Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька рэагуе на дыскусію чытачоў сайту Свабоды


Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Інфармацыя пра зварот А. Лябедзькі да генпракурора з патрабаваньнем праверыць законнасьць выкарыстаньня дзяржаўных сродкаў пад час адпачынку А. Лукашэнкі ў Сэрбіі выклікала дыскусію нашых чытачоў.

Некаторыя выказвалі прэтэнзіі самому Анатолю Лябедзьку і асабліва цікавіліся акалічнасьцямі атрыманьня ім менскай кватэры.

Сёньня спадар Лябедзька адрэагаваў на гэтую
дыскусію.

Лябедзька:
Лічу, што мой зварот у нейкім сэнсе выканаў сваю функцыю: пачалася дыскусія. І думаю, што яна будзе мець працяг. Калі мы гаворым, што жывём у свабоднай краіне, то нам як мінімум патрэбная свабодная дыскусія наконт таго, ці павінны, па-першае, выконвацца законы, а па-другое, грамадзкі і грамадзянскі кантроль над уладай. Вось што галоўнае я хацеў сказаць, заявіць сваім зваротам у пракуратуру.

Пакуль у нас ня будзе грамадзкага кантролю над уладай, у нас будуць дыскусіі і самыя розныя аповяды, але мы не атрымаем ніколі інфармацыі.

Што датычыць зьместу дыскусіі – кожны чалавек мае права на свой падыход. Магу толькі сказаць адно: калі вырашалася пытаньне выдзяленьня дэпутатам Вярхоўнага Савету кватэр, я не галасаваў за гэта. Гэта лёгка праверыць таму самаму Дзімычу, бо захаваліся дакумэнты. Хаця з пункту гледжаньня сёньняшняга дня я не ўпэўнены, што рабіў правільна тады як малады дэпутат, бо ў дэпутата павінна быць эканамічная і палітычная незалежнасьць ад выканаўчай улады. Толькі тады ён зможа працаваць дзеля людзей і дзеля закону.

У нас 10 мільёнаў грамадзян і кожны мог адкрыта паставіць сваё прозьвішча і зьвярнуцца ў пракуратуру са сваім запытам.
Ну а самую галоўную адзнаку таго часу відаць даў усё-такі ашмянскі выбаршчык. Я быў адзін з нямногіх, хто не зьбег з акругі і балятаваўся там двойчы. У 1990-м годзе мяне падтрымалі 74 адсоткі выбаршчыкаў, а праз 5 гадоў, калі трэба было даваць справаздачу людзям за ўсё, што я рабіў у Вярхоўным Савеце, у сваёй выбарчай акрузе, гэта быў самы лепшы экзамэн. Тады 61 адсотак грамадзян, якія пражываюць у Ашмянскім раёне, аддалі свой голас мне. А выбар быў – 10 чалавек. Можна было выбраць і з кватэрамі і без кватэр і зь любой іншай прапіскай… Відаць яны ацэньвалі аб’ектыўна, бо тады ў нас абіралі, голас кожнага можна было падлічыць.

Дзякуй тым, хто разумее пытаньне і ня зводзіць яго да капаньня ў асабістым жыцьці. Я не капаюся ў асабістым жыцьці Аляксандра Лукашэнкі. Але сёньня Лукашэнка, а не Лябедзька, Казулін ці Мілінкевіч зьяўляецца кіраўніком дзяржавы. А калі ты прэтэндуеш на тое, каб быць кіраўніком дзяржавы, то ты павінен быць транспарэнтны і адкрыты. А закон павінен быць аднолькавы для ўсіх, незалежна ад таго, якую пасаду займаеш.

У нас 10 мільёнаў грамадзян і кожны мог адкрыта паставіць сваё прозьвішча і зьвярнуцца ў пракуратуру са сваім запытам. Гэта не палітычны піяр, гэта жаданьне мець грамадзкі кантроль над уладай. І пакуль гэтага ня будзе, я заўсёды будуць рабіць такія запыты, таму што мы эўрапейская краіна і павінны жыць па эўрапейскіх стандартах. Гэта маё перакананьне.

Дыскусію можна прачытаць ТУТ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG