працавала юрыстам на мясцовым прадпрыемстве “Надзея”, калі звольнілася адтуль, пачала аказваць людзям юрыдычную дапамогу як праваабаронца. Супрацоўнічала зь Беларускім Хэльсынскім камітэтам, а потым, ад 2000 году, з арганізацыяй Алега Волчака “Прававая дапамога насельніцтву”. Праваабронца Алег Волчак згадвае пра Яну Палякову:

“У асноўным яна была адмыслоўца паводле працоўных пытаньняў, зямельных, спадчынным. Шмат працавала з прадпрымальнікамі, яе шмат хто ведаў. А ціск пачаўся пасьля таго, як яна стала дапамагаць нам у справе Казуліна, калі ён быў арыштаваны. Два гады таму яна падала заяўку на пікет у ягоную падтрымку, дык міліцыянты два дні яе пільнавалі каля кватэры, каб яна не правяла несанкцыянаваны пікет”.

Падчас леташніх выбараў у Нацыянальны сход Яна Палякова працавала ў камандзе Вольгі Казулінай, зьбірала подпісы за яе ў Менску. Дачка вядомага апазыцыянэра Вольга Казуліна згадвае:

“Яна падалася мне вельмі сумленнай, адказнай і нават самаадданай. Мы ўсіх папярэджвалі, што могуць быць непрыемнасьці, дык яна на гэта сказала, што нічога не баіцца. Калі зьбірала подпісы, мы былі спакойныя, што зь імі ніякіх праблем ня будзе. У выніку яна сабрала подпісаў больш за ўсіх”.

Вольга Казуліна мяркуе, што маладую жанчыну “зацкавалі”. Казуліна мае на ўвазе канфлікт з салігорскімі міліцыянтамі, які стаў прычынай судовага працэсу над праваабаронцай. На гэтым тыдні суд прызнаў Яну Палякову вінаватай ў паклёпе на міліцыянта Віктара Пугачова і асудзіў яе на 2,5 году хіміі. Што адбылося паміж Паляковай і Пугачовым?

Яна Палякова сцвярджала, што летась 1-га верасьня былы ўчастковы міліцыянт Віктар Пугачоў нібыта зьбіў яе ў міліцыі. У маладой жанчыны была траўмаваная рука, з-за гэтага яна шмат часу правяла ў бальніцы. Аднак Віктар Пугачоў у судзе прадставіў відэадоказы, зь якіх вынікала, што жанчыну ў міліцыі не зьбівалі, а сам ён тады адсутнічаў у горадзе. Праваабаронца Валер Шчукін, які прысутнічаў на тым паседжаньні, згадвае, што Яна Палякова адмовілася даваць паказаньні. Паводле Шчукіна, яна зрабіла гэтак, пратэстуючы супраць змовы, якая, паводле яе, існавала паміж пракуратурай і міліцыяй. Самога Шчукіна доказы з боку міліцыі не пераканалі ў тым, што Яна Палякова нагаворвала на міліцыянта Пугачова:

“Яна кажа, што відэастужка, якую паказалі ў судзе, тычыцца другога дня, не таго, калі яе зьбівалі. Яна прасіла зрабіць экспэртызу, але экспэртызу не зрабілі”.

Жыхарка Салігорска Ларыса Насановіч бачылася зь Янай Палякова адразу пасьля таго, як прагучаў прысуд – 2,5 гады “хіміі”. Ларысу Насановіч зьдзівіла рэакцыя Паляковай на прысуд.

“Калі судзьдзя сказаў, што, маўляў, падыдзіце ў пятніцу за прысудам, яна адказала, што нікуды ня пойдзе і абскарджваць ня будзе. Нас гэта вельмі зьдзівіла”.

Маці Яны Ніанэле Паляковай болей за 70 гадоў. Ніянэла Міхайлаўна згадвае, як сёньня раніцай сустрэла ў кватэры міліцыянтаў і прадстаўнікоў пракуратуры, якія прыехалі пасьля лекараў і “хуткай дапамогі”:

“Гэта быў ціск ўсіх нашых органаў. Тут сёньня быў пракурорскі работнік, і я сказала яму і міліцэйскім: “Я вам не дарую. Нельга было гэтак рабіць. Паглядзіце: вы здаровыя мужыкі, а яна бедная дзяўчына. Ёй хоць 33 гады, а яна дзяўчынка. Яна прытомнасьць губляла ў лістападзе, у рэанімацыю патрапіла... Прасьціце – не магу казаць...”

Пахаваньне Яны Паляковай адбудзецца 9-га сакавіка. У пракуратуры Салігорску паведамілі, што там распачатая праверка гібелі маладой жанчыны і патлумачылі, што такія праверкі праводзяць заўсёды пасьля самагубстваў.

11 лістапада 2008-га году, пасьля таго, як Яну Палякову пад прымусам прывялі ў суд, яна гэтак камэнтавала Радыё Свабода тое, што зь ёй адбывалася ў Салігорску:

“Я ў шоку знаходжуся. Проста ў шоку. Гэта спроба маральна мяне дабіць. Яны добра ведаюць пра мой стан здароўя і спрабуюць мяне дабіць”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG