Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахта Лоб’якас, палітычны аглядальнік і шматгадовы карэспандэнт Радыё Свабода ў Брусэлі, лічыць, што Эўразьвяз стаіць перад надзвычай цяжкай задачай вызначэньня сваёй доўгатэрміновай палітыкі ва ўсходнім накірунку.

І адным з найбольш праблемных пытаньняў гэтай палітыкі зьяўляецца ўлучэньне (або адмова ўлучэньня) Беларусі ва Ўсходняе партнэрства.

Паводле Лоб’якаса, пераважная большасьць сяброў Эўразьвязу хоча ў гэтым месяцы прадоўжыць прыпыненьне візавых санкцый супраць звыш 40 беларускіх чыноўнікаў на наступныя шэсьць месяцаў.

Большасьць краінаў Эўразьвязу таксама лічыць, што Беларусь мусіць знайсьці сваё месца ў доўгатэрміновай усходняй палітыцы Брусэлю. На саміце Эўразьвязу 19-га і 20-га сакавіка будзе вырашацца лёс запрашэньня шасьці постсавецкіх дзяржаваў да ўдзелу ў гэтак званым Усходнім партнэрстве. Супрацоўніцтва ў рамках Усходняга партнэрства можа прывесьці да падпісаньня дамоваў аб вольным гандлі і бязьвізавым рэжыме паміж Эўразьвязам ды Азэрбайджанам, Армэніяй, Беларусьсю, Грузіяй, Малдовай і Ўкраінай. У значна далейшай пэрспэктыве, калі ўдзельнікі Ўсходняга партнэрства пагодзяцца прывесьці сваё заканадаўства ў адпаведнасьць з эўрапейскім, дарога да поўнага сяброўства ў Эўразьвязе можа для іх значна скараціцца.

Паводле Лоб’якаса, у дыскусіях у Бруселі пра Беларусь эўрапейскія каштоўнасьці ўваходзяць у канфлікт з эўрапейскімі інтарэсамі. Усе дакладна сабе ўсьведамляюць, што стан правоў чалавека ў Беларусі ніжэй усіх эўрапейскіх стандартаў. Але геапалітычны інтарэс — магчымасьць наблізіць Беларусь да Эўропы і ўчыніць яе крыху больш незалежнай ад Расеі пры дапамозе Ўсходняга партнэрства — прымушае эўрапейцаў часова заплюшчыць вочы на гэты стан. Нават Нідэрлянды і Ірляндыя, якія найбольш пасьлядоўна прасоўваюць правы чалавека ў адносінах Эўразьвязу з усходам, цяпер пагаджаюцца, як кажа Лоб’якас, з маўклівай большасьцю ў Эўразьвязе, што трэба ангажаваць Беларусь.

Паводле карэспандэнта нашага радыё ў Брусэлі, нават магчымае прызнаньне Беларусьсю незалежнасьці сэпаратысцкіх Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі хутчэй за ўсё ня станецца неадольнай перашкодай для Эўразьвязу, каб далучыць Беларусь да Ўсходняга партнэрства.

Адно, чаго ня ведаюць і чаго баяцца ў Бруселі, гэта, на думку Лоб’якаса, спосаб, у які Аляксандр Лукашэнка можа павесьці сябе ў Празе ў траўні, калі яго запросяць на супольны саміт Эўразьвязу і ўдзельнікаў Усходняга партнэрства. Ніхто не спадзяецца, што Лукашэнка пакаецца за свае грахі ў Празе. Але шмат хто ў Брусэлі баіцца, што Лукашэнка можа выкарыстаць нагоду, каб паказаць сьвету, што ён там роўны сярод роўных.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG