Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнцкая адміністрацыя праігнаравала Асамблею


Bінцук Вячорка на Форуме

Bінцук Вячорка на Форуме

У Менску праходзіць Асамблея няўрадавых арганізацыяў і ініцыятываў.


Гэта ўжо шосты такі форум, але апошні раз асамблея, заснаваная ў 1997 годзе, зьбіралася ў 2004-м. У імпрэзе бярэ ўдзел больш за 200 дэлегатаў.

На адкрыцьці выступілі заснавальнікі асамблеі Аляксандар Патупа, Вінцук Вячорка і Аляксандар Мілінкевіч. Яны адзначылі, што асамблея — гэта добры сродак захаваць адзінства “трэцяга сэктару” і магчымасьць падзяліцца сваім досьведам.

Паводле спадара Вячоркі, асамблея — непаўторная арганізацыя паводле свайго геаграфічнага дыяпазону, а таксама паводле разнастайнасьці і колькасьці чальцоў.

Сёньня будзе зроблены агляд сытуацыі ў грамадзкім сэктары, прааналізавана ранейшая дзейнасьць асамблеі і рэалізацыя яе стратэгічнага пляну.

Старшыня рабочай групы асамблеі Сяргей Мацкевіч адзначыў, што гэты сход праводзіцца ў надзвычай важны час, які можа стаць “пэўнай адлігай у беларускім грамадзтве”.

Аднак падобна да таго, што ўлады праігнаравалі ўдзел у асамблеі. С.Мацкевіч паведаміў “Свабодзе”, што зьвяртаўся ў адміністрацыю прэзыдэнта, каб яе прадстаўнік узяў удзел у сходзе. Аднак дагэтуль нікога з адміністрацыі не заўважана.

Асамблея працягнецца два дні.
XS
SM
MD
LG