Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка сэрбам: “Мы абавязкова вам дапаможам”


Аляксандар Лукашэнка, які каля тыдня знаходзіўся на гарналыжным сэрбскім курорце Капаонік, сёньня перад адлётам на радзіму даў прэсавую канфэрэнцыю для журналістаў у аэрапорце гораду Ніш. Прыкладна а пятай гадзіне вечара самалёт кіраўніка Беларусі прызямліўся ў аэрапорце “Менск-2”.

Перад адлётам з курорту Капаонік Лукашэнка адказаў на пытаньні сэрбскіх і беларускіх журналістаў. Зьвяртаючыся да балканскага народу, кіраўнік Беларусі параіў вырашаць самім сэрбам свае праблемы, а не чакаць дапамогі звонку.

“Ня трэба спадзявацца, што гэта зробіць Эўропа”, — падкрэсьліў ён.

Лукашэнка таксама расказаў пра посьпехі ў Беларусі, якія адбыліся за час яго праўленьня:

У той час як я прыйшоў да ўлады, на 100 чалавек прыпадала 50 беспрацоўных.
“Сёньня на 100 чалавек прыходзіцца толькі 1 беспрацоўны, у той час як я прыйшоў да ўлады, на 100 чалавек прыпадала 50 беспрацоўных”.

Беларускі прэзыдэнт падзяліўся “простымі”, зь яго гледзішча, рэцэптамі: “Усе ад мэра да прэзыдэнта павінны ўдзельнічаць у стварэньні працоўных месцаў і ва ўмацаваньні эканомікі”.

Зьвяртаючыся да сэрбаў, ён дадаў: “Калі мы ў гэтым можам дапамагчы вам, мы вам абавязкова дапаможам”.

Лукашэнка зазначыў, што для Беларусі далёка ня проста рабіць рэформы, улічваючы былое стаўленьне да яе з боку Эўразьвязу і цяперашняга з боку ЗША. Паводле ягоных словаў, “адной з прычынаў такога стаўленьня была ягоная, Лукашэнкава, “пазыцыя да незалежнасьці Косава і бамбаваньня Югаславіі”.

Што да прызнаньня Менскам незалежнасьці Абхазіі ды Паўднёвай Асэтыі, то гэтае пытаньне, паводле кіраўніка Беларусі, будзе вырашаць парлямэнт. А ён, Лукашэнка, не зьбіраецца навязваць дэпутатам уласнай пазыцыі.

Беларускі прэзыдэнт заявіў, што разам з сэрбскім урадам і бізнэсоўцамі ў Капаоніку было дамоўлена пра фармаваньне рабочай групы ў складзе 10 — 15 дзелавых людзей, якія будуць распрацоўваць канкрэтныя сумесныя эканамічныя праекты.

На пытаньне карэспандэнта Беларускага тэлебачаньня, колькі людзей яго суправаджала ў паездцы, Лукашэнка заявіў, што значна меней, чым пісалі пра гэта сэрбскія СМІ: усяго пара-тройка чалавек, якія гарантавалі яму бясьпеку ў дзьве зьмены.

Паводле сэрбскіх выданьняў, у аэрапорце Лукашэнку суправаджаў адзін з сэрбскіх братоў-бізнэсоўцаў Карычаў Драгамір.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG