Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перапоўненыя склады, праблемы са збытам прадукцыі, магчымыя скарачэньні працаўнікоў ды прымусовыя выправы ў адпачынак сваім коштам — найбольш відавочныя прыкметы эканамічнага крызісу ў Беларусі.


Акцыянэрнае таварыства “Гомельдрэў” — найбуйнейшы ў Беларусі вытворца корпуснай, офіснай, мяккай мэблі, багету — працуе чатыры дні на тыдзень. Прадпрыемства ня можа рэалізаваць вырабленую прадукцыю на рынках Расеі і Ўкраіны. Загад генэральнага дырэктара Генадзя Каротчанкі людзі ўспрынялі як непазьбежнасьць. Гаворыць рабочы, спадар Мікалай:

“Падышлі й сказалі: ад сакавіка на чатыры месяцы — сакавік, красавік, травень і чэрвень — пераходзім на чатырохдзёнку. Пятніца — выходны. Пішыце заявы наконт прадастаўленьня на гэты дзень неаплачанага адпачынку”.

Пра новы расклад працы — намесьніца генэральнага дырэктара ў пытаньнях эканомікі Вольга Халупава:

“Сытуацыі ўсялякія бываюць. Гэта ж не пастаянная сытуацыя. Мы бачым з гэтага выйсьце. Усё будзе нармальна. Будзем жыць і будзем, як кажуць, працаваць”.
Было “бруднымі” 600 тысяч рублёў, будзе 400—450 тысяч....

Перавод прадпрыемства на няпоўны працоўны тыдзень адчувальна ўдарыць па заробках мэбляроў. Спадар Міхаіл, які працуе тут 15 гадоў, кажа, што чатырохдзёнка — гэта мінус тысяч сто пяцьдзясят заробку. Было “бруднымі” 600 тысяч рублёў, будзе 400—450 тысяч.

***

Наступствы крызісу пачалі адчуваць страхавыя кампаніі.
Супрацоўнікі зьвязваюць свае цяжкасьці з агульнымі праблемамі ў эканоміцы. Найбольш цярпяць арганізацыі, якія спэцыялізуюцца на назапашвальных відах страхаваньня. Сярод іх — дзяржаўнае страхавое агенцтва “Стравіта”:

“Праца па нашых відах патрабуе грашовага абароту на прадпрыемствах. Тут узносы павінны паступаць штомесяц. Адсюль — наяўнасьць грашовых сродкаў у прадпрыемстваў павінна быць пастаяннай. А паколькі цяпер становішча прадпрыемстваў нестабільнае, то стала цяжэй працаваць”.
ратуе абавязковы характар некаторых страховак ...

Арганізацыі, якія спэцыялізуюцца на рызыкоўных відах страхаваньня, таксама маюць праблемы. Аднак іх ратуе абавязковы характар некаторых страховак — напрыклад, страхаваньня транспартных сродкаў:

“Праблемы ўзьнікаюць толькі з арганізацыямі, але й яны вышукваюць сродкі. Гэта ж абавязковае страхаваньне. Аднак цяжкавата стала. Хочаш ня хочаш, калі машына ёсьць і трэба езьдзіць, то трэба шукаць і плаціць. Інакш штрафы давядзецца плаціць яшчэ большыя. Дзяржаўтаінспэкцыя спыняе — і пяць базавых велічыняў штраф, а гэта даражэй, чым поліс гэты страхавы”, — зазначае супрацоўнік страхавой арганізацыі “Таск”.

***

У першыя дні вясны, калі яшчэ па савецкай завядзёнцы адзначаецца жаночы дзень 8 Сакавіка, жыхары Магілёва далі свой адказ на пытаньне: каму ў крызіс даводзіцца цяжэй — мужчынам ці жанчынам?

Спадар: “Жанчынам, канечне. Працу знайсьці цяжэй. Асабліва ў Магілёве. Быў бы такі прамысловы горад, што й прадукцыя прадавалася б з заводаў, было б нашмат лепей. А калі заводы спыняюцца, то, натуральна… Павінны мужчыны забясьпечваць”.

Спадарыня: “Усім аднолькава. Мужчына сваю ролю выконвае, у яго свае праблемы зьявіліся. А ў жанчын даволі сваіх праблемаў. Каб сям’я жыла ў дастатку. А што, у нас праблемы дзеляцца на мужчынскія і жаночыя?”

Юнак: “Няма адрозьненьня, дзе мужчыны, а дзе жанчыны. Кожны чалавек — гэта перадусім чалавек. І тым, і тым жывецца ня дужа й лёгка. Так уладкаваны сьвет, што дамінуюць мужчыны. Жанчыны па сутнасьці сваёй — хатнія гаспадыні. Галоўнае, каб мужчына для яе быў добрым”.

Спадарыня: “Наагул, жанчынам у нас цяжэй. Па-першае, няма ўпэўненасьці ў заўтрашнім дні. Найперш скарачаюць жанчын на працы. У сям’і можа быць ня ўсё стабільна. У асноўным нагрузка падае на жанчын”.

Спадар: “Маёй жанчыне не лягчэй, чым мне. Яна робіць гэтаксама шмат працы. У нас зь ёй сумесны бізнэс. Да таго ж жанчыне, акрамя працы, трэба яшчэ мамай быць у сям’і, як высьвятляецца”.

Спадарыня сталага веку: “Жанчыне цяжэй. Усё на яе плячах. І нават мужчыны”.

Спадар сталага веку: “Калі сям’я моцная, то сям’я павінна выжываць у любых сытуацыях. І мужчына павінен жанчыне дапамагаць, каб ёй было лягчэй, бо і так па хатняй гаспадарцы ў яе хапае працы без усяго гэтага”.

***

У райцэнтры Сянно на Віцебшчыне заняпад мясцовай эканомікі прыхарошваюць цытатамі з Лукашэнкі. Лёзунгі на інфармацыйных шчытах спраўна абнаўляюцца пасьля зьяўленьня новых дырэктываў. Аднак у рэальнасьці рапартаваць пра дасягненьні, як кажа мясцовы актывіст Алег Шумкоў, падставаў няма:

25% працаздольных — гастарбайтэры ў Расеі”...
“На малаказаводзе адбыліся скарачэньні. Сьпіртзавод Віцебску аддалі. Тут увогуле майстроў адшукаць цяжка. 25% працаздольных — гастарбайтэры ў Расеі”.

Камэнтар актывіста апазыцыі з суседняга Талачынскага раёну Мікалая Петрушэнкі, які аб’езьдзіў рэгіён у часе апошніх выбарчых кампаній:

Мікалай Петрушэнка
“Чыноўнікі — страшэнна далёкія ад народу. Яны даўно служаць адзін аднаму: ніжэйшы — вышэйшаму. І ўсе недахопы хаваюць па такой жа падпарадкаванасьці”.

У Бабруйску крызіс таксама выяўляецца ў вулічнай рэкляме, але іншым чынам — праз спад актыўнасьці ў гэтай галіне. У рэклямных арганізацыях гэта зьвязваюць з агульным спадам у эканоміцы:

“Гэта зьвязана з глябальнай эканоміяй на ўсім — на рэкляме ў першую чаргу. Калі нестае грошай на самае неабходнае, дык тут ужо паўстае адзінае пытаньне — як выжыць. На маю думку, гэтае падзеньне будзе працягвацца да восені. Пры канцы году будзе нейкая стабілізацыя. І, напэўна, пад канец наступнага году мы выйдзем на ўзровень канца 2008 году”.

У Смаргоні на Гарадзеншчыне нават актыўная рэкляма наўрад ці дапаможа заводу аптычнага станкабудаваньня. Тут ужо скарачаюць працоўны тыдзень.

***


Сёлета завод аптычнага станкабудаваньня, як паведаміў старшыня прафкаму Мікалай Петушкоў, ня мае экспартных паставак:

“Вось каб нехта нам вырашыў праблему з гігакалёрыямі, то было б лягчэй, а так мы за цяпло плацім у тры разы даражэй, чым у Менску й Горадні. Чаму так? Таму што нехта павінен пакрываць выдаткі, што адпускаюцца на раён. Наша прадпрыемства лічыцца буйным у рэгіёне і атрымлівае цяпло ад ЖКГ”.

Рабочы заводу, спадар Уладзімер распавядае, што заробкі на прадпрыемстве ўжо даўно невялікія — 500—600 тысяч рублёў:

“У нас тут да 40% пэнсіянэраў працуюць. Дык яны й не абураюцца, бо ім да пэнсіі дапрацаваць нармальна. А ў малодшых ужо даўно цярпеньне лопнула, і яны пасыходзілі. Засталіся пераважна вэтэраны”.

***


Памнажаюць наступствы крызісу абмежавальныя захады замежных партнэраў. Фэдэральная служба вэтэрынарнага і фітасанітарнага нагляду Расеі ўзмацніла кантроль за пастаўкамі мяса зь Беларусі. Паўтара дзясятка прадпрыемстваў прыпынілі экспарт ялавічыны і сьвініны. У лядоўнях мясакамбінатаў назапашаныя дзясяткі тысяч тон мяса. Тлумачыць сытуацыю начальнік Гомельскай абласной вэтэрынарнай станцыі Віктар Курапатаў:

“У нас зачыненыя два прадпрыемствы паводле праверкі якасьці прадукцыі расейскім бокам. Але гэта яшчэ ня сьведчыць, што там вырабляецца дрэнная прадукцыя. На ўсіх нашых прадпрыемствах ажыцьцяўляецца рэгулярны штодзённы кантроль. На кожны від прадукцыі афармляецца сэртыфікат якасьці”.
ад спыненьня гандлю з Расеяй утварыліся запасы сьвініны — каля 400 тон...

На Слонімскім мясакамбінаце на Гарадзеншчыне ад спыненьня гандлю з Расеяй утварыліся запасы сьвініны — каля 400 тон. Гаворыць загадчыца зьнешнеэканамічнага аддзелу мясакамбінату Эльжбета Бранцэвіч:

“Слонімскі, як і гомельскія мясакамбінаты, закрыты расейскім вэтнаглядам на падставе таго, што ў мясе знойдзены нейкія дробныя адсоткі антыбіётыкаў. Згодна з дакумэнтамі, гэта не дапускаецца, і таму мы закрытыя для паставак на экспарт”.

***

У пятніцу ў Міністэрстве эканомікі Беларусі на паседжаньні рабочай групы ў вырашэньні праблемных пытаньняў было агучана, што ва ўмовах крызісу прыхаванае беспрацоўе павялічылася да паўмільёна чалавек.

Пра ход паседжаньня праінфармаваў прадпрымальнік Анатоль Зьмітровіч:

Прыхаванае беспрацоўе ў Беларусі зараз дасягае рэальна 5%. А Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прыняло пастанову, якая даводзіць на месцы пляны па нарматыве ўзроўню беспрацоўя. Калі ў якім населеным пункце 1% ці 2% беспрацоўных ад колькасьці актыўнага насельніцтва, то гэта нібыта нармальна. А астатнія беспрацоўныя куды дзенуцца?”

Былы палітвязень і адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Валеры Леванеўскі сочыць за станам бізнэсу ў краіне. Наколькі рэальна, што беспрацоўныя пойдуць у прадпрымальнікі?

“Адназначна не, таму што толькі чалавек наіўны можа рэгістравацца прадпрымальнікам. Рэч у тым, што апроч спрошчанай працэдуры рэгістрацыі павінны быць адпаведныя ўмовы: заканадаўства спрошчанае, а самае галоўнае — маленькія падаткі”.
XS
SM
MD
LG