Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці вытрымала Беларусь выпрабавальны тэрмін?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”, эфір 6 сакавіка.

Валер Карбалевіч
Прыйшоў час прымаць важныя рашэньні аб пэрспэктывах дачыненьняў паміж Беларусьсю і Захадам. Якія вынікі паўгадавога дыялёгу паміж Менскам і Брусэлем? Што выступае галоўным чыньнікам гэтых стасункаў: геапалітыка ці дэмакратыя? Ці адчуваюцца рознагалосьсі паміж ЗША і Эўразьвязам у дачыненьні да Беларусі?

Удзельнікі: экспэрт Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Каміл Клысінскі з Варшавы і шэф-рэдактар газэты “Наша Ніва” Андрэй Дынько зь Менску.

Вынікі паўгадавога дыялёгу

Валер Карбалевіч: “Заканчваюцца паўгода, якія даў Эўразьвяз (ЭЗ) афіцыйнаму Менску ў якасьці выпрабавальнага тэрміну. Надышоў час прымаць важныя рашэньні і адносна лёсу прыпыненых на паўгода візавых санкцый у дачыненьні да найвышэйшых беларускіх чыноўнікаў, і адносна ўключэньня Беларусі ў праграму “Ўсходняе партнэрства”.

Што тычыцца дыягназу палітычнай сытуацыі ў Беларусі, то ў незалежных беларускіх і эўрапейскіх палітыкаў і экспэртаў вялікіх разыходжаньняў няма. Ёсьць касмэтычныя захады, але няма сыстэмных зьменаў. А вось высновы з гэтага дыягназу палітыкі і экспэрты робяць розныя. Ці то адмяняць санкцыі, ці вяртаць іх, ці захаваць статус-кво яшчэ на шэсьць месяцаў? Цяпер па гэтым пытаньні адбываюцца дыскусіі, адна зь іх прайшла днямі ў Брусэлі. Дык ці шклянка напалову пустая, ці напалову поўная?“

Каміл Клысінскі:
Існуе рызыка, што Лукашэнка верне ранейшыя ўмовы гульні, то бок будзе “прадаваць” Захаду палітвязьняў за канкрэтныя крокі ў адказ.
Я лічу, што шклянка напалову пустая. Нават касмэтычных саступак беларускі рэжым не зрабіў. Напрыклад, ёсьць небясьпека зьяўленьня новых палітзьняволеных. А гэта ж ёсьць галоўная ўмова ЭЗ. Існуе рызыка, што Лукашэнка верне ранейшыя ўмовы гульні, то бок будзе “прадаваць” Захаду палітвязьняў за канкрэтныя крокі ў адказ.

Таму я лічу, што пры прыняцьці рашэньняў трэба ўлічваць прапанову Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, які лічыць, што трэба працягнуць прыпыненьне санкцый яшчэ на паўгода. Трэба пачакаць“.

Пераход у “шэрую зону”

Андрэй Дынько
Андрэй Дынько: “Трэба, каб ЭЗ праводзіў такі курс, каб у Беларусі пасьлядоўна адбываліся перамены, каб зьменшыць магчымасьці прарасейскіх сілаў у Беларусі, якія намагаюцца сарваць працэс збліжэньня нашай краіны з ЭЗ.

На мой погляд, кіроўная эліта Беларусі адназначна зрабіла свой выбар на карысьць пераходу з расейскай зоны ўплыву, з статусу расейскага сатэліта ў «шэрую зону» паміж Расеяй і ЭЗ. Пры гэтым кіроўная каманда імкнецца зрабіць гэты пераход такім чынам, каб ён не прывёў яе да палітычнага разгрому і прыніжэньня.

Але нейкія крокі беларускіх уладаў унутры краіны не паддаюцца рацыянальнаму тлумачэньню. Вось, напрыклад, нумар часопісу «Аrche», прысьвечаны гісторыі Беларусі, прызнаны «экстрэмісцкім». Гэта праява мысьленьня таталітарнай пары.

Альбо ўчора балюча ўразіла пазбаўленьне акрэдытацыі карэспандэнта самага ўплывовага друкаванага выданьня Польшчы «Gazeta Wyborcza» Анджэя Пачобута. І гэта робіцца акурат напярэдадні важных рашэньняў, якія павінен прыняць ЭЗ адносна Беларусі. І каму гэта выгадна?“

Геапалітыка ці дэмакратыя?

Карбалевіч: “Пытаньне, якое актыўна дыскутуецца апошнім часам, гэта пытаньне пра галоўныя чыньнікі, якія ляжаць у аснове палітыкі ЭЗ у дачыненьні да Беларусі. Праблема геапалітыкі ці праблема дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі зьяўляецца галоўным фактарам у стасунках Брусэлю і Менску?”

Вось камісар Эўразьвязу ў зьнешніх сувязях і эўрапейскай палітыцы Бэніта Фэрэра-Вальднэр і міністар замежных спраў Чэхіі (краіны, якая цяпер старшынюе ў ЭЗ) Карэл Шварцэнбэрг заявілі, што менавіта ад таго, як вырашыць Беларусь пытаньне прызнаньня ці непрызнаньня Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, залежыць яе ўключэньне або неўключэньне ў праграму “Ўсходняе партнэрства”. То бок гэта ясны сыгнал, што не праблема дэмакратыі, а пытаньне геапалітыкі вылучаецца на першы плян.

А вось дырэктар лёнданскага Цэнтру эўрапейскіх рэформаў Чарлз Грант, наадварот, лічыць, што пытаньне дэмакратыі ў Беларусі мае для Эўропы большае значэньне, чым прызнаньне Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. А на вашу думку, які чыньнік тут пераважае?“

Клысінскі: “Так, такі канфлікт паміж пытаньнямі геапалітыкі, эканомікі і дэмакратыі ў ЭЗ існуе, і ён будзе працягвацца. Пачаткам дыялёгу сталі падзеі вайны паміж Расеяй і Грузіяй, новыя геапалітычныя і эканамічныя выклікі. Але, зь іншага боку, ЭЗ вымушаны прымаць пад увагу праблему правоў чалавека ў Беларусі, бо гэтая каштоўнасьць ляжыць у аснове існаваньня ЭЗ. Розныя дзяржавы Эўразьвязу займаюць розныя пазыцыі. Думаю, рашэньне будзе вынікам сярэдняга вэктару гэтых пытаньняў, гэтага канфлікту.

Менск добраахвотна прызнаваць Паўднёвую Асэтыю і Абхазію ня будзе.
Што тычыцца прызнаньня Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Думаю, чыноўнікі ЭЗ не разумеюць да канца, што самому Лукашэнку нявыгадна прызнаваць гэтыя рэспублікі. Калі ціск з боку Масквы ня будзе моцным, а патрэба ў крэдытах таксама ня будзе вострай, то Менск добраахвотна прызнаваць Паўднёвую Асэтыю і Абхазію ня будзе. Лічу, што гэтае пытаньне ў пляне дачыненьняў Беларусі і ЭЗ зьяўляецца другасным“.

Дынько: “Усё залежыць ад эканамічных і палітычных колаў, якія ўплываюць на дыпляматыю той ці іншай краіны ЭЗ. Мы ведаем агідныя прыклады, калі эўрапейскія палітыкі, не пасьпеўшы сысьці з выбарных пасадаў, купляліся на вялізныя ганарары расейскага «Газпрому». Гэта моцна падрывае давер да дэмакратыі ў самой Эўропе. Разумеючы важнасьць геапалітычнага выбару, хачу адзначыць, што «Realpolitik» у ХХІ стагодзьдзі мае кароткія рукі”

Розьніца паміж ЗША і ЭЗ адносна Беларусі

Карбалевіч: “Вось зьявілася паведамленьне, што прадстаўніцтва ЗША ў АБСЭ асудзіла зьяўленьне новых палітвязьняў, разгон вулічных акцый і гвалтоўны прызыў у войска моладзевых актывістаў. Афіцыйныя асобы і органы ЭЗ такіх жорсткіх заяваў не рабілі. Падаецца, што прагрэсу ў дачыненьнях паміж ЗША і Беларусьсю няма. Захоўваюцца амэрыканскія санкцыі, дзейнічаюць абмежаваньні на колькасьць амэрыканскіх дыпляматаў у Беларусі. Ці адчувальныя рознагалосьсі паміж ЗША і Эўразьвязам у дачыненьні да Беларусі?”

Клысінскі: “Відавочна, ёсьць розьніца паміж палітыкай ЗША і ЭЗ адносна Беларусі. У Злучаных Штатаў няма такіх моцных сувязяў зь Беларусьсю, як у ЭЗ — асноўнага эканамічнага партнэра Беларусі. ЗША заўсёды праводзілі больш прынцыповую палітыку ў пытаньнях правоў чалавека, чым Эўропа. Ня думаю, што пры новай амэрыканскай адміністрацыі гэтая палітыка моцна зьменіцца.

Не пагаджуся, што ніхто ў ЭЗ не асудзіў апошнія рэпрэсіўныя крокі беларускіх уладаў. Ацэнкі дэпутатаў Эўрапарлямэнту, якія наведалі нядаўна Беларусь, былі даволі жорсткімі.
Для ЭЗ страта ўплыву на Беларусь будзе прыкрай, але не вырашальнай.
Напрыклад, польскі дэпутат Эўрапарлямэнту Яцэк Пратасевіч сказаў, што калі б ад яго залежала рашэньне аб санкцыях, то яно б было адмоўнае“.

Дынько: “Вялікую павагу выклікае пазыцыя Нідэрляндаў і Мальты, якія працягваюць увязваць разьвіцьцё беларуска-эўрапейскіх адносінаў з пытаньнем правоў чалавека ў Беларусі.

Паляпшэньне дачыненьняў паміж Захадам і Беларусьсю мае ключавое значэньне для нашай краіны. Ізаляцыя на заходнім фронце будзе азначаць вялікія эканамічныя цяжкасьці. А для ЭЗ страта ўплыву на Беларусь будзе прыкрай, але не вырашальнай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG