Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асамблея патрабуе спыніць усе формы палітычнага перасьледу


Сяргей Мацкевіч

Сяргей Мацкевіч

Сёньня ў Менску завяршыла працу 6-я Асамблея няўрадавых арганізацый ды ініцыятываў. Дэлегаты прынялі заяву з заклікам да ўладаў спыніць усе формы палітычнага перасьледу і адмысловую рэзалюцыю.



Падчас працы Асамблеі з Салігорску прыйшла трагічная навіна пра самагубства праваабаронцы Яны Паляковай. Дэлегаты ўшанавалі памяць актывісткі мінутай маўчаньня. Праваабаронца Раіса Міхайлоўская заявіла, што Яна стала ахвярай палітычнага рэжыму ў краіне.

“Адбылася жахлівая трагедыя. Гэта вялікая страта для беларускага праваабарончага руху. Апошнім часам Яна была вельмі маральна падаўлена. Можа гэта зьвязана менавіта зь яе перасьледам. Над ёй нядаўна прайшоў суд і ёй прысудзілі 2,5 гады папраўчых працаў. На яе гэта вельмі маральна ціснула. Яна ніколі ня лічыла сябе вінаватай, а яе абвінавацілі ў ілжывым даносе. Яна адмовілася пісаць касацыйную скаргу і, на жаль, выйшла з гэтай сытуацыі такім чынам”.

Адзін з арганізатараў Асамблеі Сяргей Мацкевіч адзначыў:

“Я лічу, што гэта наўпрост зьвязана зь яе палітычнай дзейнасьцю, зь яе грамадзянскай пазыцыяй. На жаль, улады не да канца думаюць, што гэта ня проста палітычныя заявы, палітычныя рашэньні, а гэта лёсы людзей. Так як і з гэтым гвалтоўным прызывам у войска. Калі людзі маюць стан здароўя, якія не дазваляе ім служыць у войску, людзі проста могуць згубіць здароўе. І трэба зважаць не толькі на прававыя нормы, але і на чалавечыя фактары, што гэта ёсьць лёсы людзей”.

Сёньня ж амаль 330 удзельнікаў Асамблеі прынялі заяву з заклікам да ўладаў спыніць усе формы палітычнага перасьледу. Яны заклікалі вызваліць асобаў, якія знаходзяцца за кратамі ў зьвязку зь іх грамадзка-палітычнымі перакананьнямі, у тым ліку Арцёма Дубскага, Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенку. Таксама перагледзець вынікі “працэсу 14-ці”, спыніць практыку палітычна матываваных звальненьняў з працы, адлічэньня з навучальных установаў і гвалтоўнага прызыву на вайсковую службу. Таксама у адмысловай рэзалюцыі дэлегаты заклікалі адмяніць палітычныя артыкулы Крымінальнага кодэксу і наблізіць да заяўляльнага прынцыпу рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, перагледзець неабгрунтаваныя адмовы ў рэгістрацыі. Паводле палітоляга Юрыя Чавусава, рэзалюцыя Асамблеі адрасавана і эўрапейскім структурам, якія вядуць дыялёг з афіцыйным Менскам.

Сяргей Мацкевіч адзначыў наяўнасьць перашкодаў з боку ўладаў у дзейнасьці няўрадавых арганізацый:

“Мы гэта абмяркоўвалі і лічым, што перашкоды застаюцца. Зьявіліся, на жаль, новыя формы перасьледу актывістаў. Глябальных зьменаў не назіраецца ні ў цэнтры, ні ў рэгіёнах. Можа зьмянілася рыторыка ўладаў да больш памяркоўнай. А ў сваіх дзеяньнях яны ўсё роўна кіруюцца тым заканадаўствам, якое ёсьць, а яно ў вялікай ступені рэпрэсіўнае. І тымі звышмэтамі – не дапусьціць да легальнай дзейнасьці апанэнтаў улады. Мы жадаем, каб гэта памянялася”.

Адзін з заснавальнікаў Асамблеі, намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка адзначыў, што Асамблея адбылася, нягледзячы на спробы ўладаў “закатаць пад асфальт грамадзкую актыўнасьць дэмакратычных ініцыятываў”.

Вінцук Вячорка
“Улада палітызуе тое, што ў нармальным грамадзтве палітызаваным быць не павінна. Была тут дыскусія ў якой ступені мусяць быць палітызаванымі рашэньні і патрабаваньні грамадзкіх арганізацый. Яны змушана ёсьць такімі, бо ўлада аказваецца, любую незалежную ад сябе ініцыятыву, апрыёры трактуе як варожую. Якую трэба альбо падпарадкаваць сабе, чым, фактычна, зьнішчыць, альбо проста зьнішчыць”.

Нагадаем, сёлетняя Асамблея няўрадавых арганізацый ды ініцыятываў адбылася пасьля пяцігадовага перапынку. За гэты час былі зачынены ўладамі каля 300 грамадзкіх аб’яднаньняў. Нават
за сам факт працы ў Асамблеі была спроба прыцягнуць да адказнасьці як асобныя арганізацыі, так і актывістаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG