Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь гатовая прыняць чэмпіянат сьвету па хакеі


Уладзімер Навумаў і Эрнэст Альянчыч каля прапанаванага лягатыпу чэмпіянату сьвету-2014

Уладзімер Навумаў і Эрнэст Альянчыч каля прапанаванага лягатыпу чэмпіянату сьвету-2014

У Менску прэзэнтаваны лягатып хакейнага чэмпіянату сьвету 2014 году, на правядзеньне якога ўжо трэці раз падае заяўку Беларусь.

Эмблему з традыцыйным для падобных першынстваў хакеістам у цэнтры выявы прадэманстравалі журналістам старшыня Фэдэрацыі хакею Беларусі Ўладзімер Навумаў і кіраўнік заявачнага камітэту Міжнароднай фэдэрацыі хакею Эрнэст Альянчыч. Цягам двух дзён хакейны чыноўнік са Славеніі знаёміўся з інфраструктурай беларускіх гарадоў, якія маюць тэарэтычныя шанцы празь пяць гадоў прыняць чэмпіянат сьвету.

Канчатковае рашэньне ў выбары краіны-гаспадыні сусьветнага першынства 2014 году будзе абвешчанае сёлета ў траўні на паседжаньні Кангрэсу Міжнароднай фэдэрацыі хакею. Канкурэнты Беларусі ў барацьбе за адзіную вакансію — Латвія, Чэхія, Вугоршчына і Ўкраіна. Хакейны эмісар Эрнэст Альянчыч яшчэ на пачатку сустрэчы папярэдзіў, што прыехаў у Менск не крытыкаваць арганізатараў, а дапамагаць ім. І патлумачыў, як праходзіць адбор кандыдатаў на права прыёму сусьветнага першынства:

“Найперш усё пачынаецца з такога візыту, зь якім у Менск прыехаў я. Затым 17 сакавіка будзе прэзэнтацыя краінаў перад заявачным камітэтам Міжнароднай фэдэрацыі хакею. Апошні этап — прэзэнтацыя на Кангрэсе і галасаваньне яго сябраў, якія вырашаць, хто ж атрымае права на правядзеньне чэмпіянату сьвету. Сярод плюсоў Беларусі я ў першую чаргу адзначыў бы беларускую гасьціннасьць. Вельмі станоўчае стаўленьне да людзей, якое я сам адчуў, і характар беларусаў. Апроч таго, за апошнія два гады Беларусь зрабіла вялізны прагрэс. Не магу сказаць, што я зьдзіўлены. Магу толькі павіншаваць Фэдэрацыю хакею, якая добра ўсё падрыхтавала”.

Старшыня Фэдэрацыі хакею Беларусі Ўладзімер Навумаў лічыць, што пасьля дзьвюх папярэдніх няўдачаў трэцяя спроба павінна аказацца пасьпяховай. На думку Навумава, для прыёму наймацнейшых камандаў сьвету амаль усё гатова — узьвядзеньне 15-тысячнай “Мінск-арэны” ідзе да заканчэньня, адпавядае міжнародным патрабаваньням пляцоўка ў Бабруйску. Нягледзячы на фінансавы крызіс, сёлета пачнецца будаўніцтва 8-тысячнай арэны ў менскім мікрараёне Чыжоўка. Архітэктурны праект будзе прэзэнтаваны ў Цюрыху:

Для правядзеньня чэмпіянату сьвету ў нас дастаткова пляцовак.
“Для правядзеньня чэмпіянату сьвету ў нас дастаткова пляцовак. Ужо ёсьць арэна ў Бабруйску — гэта добрая арэна, якая цалкам упісваецца ў рамкі правядзеньня чэмпіянату такога ўзроўню. Але ў цэлым дзеля разьвіцьця хакею мне вельмі хочацца, каб і ў розных частках Менску таксама зьяўлялася адпаведная спартовая інфраструктура. Таму будзе будавацца і другая арэна ў сталіцы. І ў мяне няма сумневу, што праз два гады ў Чыжоўцы будзе арэна, таму што гэта ў дзясяткі разоў прасьцейшы праект, чым «Мінск-арэна». Пры гэтым арэна ў Чыжоўцы ў канчатковым варыянце будзе выглядаць дакладна гэтак жа, як у Бабруйску. Той жа самы праект мы пераносім сюды, толькі дадаём тысячу месцаў і два разьміначныя каткі. Але ўжо сёньня ўсё ёсьць для таго, каб чэмпіянат сьвету праводзіць”.

Нягледзячы на няпэўнасьць з выбарам месца правядзеньня хакейнага чэмпіянату-2014, сёньня прэзэнтаваны лягатып спаборніцтваў. Эмблема вытрыманая ў каляровай гаме дзяржаўнай сымболікі: чырвоны хакеіст на белым полі зь зялёнымі бліскаўкамі вокал сябе. Нейкай навізны ўбачыць не ўдалося, паколькі відавочныя перапевы з лэйбламі мінулых першынстваў. Ці давядзецца скарыстаць гэтую дызайнэрскую распрацоўку — невядома. Шанцы Беларусі спадар Альянчыч ацэньвае дыпляматычна:

“У кожнай краіны ёсьць нешта сваё, адметнае. І што тычыцца працэдуры, то гэта як гульня, як матч. Калі разглядаць з такой пазыцыі, то ўсе пяць краінаў знаходзяцца на адной лініі, яны толькі пачынаюць гульню. Яны ўступаюць у змаганьне, і шанцы на посьпех маюць усе”.

2014 год — алімпійскі. Шмат хто лічыць, што такая накладка ніяк не паспрыяе цікавасьці да чэмпіянату сьвету, бо ўся ўвага будзе зьвернутая на Алімпіяду. Аднак Уладзімер Навумаў не хавае, што такі расклад — рэальны шанец для Беларусі, каб скочыць вышэй за галаву:

“Я ніякі год не лічу меней прэстыжным. Цікавасьць заўзятара не зьмяншаецца ад нейкіх абставінаў. Да таго ж на Алімпійскія гульні ня ўсе наймацнейшыя могуць прыехаць, а на чэмпіянат якраз прыедуць усе гранды. Мы ўжо нават сёньня абмяркоўвалі даты і вырашылі, што крыху пазьней арганізуем свой чэмпіянат сьвету — у першай дэкадзе траўня, каб змаглі прыехаць усе гульцы. Ну, і, як пераконваюць мяне беларускія хакейныя спэцыялісты, гэта досыць цікава будзе для нас саміх: атрымаўшы чэмпіянат-2014, мы будзем ставіць задачу заваяваць мэдалі з разьлікам на тое, што, магчыма, каманды прыедуць крыху слабейшыя. Гэта наш шанец выступіць лепей. Ня столькі гульцоў прыцягнуць з НХЛ, хоць сёньня пытаньне — ці будуць «энхаэлаўцы» выступаць на Алімпіядзе ў Сочы — пакуль застаецца адкрытым”.

На чэмпіянаце сьвету Менск разьлічвае зарабіць ня меней за 50 мільёнаў даляраў. На некалькі мільёнаў плянуе пабагацець хакейная фэдэрацыя.

Гаворыць Эрнэст Альянчыч

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG