Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканамічны крызіс адбіўся на фінансавых магчымасьцях апазыцыі, але разам з тым адкрыў дадатковае поле для агітацыйнай дзейнасьці сярод насельніцтва.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька кажа, што і ў дакрызісныя часы апазыцыя ня мела шмат сродкаў і ў сваіх кампаніях разьлічвала пераважна на бясплатную валянтэрскую працу.

“Але разам з тым апошнія падзеі накладаюць дадатковы адбітак на тыя складанасьці, у якіх жывуць апазыцыйныя палітычныя партыі. Бо насамрэч асноўная крыніца нашых даходаў — гэта ахвяраваньні прыватных асоб, людзей, якія належаць да малога ці сярэдняга бізнэсу”.

Паводле спадара Лябедзькі, АГП ва ўмовах крызісу вымушаная спыніць пошук новых партыйных офісаў, ахвяраваць якасьцю паліграфічнай прадукцыі, імкнучыся пры гэтым не зьмяншаць колькасьці агітацыйных матэрыялаў. Пляны партыі не карэктуюцца, проста яны будуць выконвацца больш сьціплымі сродкамі. І больш навідавоку будуць людзі, гатовыя працаваць за ідэю, зазначыў Анатоль Лябедзька.

Намесьнік старшыні БНФ Віктар Івашкевіч кажа, што з-за крызісу не ўдаецца арганізаваць масавую кампанію “Свабода слова” ў рамках кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сіл. Першапачаткова плянавалася правесьці масавую рэкляму незалежных беларускіх СМІ, але на гэта пакуль сродкаў не знайшлося. Што да партыйнай дзейнасьці БНФ, то крызіс пакуль не прымусіў спыняць праекты. Нават адкрыліся новыя магчымасьці, перакананы Віктар Івашкевіч:

“Я асабіста лічу, што Народны фронт павінен зараз сканцэнтраваць свае інфармацыйныя магчымасьці на растлумачальнай працы сярод работнікаў працоўных калектываў вялікіх прадпрыемстваў, якія спынілі сваю працу”.

Аднак, паводле спадара Івашкевіча, пакуль у апазыцыі няма поўнага адзінства ў думцы, ці варта заклікаць да сацыяльных выступаў ва ўмовах глябальнага эканамічнага крызісу.

Найбольш выразны прыклад стратаў апазыцыі ад крызісу — прыпыненьне выхаду газэты Партыі камуністаў “Товарищ”. Ня выйшлі ўжо тры нумары гэтага тыднёвіка. Прычына — адсутнасьць сродкаў на газэту ў партыйнай касе.

Рэдактар выданьня Сяргей Вазьняк кажа, што цяпер уся партыя шукае сродкі на газэту і спадзяецца, што неўзабаве выхад удасца аднавіць. Ад браку рэсурсаў цярпіць і іншая дзейнасьць партыі, кажа спадар Вазьняк:

“Вядома, калі меней сродкаў, то меней і магчымасьцяў праводзіць нейкія масавыя захады зь людзьмі, таму што гэта таксама каштуе грошай. Кудысьці паехаць у рэгіён, сустрэцца зь людзьмі — на ўсё гэта патрэбныя грошы. Натуральна, што фінансавы крызіс закрануў усе бакі жыцьця і зацягваць папругу даводзіцца па ўсіх кірунках”.

Разам з тым, як марксіст, спадар Вазьняк згадвае, што паводле закону дыялектыкі кожная зьява мае два бакі: нэгатыўны і пазытыўны. Для апазыцыі крызісная сытуацыя нясе і новыя магчымасьці:

“Яна лепшая тым, што ўзмацняюцца пратэстныя настроі людзей, меней даверу да ўлады, да яе абяцаньняў, гэта для нас плюс як для апазыцыйных партыяў, у нас болей магчымасьцяў працаваць зь людзьмі. Яны нас лепей разумеюць. Мы казалі, што палітыка ўладаў неэфэктыўная, і людзі цяпер пераконваюцца, што мы мелі рацыю”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG